https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Праблемы з глабальнай бяспекай звязаны з дэвальвацыяй сямейных каштоўнасцяў»


У Мінску прайшоў Міжнародны форум «Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы»
На форуме прадстаўнікі ўрада, міністэрстваў і ведамстваў, праваслаўнай царквы абмеркавалі пытанні ўмацавання статусу сям’і і шлюбу, падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця, аховы здароўя сям’і, рэпрадуктыўнага здароўя жанчын і мужчын, развіццё ўмоў для эканамічнай самастойнасці і росту дабрабыту сям’і і, як вынік, павышэння нараджальнасці, што застаецца адным з найважнейшых складнікаў эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця любой дзяржавы.

Намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік расказаў пра дэмаграфічныя тэндэнцыі, якія характэрны не толькі для Беларусі і Расіі, але і ўсіх развітых краін свету.

— Пакуль у дзяржаве гучыць дзіцячы смех, у яе ёсць будучыня. 

На форуме мы абмяркоўваем, як змяніць пэўныя негатыўныя тэндэнцыі, якія характэрныя не толькі для Беларусі і Расіі, а і для многіх развітых краін, па зніжэнні нараджальнасці і забяспечыць рост насельніцтва. Сёння мы бачым у многіх развітых дзяржавах, што роўны доступ жанчын да атрымання адукацыі, прафесійнай дзейнасці, высокіх пасад, кар’ернага росту прыводзіць да таго, што яны адкладаюць на пасля час уступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей, імкнучыся рэалізаваць сябе ў прафесійнай сферы і дасягнуць фінансавай незалежнасці. І той бяспечны ўзровень — мінімум 2,2 дзіцяці на адну жанчыну, які дазваляе забяспечыць дэмаграфічны рост, — не выконваецца практычна ні ў адной развітой краіне. 

У Паўднёвай Карэі гэта лічба ўвогуле меншая за 1. І ў многіх краінах гэты паказчык балансуе ад 1,1 да 1,7, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Ён падкрэсліў, што такія тэндэнцыі тлумачацца як развіццём эканомікі, так і дэвальвацыяй традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, што таксама назіраецца ў многіх дзяржавах.

— Толькі моцная здаровая сям’я можа забяспечыць гарманічнае развіццё дзяцей і вырасціць годных членаў грамадства. Менавіта сям’я з’яўляецца важным элементам захавання гістарычнай памяці, нацыянальнай ідэнтычнасці. Наша задача і надалей імкнуцца да ўмацавання інстытута сям’і, — звярнуў увагу Уладзімір Каранік

Ён нагадаў, што ў Беларусі робіцца вельмі многае для падтрымкі як маладых сем’яў, так і сем’яў з дзецьмі, асаблівая ўвага ўдзяляецца шматдзетным.

— Аднак мы бачым, што гэтыя меры (на этапе іх укаранення адзначаўся рост нараджальнасці) на сёння хоць і захоўваюць станоўчы ўплыў, але не прыносяць далейшага павелічэння нараджальнасці. Таму мы абмяркоўваем, якім чынам на інфармацыйным, заканадаўчым, эканамічным полі ўмацоўваць інстытут сям’і, захаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, стымуляваць нашу моладзь да нараджэння і выхавання дзяцей. Традыцыйныя сем’і — гэта той падмурак, абапіраючыся на які будучыя пакаленні будуць забяспечваць развіццё нашай краіны.

Уладзімір Каранік дадаў, што праблемы з глабальнай бяспекай, якія цяпер назіраюцца ў свеце, звязаны і з дэвальвацыяй сямейных каштоўнасцяў.

— Чалавек, які выхоўвае дзяцей, унукаў, мае крыху іншы погляд на жыццё: ён больш адказны і ніколі не зробіць таго, што можа паставіць пад пагрозу жыццё будучых пакаленняў, сваіх дзяцей і ўнукаў. Прывяду цытату маці Тэрэзы. Калі ў яе спыталі, што можна зрабіць для ўмацавання міру ва ўсім свеце, гэта мудрая жанчына адказала проста: «Ідзіце дадому і любіце сваю сям’ю». Чым больш у нас будзе шчаслівых дзяцей, любячых сем’яў, тым больш добрым стане наш неспакойны свет і тым больш бяспечным будзе наша жыццё і жыццё будучых пакаленняў, — рэзюмаваў намеснік Прэм’ер-міністра.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін адзначыў, што беларускія свяшчэннаслужыцелі зацікаўленыя ў тым, каб у грамадстве адраджаўся духоўны падыход да поглядаў на сям’ю. Разам з тым сучасныя тэндэнцыі, характэрныя для многіх краін, не абмінулі і Беларусь.

— Негатыўны ўнёсак робяць каштоўнасныя ўстаноўкі і стэрэатыпы свядомасці, якія прапагандуюць адмову ад уступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей. Гэта фармуе эгаізм і нястрымнае спажыванне. Наўмысная адмова ад нараджэння дзяцей з эгаістычных памкненняў абясцэньвае шлюб. На жаль, сітуацыя з разводамі таксама застаецца сумнай. Часта людзі, якія ўступаюць у шлюбны саюз, не здольныя ствараць, праяўляць цярпенне, саступаць адно аднаму і думаць не толькі аб сваіх патрэбах, але і аб шчасці чалавека, якому яны даверыліся пры стварэнні сям’і. Разбурэнне сям’і мае неспрыяльныя наступствы для мужа і жонкі, дзяцей і ўсяго соцыуму. Мы бачым пэўную мяжу, да якой нельга набліжацца, і неабходна аб’яднаць намаганні розных міністэрстваў, ведамстваў і заканадаўчых органаў для распрацоўкі правільнага падыходу, што знойдзе водгук у маладых людзей і прынясе жаданы вынік, — сказаў мітрапаліт Веніямін.

Намеснік Старшыні Дзяржаўнай Думы Расіі Ганна Кузняцова адзначыла, што Беларусь і Расія сумесна выпрацоўваюць новыя рашэнні для ўмацавання статусу сям’і.

— Адна з найважнейшых задач — садзейнічаць абароне суверэнітэту ў каштоўнаснай сферы. Бо падтрымка сем’яў і ўдасканаленне сямейнай палітыкі ляжаць у аснове ўстойлівага развіцця, без гэтага немагчымы прагрэс ні ў якой іншай сферы. Настаў час разгледзець на ўзроўні Саюзнай дзяржавы стварэнне структур, камісій, рабочых груп, якія б займаліся выпрацоўкай парадыгмаў, рашэнняў у сферы дэмаграфіі, — адзначыла Ганна Кузняцова, дадаўшы, што сёння ў Дзярждуме Расіі ў прыярытэце законапраекты, накіраваныя на падтрымку сем’яў. Яна прапанавала стварыць мадэльны закон, які б дапамог нашым дзяржавам крок за крокам прымаць меры для ўмацавання статусу сям’і.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 13 траўня 2025
 
Дата публикации:13.05.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:33
 
Ключевые слова:
День семьи Форум Традиционные ценности Демография Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме