Спявак пайшоў з жыцця летась 27 верасня. Каб ушанаваць яго памяць, землякі, сябры і калегі выступілі з прапановай устанавіць памятную дошку на доме па вуліцы Чалюскінцаў, 54, дзе ён жыў з 1954 па 1968 год.
Скончыўшы сем класаў магілёўскай школы нумар 10, ён паехаў пакараць Мінск, дзе паступіў у харэаграфічнае вучылішча. Менавіта адтуль пачалося яго ўзыходжанне да зорнага Алімпу. Ініцыятыву ўстаноўкі памятнага барэльефа на доме, дзе прайшло дзяцінства спевака, падтрымала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі гарвыканкам. Барэльеф заслужанаму артысту Расійскай Федэрацыі Барысу Маісееву створаны і ўстаноўлены дзякуючы пазабюджэтным сродкам фонда Барыса Маісеева, заснаванага Сяргеем Гарохам.
Сення памятная дошка была прэзентаваная ў рамках афіцыйнай праграмы закрыцця фестывалю «Славянскі базар». Удзел у мерапрыемстве бралі прадстаўнікі Магілёўскага гарвыканкама, сябры і калегі артыста, жыхары.
Звязда, 16 ліпеня 2023