
"У Магілёва вялікі вопыт правядзення буйных культурных мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя музычныя фестывалі "Залаты шлягер" і "Магутны Божа", міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M.@rt.кантакт", міжнародныя фестывалі дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" і народнай творчасці "Вянок дружбы", - сказаў Тадэвуш Стружэцкі. - Акрамя таго, у Магілёўскай вобласці і абласным цэнтры добра развітая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры, ёсць вялікія канцэртныя пляцоўкі".
Прымаючы эстафету культурнай сталіцы Беларусі, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка адзначыў: "Жыхары Магілёва, кіраўніцтва горада і вобласці ўдзячны за высокі давер і аказаны гонар. Мы ўсведамляем адказнасць і задачы, якія ўскладзены на нашы плечы, і прыкладзём усе намаганні, каб узбагаціць і зрабіць больш разнастайным культурнае жыццё краіны".
Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" стартавала ў рэспубліцы ў 2010 годзе. Яе мэта - зрабіць больш даступнымі лепшыя дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх куткоў Беларусі, садзейнічаць актывізацыі дзейнасці рэгіянальных устаноў культуры і мясцовых органаў улады, прыцягненню айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны рэспублікі. Першым атрымаў званне культурнай сталіцы Полацк, у 2011 годзе гэты тытул перайшоў да Гомеля, у 2012 годзе культурнай сталіцай Беларусі быў названы Нясвіж.
Раней Магілёў быў прызнаны і культурнай сталіцай СНД 2013 года. На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе было прынята рашэнне рэалізаваць праграму "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў 2013 годзе ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, аб`явіўшы гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі Садружнасці. Праграма прызначана стаць эфектыўным інструментам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры, садзейнічаць стварэнню спрыяльнага клімату для эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, а таксама гуманітарнаму, сацыяльнаму, эканамічнаму і інфраструктурнаму развіццю асобных тэрыторый і гарадоў, павышэнню статусу Садружнасці на міжнароднай арэне.
22 снежня 2012, Нясвіж
Вера Грамчакова - БЕЛТА