Узровень росту спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 5,2% па выніках студзеня, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Такі ж гадавы індэкс быў і ў снежні 2024 года. Калі ж параўноўваць цэны студзеня гэтага года з апошнім месяцам мінулага, то яны выраслі на 0,7%. Прычым прадукты харчавання даражэлі хутчэй, чым прамтавары: 1% і 0,5% адпаведна.
Нягледзячы на тое, што прадукты харчавання ў цэлым падаражэлі, грэчка ў студзені патаннела на 2%, затое кава падаражэла на 1,4%. Сярэдняя цана пшанічнай мукі падрасла на 1%, а кандытарскія вырабы ў сярэднім сталі даражэй на 1,8%.
Сярод прамтавараў, паводле звестак Белстата, у першы месяц 2025 года найбольш падаражэлі друкаваныя выданні (на 2,7%). Таксама адзначаны рост па сінтэтычных мыйных сродках (на 2,6%), але адзенне для жанчын патаннела за месяц на 0,7%.
Сярод паслуг патаннеў у сярэднім чыгуначны транспарт – "мінус" 2,8%. Міжнародны турызм стаў танней на 4,9%.
Пакуль што гадавы ўзровень інфляцыі, які адзначаны ў студзені, крыху большы за паказчык, намечаны ўладамі на 2025 год. Раней прэзідэнт паставіў задачу ўраду і Нацбанку дабіцца па выніках года, каб індэкс спажывецкіх цэн не перавышаў 5%.