Значнае культурнае мерапрыемства на працягу амаль трох тыдняў аб’яднае тэатральныя калектывы з усёй краіны. Так, да 29 траўня гледачы змогуць убачыць 15 спектакляў, якія нагадаюць пра тое, якой дарагой цаной было здабыта мірнае неба над Беларуссю.
Паводле слоў першага намесніка міністра культуры Дзмітрыя Шляхціна, поспех фестывалю — у яго канцэпцыі і тэме.
— З дапамогай тэатральнага майстэрства мы паказваем вельмі важныя для разумення моманты Вялікай Айчыннай вайны, таму што падручнікі і навуковыя манаграфіі можна чытаць да бясконцасці, але на сцэне акцёры абуджаюць пэўныя пачуцці, чаго не дасягнуць ніякімі навуковымі даследаваннямі, — падзяліўся ён.
Таксама Дзмітрый Шляхцін зазначыў, што геаграфія фестывалю расце.
— У ім бяруць удзел не толькі вядучыя тэатральныя калектывы Беларусі, але і госці з блізкага замежжа. Спадзяемся, што з кожным годам іх будзе станавіцца ўсё больш, — сказаў ён.
Яскравым прыкладам стаў спектакль на кітайскай мове «А зоры тут ціхія», створаны ў Акадэміі мастацтваў з удзелам кітайскіх студэнтаў.
— Мы ведаем, што ў Кітаі гэты твор мае вялікую папулярнасць у публікі. І гэты спектакль таксама вельмі важны, бо фестываль становіцца поліфанічным, — падкрэсліў Дзмітрый Шляхцін.
Яшчэ ён дадаў, што з дапамогай тэатральнага мастацтва дзеячы культуры сапраўды могуць дастукацца да сэрца кожнага, хто прыйдзе ў тэатр, і найперш да моладзі.
— Гэта дапаможа ўсвядоміць маладым людзям, што Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца неад’емнай трагічнай і гераічнай часткай гісторыі беларускага народа, а наш менталітэт канчаткова сфармаваўся пасля вайны, калі мы зразумелі кошт міру і стварэння, — заключыў ён.
Адкрыў тэатральны фестываль беларускамоўны спектакль «Саня, Ваня, з імі Рымас» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатр імя Якуба Коласа з Віцебска. Рэжысёрам пастаноўкі стаў заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушоў, які сыграў у ёй адну з галоўных роляў.
— Мы прывезлі спектакль, прысвечаны ваеннаму часу, хоць пра вайну ў ім сказана мімаходзь. Пастаноўка зроблена па п’есе Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас». Гэта вельмі глыбокая і кранальная гісторыя. Дзеянне спектакля звязана з тым пакаленнем, якое зараз практычна адыходзіць. Але пакуль яны жывыя, жывыя і мы, таму што менавіта ваенныя і пасляваенныя пакаленні далі нам штуршок жыць далей, — падзяліўся ён. — Аўтар казаў, што ў гэтым спектаклі ён практычна нічога не прыдумаў, а толькі запісаў, што казалі яго цёткі і дзядзькі. Ёсць маленькія мастацкія ўкрапіны, але яны зроблены толькі для таго, каб злучыць сцэны.
Таксама Вячаслаў Грушоў прызнаўся, што даўно думаў пра гэтую п’есу, бо біяграфія яе герояў — гэта біяграфія яго бацькоў.
— На сцэне мы ажывім фатаграфіі, на якіх нашы продкі ў пасляваенны час таксама былі маладымі, жывымі, любілі і далі такое жыццялюбства нашаму пакаленню, што мы да гэтага часу яго ў сабе нясем, — заключыў ён.
На такой філасофскай і кранальнай ноце пачаўся маштабны тэатрыльны фестываль. Наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў. Напрыклад, апроч спектакляў, у праграму уключаны цікавыя майстар-класы для акцёраў, сцэнографаў, мастакоў і іншых творчых людзей, лекцыі, а таксама круглы стол тэатральных дзеячаў.
Лізавета Голад
Звязда, 13 траўня 2025
Звязда, 13 траўня 2025