https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусы - за Януковіча


У маленькай беларускай вёсачцы Янукі — калысцы Януковічаў, жыхары ўзгадваюць, як частавалі ўкраінскага палітыка дранікамі і самагонкай...
Алег ГАРУНОВІЧ         “НГ”  Народная газета 

Янукі — калыска Януковічаў.
 
У маленькай беларускай вёсачцы ўзгадваюць, як частавалі ўкраінскага палітыка дранікамі і самагонкай, а таксама баяцца, што ўпартая Юля зноў скрадзе ў яго перамогу.

Мяркую, што большасць з нас за выбарамі ўкраінскага прэзідэнта назірае як за нейкім цікавым шоу. Аднак ёсць у Беларусі месца, дзе вынікі выбарчай гонкі маюць прынцыповае значэнне. Тут падтрымліваюць толькі аднаго кандыдата і з усёй шчырасцю зычаць яму перамогі. Як-ніяк свой чалавек.
 
З Беларусі ў Данбас
 
Вытокаў гэтай гісторыі ў дэталях ніхто ў Януках Докшыцкага раёна ўжо і не помніць. Жывых сведак тых падзей не засталося, бо адбывалася ўсё даўно, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Вёска тады належала пану Васілеўскаму. Быў ён не надта заможны. Яго сяляне таксама жылі небагата, а таму нярэдка адпраўляліся ў свет шукаць лепшай долі. Аднойчы некалькі маладых мужчын вырашылі ехаць у Данбас, каб працаваць там у шахтах. Сярод іх быў Антось Януковіч — дзед па бацькоўскай лініі без дзвюх хвілін новага прэзідэнта Украіны.
Так было ці неяк па-іншаму, ужо не праверыш. Але дакладна вядома, што Віктар Януковіч двойчы прыязджаў у Янукі. Ды і прозвішча ў яго самае што ні на ёсць мясцовае. Зараз у вёсцы жыве ўсяго пяць чалавек. І ўсе яны — Януковічы.
 
“Януковіч — пекны мужчына”
 
— Першы раз ён прыязджаў да нас у 2003 годзе, — узгадвае сакратар Ваўкалацкага сельсавета Антаніна Бабарыка. — Навошта? Каб даведацца пра свае карані. Гэта натуральнае жаданне для любога чалавека. Быў яшчэ і ў 2006 годзе — тады многія з нас упершыню пабачылі верталёт. Абодва разы Януковіч прыязджаў, будучы прэм’ер-міністрам Украіны. Праўда, першы візіт быў афіцыйны, а другі — прыватны.

Раней імя Янка было досыць распаўсюджаным. У вёсцы, можа, нарадзілася многа хлопчыкаў, большасць з іх нараклі Янкамі. Таму вёска атрымала назву Янукі. Ну а яе жыхары сталі насіць прозвішча Януковічы. Вось такая існуе тэорыя ў гэтых краях.

Антаніне Бабарыка выпала пазнаёміцца і з Віктарам Януковічам, і з яго жонкай Людмілай Аляксандраўнай.

— Віктар Фёдаравіч — вельмі пекны мужчына. Ростам пад метр дзевяноста, стройны. Прыемна на яго глядзець. Хаця наш прэзідэнт нічым яму не саступае, — лічыць жанчына.

Аб першым візіце ў спадарыні Антаніны засталася памяць. Януковічы падарылі ёй дзве кашулі — мужчынскую і жаночую, вышытыя ўкраінскім узорам, а таксама прыгожы ручнік. Увогуле ўкраінскія госці не скупіліся на падарункі. Многія вяскоўцы атрымалі ад іх... па 100 долараў.

Украінскі прэм’ер-міністр таксама не паехаў з пустымі рукамі. Яму прэзентавалі саматканы дыван, вэнджаную кілбасу, мёд ды медавуху, а яшчэ сувенір з саломкі ў выглядзе касцёла ў недалёкіх Ваўкалатах — каб не забываў пра радзіму.
 
Не пазналі Сідорскага
 
Хаця як яе забудзеш. У Януках высокім гасцям наладзілі просты, але шчыры прыём. Напяклі для іх дранікаў, нарабілі калдуноў, дасталі самагоначку — частавалі, чым маглі.

З Сяргеем Сідорскім тады здарыўся кур’ёз. Мясцовыя... не пазналі віцэ-прэм’ера, які суправаджаў Януковіча. Падышлі да яго, каб пачаставаць агурочкам, паднесці чарачку, распытаць, як справы ва Украіне, а аказалася, што гэта свой, беларус!

— Літаральна праз некалькі дзён па тэлевізары сказалі, што Сідорскі прызначаны прэм’ер-міністрам, — шматзначна заўважаюць вяскоўцы.

Быў у Януках яшчэ адзін “прыкол”. Незадоўга да прыезду Януковіча ў вёсцы пафарбавалі штыкетнікі. Фарбавалі тым, што было пад рукой. Аказалася, вельмі ўдала — блакітным і жоўтым. Украінскі госць быў задаволены.
 
Прэзідэнцкія сваякі?
 
Хадзілі чуткі, што падчас першага візіту Віктар Януковіч шукаў сваякоў. Можа, знайшоў? Пра гэта мы і вырашылі даведацца. Але спярша, як і ўкраінскі палітык чатыры гады таму, зазірнулі на вясковыя могілкі. Адшукаць магілы продкаў ён тады не змог, на многіх помніках ад часу сцерліся надпісы. Хаця дзе тут разбярэш — амаль на ўсіх помніках надпіс усё той жа — Януковіч, як ужо заўважылі, тут “карэннае” прозвішча...

У Януках мы завіталі да Марыі Януковіч. Гаспадыня нас сустрэла ў спартыўнай майцы з украінскім гербам. Чым не сваячка амаль што прэзідэнта Украіны!

— Хто тут ведае дакладна?! — рэагуе на нашу гіпотэзу Марыя Антонаўна. — Я магу сказаць, што мы сваякі. Многія адзначалі, што мой муж-нябожчык, чымсьці быў падобны на Віктара Фёдаравіча — такі ж смуглявы, высокі, шыракаплечы. Увогуле, парадніцца з такім чалавекам вельмі прыемна.

Многія Януковічы, выхадцы з Янукоў, чакалі ў 2003 годзе ўкраінскага прэм’ера, каб абмеркаваць сваё радство. Абмяркоўвалі доўга, але палітык чамусьці прымеціў дзяцей Марыі Антонаўны — Вольгу і Андрэя. І запрасіў іх да сябе ў госці. Але спярша заглянуў у іх дом і нават падарыў камп’ютар.

— Мы двойчы з братам ездзілі ў Кіеў, — распавядае Вольга, — жылі ў катэджы Віктара Фёдаравіча. З ім сустракаліся толькі ўвечары, а ўдзень нас ахоўнікі вазілі па горадзе. Пасля мы адправіліся на адпачынак у “Артэк”.

Марыя Антонаўна таксама была запрошана, але яна не рызыкнула пакінуць гаспадарку.

— Хоць і выхоўваю дзяцей адна, але трымаю каня, карову, парася. Без нагляду штосьці пакінуць нельга — абавязкова скрадуць. У мяне так матацыкл на запчасткі разабралі, — уздыхае жанчына.
 
З віншаваннямі янукоўцы не спяшаюцца
 
У госці мы ходзім, як і належыць, з цукеркамі і шампанскім. Калі сваяк, няхай і гіпатэтычны, перамог у выбарах, можна гэтую справу адзначыць. Але Марыя Антонаўна схавала шампанскае ў шафу.

У 2004 годзе наша суразмоўца ўжо паспяшалася. Як толькі абвясцілі першыя вынікі выбараў, паводле якіх прэзідэнтам стаў Януковіч, яна адразу патэлефанавала ў Кіеў, каб павіншаваць з перамогай. Пагутарыла з Аляксандрам, сынам палітыка, сказала, што хацела. А пасля здарылася “аранжавая рэвалюцыя”, і Януковіч застаўся ні з чым.

На гэты раз у Януках збіраюцца ўсё рабіць напэўна. Януковіча павіншуюць толькі пасля таго, як аб’явяць афіцыйныя вынікі выбараў. Тэлефон прэс-сакратара ў цёткі Марыі ўжо ёсць.

— Цімашэнка — энергічная баба, упартая. Яна ўжо заявіла, што не прызнае вынікі выбараў. Ад Юлі можна чакаць розных фінтоў, таму мы спяшацца са сваімі віншаваннямі не будзем, — гаворыць Марыя Януковіч.

Тым не менш Марыя Антонаўна ўжо думае аб тым, што скажа прэзідэнту Януковічу. Хаця з першай фразай, здаецца, жанчына ўжо вызначылася.
— Віктар Фёдаравіч, вам тэлефануюць з Янукоў...
— Пару гадоў таму нам званілі, папярэджвалі, што могуць прыехаць сыны Януковіча. Але яны чамусьці так і не аб’явіліся. Можа, прыедуць зараз разам з бацькам?

Марыя Антонаўна не губляе надзеі яшчэ пабачыць “сваяка” не па тэлевізары.
 
Пакуль вярстаўся нумар

Учора ЦВК Украіны падлічыў 100 працэнтаў электронных пратаколаў галасавання ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Падлік паказаў, што большую колькасць галасоў выбаршчыкаў (48,95 працэнта, або 12,5 млн) набраў лідар партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч. Юлія Цімашэнка, паводле  падліку, адстае ад канкурэнта на 3,48 працэнта, або на 890 тысяч галасоў. Віктара Януковіча падтрымалі большасць выбаршчыкаў у дзесяці рэгіёнах Украіны, у тым ліку Крыме, Севастопалі, большасці паўднёвых і цэнтральных абласцей.

Згодна з выбарчым заканадаўствам, афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта ЦВК Украіны абавязаны абнародаваць на працягу дзесяці дзён, г. зн. не пазней як 17 лютага.
 
 
Дата публикации:11.02.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:12142
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме