https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Лукашэнка: У Беларусі Жарэса Алфёрава любілі па-сапраўднаму, і ён з асаблівай любоўю ставіўся да сваёй Радзімы


Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырыя спачуванні родным і блізкім акадэміка Расійскай акадэміі навук лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жарэса Алфёрава.
"З пачуццём глыбокага смутку Беларусь успрыняла вестку пра смерць Жарэса Іванавіча Алфёрава. Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі, выдатны вучоны нашай эпохі, нобелеўскі лаўрэат, вядомы грамадскі дзеяч", — гаворыцца ў спачуванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, увасабляючы сабой высокія ідэалы дабра і справядлівасці, Жарэс Алфёраў заслужыў высокае прызнанне землякоў і сусветнай грамадскасці. "У Беларусі яго любілі па-сапраўднаму, і ён з асаблівай любоўю заўсёды ставіўся да сваёй Радзімы. Мы назаўжды запомнім яго як сапраўднага патрыёта, чалавека з шырокай душой і вялікім сэрцам. Уласцівыя Жарэсу Іванавічу шырата поглядаў і інтарэсаў, незвычайная працавітасць і актыўная жыццёвая пазіцыя сталі дастойным прыкладам для суайчыннікаў", — адзначыў Лукашэнка.

"У гэты горкі дзень выказваю шчырыя спачуванні з-за гэтай незаменнай страты родным і блізкім. Светлая памяць аб Жарэсе Іванавічы назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах", — сказана ў спачуванні.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў памёр 2 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу пасля працяглай хваробы. Яму было 88 гадоў.

Жарэс Алфёраў нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. Скончыў у Мінску ў 1947 годзе сярэднюю школу з залатым медалём, паступіў на першы курс энергетычнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута, дзе правучыўся год. У сувязі з пераводам бацькі на новую працу ў Ленінград ў 1948 годзе сям`я Алфёрава пераехала. У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970-м стаў доктарам фізіка-матэматычных навук.

Алфёраў — аўтар больш за 500 навуковых прац і звыш 50 вынаходстваў. У 2000 годзе акадэмік стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за распрацоўкі ў паўправадніковай тэхніцы, падзяліўшы ўзнагароду з нямецкім фізікам Гербертам Кромерам.

Выбітны навуковец усё жыццё падтрымліваў сувязь з радзімай, быў частым госцем у Беларусі, узнагароджаны беларускімі ордэнамі Францыска Скарыны і Дружбы народаў.

"Я заўсёды вельмі высока цаніў беларускую навуку, магчыма, таму, што я сам яе частка", — заявіў Алфёраў 23 студзеня 2014 года ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2019
 
Дата публикации:02.03.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:169
 
Ключевые слова:
Жорес Алфёров Некролог
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме