https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ігар Бузоўскі: Мы бачым вынікі ад сваёй працы, таму будзем працягваць


Дзень беларускага пісьменства — свята, якое кожны раз дазваляе нам зноў вяртацца да сваіх вытокаў.
Праз любоў да роднай мовы і літаратуры, праз раскрыццё новага ў беларускай культуры. І юбілейнае свята зноў дасць нагоду яго гасцям і наведвальнікам адчуць, чым жывуць сёння ў рэгіёнах, як там захоўваюць набыткі мінулага і што робяць для прымнажэння сваіх здабыткаў. Напярэдадні ХХХ Дня беларускага пісьменства мы распыталі ў намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага пра тое, чым будзе адметны культурны форум, як сарыентавацца ў добрай літаратуры альбо зарэкамендаваць там сябе, а таксама чаму мерапрыемства да сёння не страчвае сваёй актуальнасці.

Зрабіць мову абярэгам нацыянальнай незалежнасці

— Ігар Іванавіч, штогод Дзень беларускага пісьменства для выдаўцоў, літаратараў, прадстаўнікоў кнігагандлёвай сферы — заўсёды магчымасць і падвесці пэўныя вынікі, і прадэманстраваць дасягненні за апошні час. З якімі вынікамі сустракае кнігавыдавецкая галіна чарговае юбілейнае свята?

— Прыемна, што мы маем якраз вынікі, якія дазваляюць нам казаць пра паспяховасць у тым фармаце, які для нас важны. Сёння мы маем літаратуру, што адпавядае павевам часу. І няхай для некага тое прагучыць як дзяржаўная палітыка, але для нас гэта трапнае пападанне ў тыя тэмы, якія хвалююць насельніцтва, грамадскасць. Мы атрымалі кніжныя праекты, якія купляюцца і выклікаюць інтарэс. Я часам прывожу прыклад з псіхалогіі, што ў выхаваўчым працэсе самае страшнае — не захваліць дзіця альбо выхоўваць яго дэспатычна, а найгоршае, што прыводзіць да незваротных працэсаў, — быць да яго абыякавым. Таму і для нас у працы з кнігай актуальна, каб да яе не было абыякавага стаўлення. Мы атрымалі дастаткова сур`ёзны вынік па такіх праектах, як «Генацыд беларускага народа», «Сімвалы беларускай вечнасці», «Гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці» Ігара Марзалюка, «Прысмак каляровых рэвалюцый» Сяргея Мусіенкі, многіх іншых кнігах, якія адпавядаюць актуаліям і тым працэсам, што многіх з нас сёння хвалююць, прымушаюць разважаць, думаць. І ўсё тое вынік нашай сумеснай працы, дзе і падтрымка аўтараў, і праца рэдакцый, пошук думкі, якая сёння запатрабавана ў грамадстве, а яшчэ магчымасць атрымання альтэрнатыўнай інфармацыі. Менавіта таму для нас былі вельмі важнымі кніжныя выстаўкі-кірмашы, круглыя сталы, сімпозіумы, у тым ліку і ў рамках Дня беларускага пісьменства. Там гучалі не проста разважанні пра літаратуру, мы заахвочвалі да размоў пра грамадска-палітычныя працэсы, пра ролю пісьменніка і кнігі, думкі ў лёсе грамадства. І гэта, лічу, адно са знакавых нашых дасягненняў.

Вядома, ёсць і колькасны вынік. Сёння мы ведаем сусветную тэндэнцыю, калі зніжаюцца папяровыя тыражы кніг. Разам з тым мы назіраем і іншую тэндэнцыю, калі электронная кніга пачынае таксама губляць свае пазіцыі. Усё тое мы назіраем і ў кантэксце развіцця кнігавыдавецкай галіны ў Беларусі. Аднак, нягледзячы на гэта, мы назіраем, што за паўгода ў краіне (у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года) колькасць выдадзеных кніг і брашур не зменшылася,  наадварот, яна павялічылася на 8 %. І гэта рэальная радасць і перамога, бо выдавец адчувае, што кніга прадаецца. І няхай няпроста ў нас з пошукам аўтараў, тэм, эканамічная сітуацыя накладвае свой адбітак, але мы маем здаровую тэндэнцыю, якая сведчыць, што кніга сёння запатрабаваная грамадствам.

— Калі мы гаворым пра літаратуру, то што сёння найбольш запатрабаванае? І якія праблемы ўсё яшчэ ёсць у кнігавыдавецкай сферы?

— Нават улічваючы зробленае, мы не можам адпачываць на лаўрах і казаць, што ў нас усё добра. Павінна весціся паскоранымі тэмпамі і агульнымі намаганнямі работа па пошуку новых ініцыятыў, людзей, якія сёння закліканы працаваць з кнігай. Неабходны агульныя намаганні ў самых розных галінах. Датычыцца тое і фінансавання. Як бы мы ні імкнуліся адысці ад гэтага, але разумеем, што выдаваць сацыяльна значную літаратуру неабходна пры падтрымцы дзяржавы. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя. У розных краінах яна рэалізоўваецца, праўда, па-свойму. Ва Узбекістане, напрыклад, людзі атрымліваюць творчыя адпачынкі, што дае ім магчымасць займацца напісаннем кніг. А пасля робяцца творчыя справаздачы. Не факт, што абавязкова атрымаецца той вынік, на які разлічвалі, але ж ідзе падтрымка, ідзе пошук людзей, думак. У іншых краінах падтрымка здзяйсняецца праз выкуп тыражоў, што таксама добры стымул. А ў нас такая работа вядзецца ў сваім фармаце вось ужо на працягу 30 гадоў, і Дзень беларускага пісьменства — не проста свята, а дэманстратыўны акцэнт на тое, што мае для краіны прыярытэтнае значэнне. Кнізе ўвага надаецца кіраўніком дзяржавы і ў выданні сацыяльна значнай літаратуры, і праз падтрымку бібліятэк, прычым робіцца тое не на словах, а справамі.

Яшчэ мы павінны разумець, што кніга непарыўна звязана з паняццем думкі, сэнсу, мэт і задач, якія маюць дачыненне да культуралогіі і фармавання нашых моўных традыцый. Таму беларуская мова, яе папулярызацыя і выданне кніг на ёй — таксама важная для нас задача. Як зрабіць так, каб мова была не проста культуралагічнай асаблівасцю, а нашай пастаяннай жыццёвай неабходнасцю і пэўным абярэгам нашай незалежнасці. Гэта пытанне ў тым ліку і кніг. І сабе мы ставім задачу падтрымаць выданне беларускамоўнай літаратуры. Хоць летась тэндэнцыя падзення агульнага тыражу, на жаль, закранула і гэты сегмент, што было абумоўлена адгалоскамі пандэміі, эканамічнай сітуацыяй і іншымі прычынамі. Але мы спадзяёмся, што сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, і Міністэрства інфармацыі будзе і надалей падтрымліваць выданні беларускіх класікаў і беларускай мовы як неад`емнай часткі СМІ. Мы спрабуем звяртацца і да нязвыклых форм у папулярызацыі беларускай мовы. Напрыклад, спрабуем ісці ад зваротнага, выдаючы кнігі беларускіх аўтараў у перакладзе на рускую мову. Каб моладзь, людзі за мяжой ведалі нашых літаратараў і, зацікавіўшыся творам, захацелі прачытаць яго ў арыгінале. Словам, спрабуем розныя варыянты. Што, дарэчы, працуе ў пэўным сэнсе і на імпартазамяшчэнне ў культуралагічнай сферы, а таксама спрыяе фармаванню ментальнага поля і тых ведаў, думак, патрэбных незалежнай краіне, якая імкнецца развівацца.

— Ці можна ўвогуле сказаць, што прапанова выдаўцоў і пісьменнікаў і запыт чытача сёння ў гармоніі, калі разглядаць сітуацыю ў жанрава-тэматычным разрэзе?

— Што датычыцца жанраў і тэм, то традыцыйна ў нас не хапае кніг, якія не проста будуць прадавацца, а стануць выданнямі ад тых аўтараў, што здольныя набыць вагу ў інфармацыйным полі. Таму што вобраз той жа класікі фарміруецца і праз падтрымку аўтара, і тыража, і ўсіх тых, хто пасля выхаду кнігі садзейнічае стварэнню з яе і аўтара аўтарытэтаў ці, наадварот, іх нівеліраванню ў грамадстве. Таму нам важна як знайсці новае імя, так і зрабіць яму годную раскрутку. І прэтэндэнты для гэтага ў нас ёсць. Яшчэ хацелася б атрымаць больш літаратуры, якая будзе разлічана на маладзёжную аўдыторыю. Такіх твораў нам катастрафічна не хапае. Але, відаць, з улікам таго, што моладзь у большасці сваёй сышла ў інтэрнэт, то і інтарэс да дадзенай аўдыторыі з боку аўтараў таксама нізкі. А добрая кніга, якая дазволіць спрыяць фармаванню думак моладзі па важных для сённяшняга дня тэмах, вельмі патрэбная. У рамках Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў нас штогод узнікаюць сітуацыі, калі намінацыя застаецца «голай». І якраз у гэтым кантэксце шмат пытанняў па драматургіі, бо не назіраем да яе інтарэсу. Хоць нават Міністэрства культуры неаднойчы казала пра тое, што гэтая літаратура нават больш прыбытковая, чым іншыя жанры, бо ў перспектыве можа трапіць у пастаноўку тэатра. Але чамусьці ў аўтараў тое не выклікае інтарэсу.

Увогуле, раўнавага паміж запытам і прапановай у нас захоўваецца. Аднак, калі мы гаворым пра прыярытэты, то важна разумець, што запыты ў грамадства могуць быць самыя розныя, і не ўсе іх мы можам ведаць. Таму, разглядаючы сітуацыю з пазіцыі камерцыі, мы атрымаем адну гісторыю. А калі кажам пра запыт грамадства, то гісторыя зусім іншая. І наша задача — задаволіць абодва бакі. Парытэт тут знайсці складана. Гэта выклік часу, дзе мы шукаем новыя імёны, формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй па прасоўванні і рэалізацыі кніг.

Усвядоміць каштоўнасць кнігі

— Канстанцін Вераніцын, калі пісаў сваю паэму «Тарас на Парнасе», быў зусім юным, гэты шэдэўр беларускай літаратуры нараджаўся ў асяродку студэнцкай моладзі. Як падтрымліваюцца сёння маладыя літаратурныя таленты ў нашай краіне?

— Пошук новых форм працы, новых аўтараў, прасоўвання кніг штурхае нас да таго, каб гэтыя формы былі не проста апрабаваныя, а мелі нейкі вынік. У прыватнасці, на нядаўніх кніжных выстаўках-кірмашах мы ставілі сабе задачу звярнуць на нашу пляцоўку ўвагу моладзевай аўдыторыі. Каб людзі прыйшлі, паглядзелі і, магчыма, хтосьці, калі спрабуе пісаць, падумаў: а што я магу зрабіць, каб мяне пабачылі і пачулі? Пры гэтым, каб маладыя людзі ўбачылі сваіх аднагодкаў. Некаторыя паўдзельнічалі ў нашым стартапе «ЛітUP». Такім чынам, у нас атрымалася завабіць гэтую аўдыторыю, а таксама адшукаць сярод іх новыя імёны, аўтараў, якімі зацікавіліся нашы выдавецтвы. Літаратурны стартап дазваляе паспрабаваць сябе і свае сілы ў літаратуры. Да нас ідуць, а значыць, і ўсведамляюць каштоўнасць таго, што арганізатары робяць для моладзі. Яны бачаць, якая ўвага ўдзяляецца кнізе і тым, хто ўмее працаваць са словам. Мы разумеем, што рухаемся ў правільным напрамку. Конкурс нам нават даў сёлета такі вынік, што наш пераможца атрымаў найвышэйшую ацэнку і ад незалежнага журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют». Мы бачым вынікі ад сваёй працы, таму будзем працягваць сваю дзейнасць.

— Ці спрыяе Дзень беларускага пісьменства таму, што самі беларусы сталі больш ведаць і любіць сваю літаратуру?

— У піяр-тэхналогіях існуе такое паняцце, як «вобраз прысутнасці». І, на маю думку, кніга павінна быць усюды. Прычым не проста ў якасці падручніка ў навучальных установах ці ў людзей, якія любяць чытаць. Трэба сфармаваць разуменне, што кніга — неад`емная частка жыцця нашага грамадства. Гэта носьбіт інфармацыі, ведаў і культуры, які дазваляе развівацца як асобнаму чалавеку, так і грамадству ў цэлым. А значыць, трэба знайсці спосаб забяспечыць прысутнасць кнігі паўсюль. І праз такога роду мерапрыемствы, як Дзень беларускага пісьменства, мы маем магчымасць інтэгравацца на тэлебачанне, у паняцце культурнага баўлення часу, яшчэ і карыснага. Такім чынам адбываецца папулярызацыя. А таксама дэманструецца стаўленне нашай краіны да кнігавыдання, да пісьменнікаў. У сваю чаргу такі працэс стымулюе выдавецтвы, аўтараў прыйсці да свята з сур`ёзнымі вынікамі. Атрымліваем мы дапамогу і з боку мясцовых улад. Атрымліваецца такі вялікі акцэнт на кнігу, які ў Беларусі робіцца вось ужо на працягу 30 гадоў, што спрыяе рабоце па напісанні, выданні і прасоўванні і папулярызацыі кніг.

Адчуць усе танальнасці свята

— Дзень беларускага пісьменства мае адной са сваіх мэт — прапаганду найлепшых традыцый нацыянальнай культуры. Ці атрымаюць магчымасць тыя, хто не паедзе на свята, усё ж такі далучыцца да падзей, хоць і віртуальна?

— На тэлеканале СТБ 3 верасня адбудзецца трансляцыя фіналу Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». І гэтае мерапрыемства збярэ каля тэлеэкранаў, думаю, і бацькоў, і настаўнікаў, і проста знаёмых фіналістаў конкурсу, хто не дабярэцца ў Гарадок. І паглядзець мерапрыемства варта, таму што яно будзе відовішчным, тым больш калі памножыць тое на талент выступоўцаў і творы, якія нікога не пакінуць абыякавым. Таксама магчымасць прычыніцца да падзей свята і прасякнуцца яго атмасферай забяспечаць сваёй аўдыторыі Белтэлерадыёкампанія і телеканал АНТ. Свята знойдзе сваё адлюстраванне як у выпусках навін, так і ў шэрагу спецыяльных праграм і рэпартажаў тэлеканала «Беларусь 3», які аказвае нам вялікую інфармацыйную падтрымку. І ў комплексе гэта дазволіць гледачам атрымаць карціну падзей і палітру ўражанняў. Аднак шчыра спадзяюся, што тое не стане замяшчэннем, бо лепш за ўсё наведаць свята ўжывую і адчуць усе яго танальнасці.

— Якое месца на Дні беларускага пісьменства адводзіцца тэме гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання, якія адмысловыя мерапрыемствы па гэтай тэматыцы чакаюць нас у Гарадку?

— Год міру і стваральнай працы дае нам шырокае поле для дзейнасці, таму традыцыйна гэта знойдзе сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах праграмы і ў канцэртных нумарах, на калясцэнічных пляцоўках. Таксама мы зрабілі адну з галоўных пляцовак месцам прэзентацыі праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», які ў наступным годзе адзначыць 20-годдзе існавання. Гэта знакавы праект як для Міністэрства інфармацыі, так і для Міністэрства культуры (якое з`яўляецца ўдзельнікам многіх лакальных мерапрыемстваў у рамках праекта). І мы паставілі сабе мэту сабраць і паказаць гасцям і ўдзельнікам форуму, што было зроблена за два дзясяткі гадоў. За гэты час праект вырас у 50 кніг, якія ўяўляюць сабой вялікі масіў інфармацыі, на аснове якога можна рабіць новыя этнаграфічныя і культуралагічныя даследаванні па самых розных тэмах, а таксама зразумець, што мы захоўваем. Завітаўшы ў павільён праекта, кожны зможа не толькі знайсці ўсе кнігі разам, бо нідзе больш тое немагчыма (паколькі яны раскуплены), а таксама ўбачыць вечны каляндар, цікавыя арт-аб`екты, зробленыя з частак друкарскіх машын, набыць гарбату «Бацькаўшчына» з беларускіх зёлкаў. На памяць кожны атрымае стужачку «Рака часу Бацькаўшчыны», якая ўпрыгожана традыцыйнымі ўзорамі беларускага арнаменту і зроблена ў колерах беларускага сцяга. Яна стане гістарычным сімвалам, які яднае мінулае, сучаснасць і будучыню нашай краіны. У перспектыве ўсю сувенірную прадукцыю можна будзе знайсці таксама ў сетцы «Белкніга».

Яшчэ сіламі мясцовых улад на святочным маршруце Дня беларускага пісьменства можна будзе трапіць на рэканструктаваны старажытны кірмаш і тым самым перанесціся ў мінулае. Цікавай плануецца прэзентацыя Вераніцынскага сквера, дзе стаіць «Тарас на Парнасе», з`явіліся скульптуры маладых аўтараў і з`явіцца яшчэ і «Буквар». Мясцовы краязнаўчы музей рыхтуе выстаўку ў цікавым фармаце. Праграма Дня беларускага пісьменства вельмі насычаная, упэўнены, кожны знойдзе штосьці на свой густ.

— Ігар Іванавіч, на ваш погляд, якімі тэндэнцыямі характарызуецца Дзень беларускага пісьменства за 30-годдзе свайго існавання: наколькі свята набыло аўтарытэт і папулярнасць, стала пазнавальным? Ці можна яго назваць адным з брэндаў культурнай Беларусі?

— Гэтае свята па праве можна лічыць брэндам пісьменніцкай, кніжнай і выдавецкай сферы. Вельмі сур`ёзнага культуралагічнага блока. У нас маладая дзяржава, а Дню беларускага пісьменства 30 гадоў. Нават тое, што ён столькі існуе — ужо дасягненне. Да таго ж, свята традыцыйна дазваляе зрабіць пэўны аналіз таго, што ёсць у нас і над чым працуе наша сфера. Прычым тое ўсведамляецца не толькі на самім мерапрыемстве, але і падчас падрыхтоўкі да яго. І дасягненнем з`яўляецца і Нацыянальная літаратурная прэмія — наша падтрымка літаратараў, у тым ліку і ў фінансавым плане. І само па сабе дасягненне, што нам удаецца зрабіць такі вялікі і значны акцэнт з боку культурных галін, СМІ, выканаўчых улад на кнігі. І планку гэтую мы трымаем на працягу 30 гадоў. Бо разумеем, што такія мерапрыемствы, як Дзень беларускага пісьменства, кансалідуюць грамадства, дазваляюць нам быць аднадумцамі, адзіным народам, які плённа працуе на роднай зямлі.

Алена Драпко
Звязда, 1 верасня 2023
 
Дата публикации:01.09.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:176
 
Ключевые слова:
Дзень беларускага пісьменства Книгоиздание Литература Импортозамещение Беларуская мова Суверенитет Молодёжь Гарадок
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме