https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Лаўрышаўскім манастыры знойдзеныя невядомыя раней саркафагі


У Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры ў Навагрудскім раёне падчас археалагічных даследаванняў выяўленыя два невядомыя раней саркафагі.
Як паведаміў памочнік кіраўніка экспедыцыі гісторык Тэльман Маслюкоў, мяркуецца, што ў іх былі пахаваныя асобы, якія маюць высокае значэнне для манастыра і пакінулі значны след у гісторыі краіны. Зараз праводзіцца экспертыза з мэтаю атрымання больш дакладных звестак.

Археалагічныя раскопкі сёлетняга сезона завяршыліся ў манастыры на мінулым тыдні, адзначае Маслюкоў. Лаўрышаўская археалагічная экспедыцыя па просьбе ігумена манастыра Яўсевія праводзіла, у прыватнасці, расчыстку падземнага збудавання ў манастырскім Свята-Успенскім храме ў вёсцы Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет). 

Калі праз вузкі пралом у зводзе склепа быў выняты слой пяску, якім было засыпанае падземнае памяшканне, то ў склепе знайшлі два цагляныя саркафагі.

"У абодвух меліся касцявыя астанкі людзей і культавыя прадметы. Расчышчаны таксама спуск у гэтую крыпту, які вёў непасрэдна з памяшкання храма. Вызначана, што крыпта была засыпаная ў сярэдзіне XIX стагоддзя, верагодна, пры закрыцці манастыра ў 1836 годзе", — паведамляе вучоны.

Цяпер атрыманыя пры раскопках матэрыялы вывучаюцца ў аддзеле антрапалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і цэнтральнай лабараторыі дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства "Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі".

Храм у Лаўрышаве быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі, але, як мяркуюць даследчыкі, пахаванні могуць адносіцца і да больш ранніх часоў. Лаўрышаўскі манастыр заснавалі ў сярэдзіне ХIII стагоддзя Войшалк Міндоўгавіч (вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага ў 1264—1267 гадах) і прападобны ігумен Елісей. Манастыр быў звязаны з вялікакняжацкім домам ВКЛ і на працягу некалькіх стагоддзяў з`яўляўся адным з найважнейшых духоўных цэнтраў Беларусі. Дзейнасць манастыра адноўленая ў 2007 годзе.

Археалагічныя даследаванні ў Лаўрышаве вядуцца шосты год пад кіраўніцтвам прафесара гісторыі Сяргея Рассадзіна, з добраславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. У праваслаўным археалагічным лагеры, які быў арганізаваны ў ходзе экспедыцыі, удзельнічалі валанцёры — студэнты і навучэнцы з розных абласцей краіны.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2016
 
Дата публикации:01.08.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1300
 
Ключевые слова:
Лаўрышава ВКЛ Монастырь Археология Навагрудак
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме