https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: Усе актуальныя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня


Усе актуальныя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 мая на нарадзе, прысвечанай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку. Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
У пачатку нарады Лукашэнка прывёў звесткі закрытага даследавання грамадскай думкі ў краіне. Згодна з маніторынгам, за два апошнія месяцы колькасць грамадзян, упэўненых у заўтрашнім дні, знізілася і складае прыкладна 45% (было 65%). Пра тое, што іх у той ці іншай ступені задавальняе жыццё, заяўляюць прыблізна 60% грамадзян (было амаль 70%). Павялічылася колькасць грамадзян, якія сказалі пра пагаршэнне свайго становішча, — прыкладна на 8—10%. З сакавіка 2011 года больш як удвая павялічылася колькасць грамадзян, якія ўказваюць на пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне.

Асноўная прычына занепакоенасці грамадзян — рэзкі рост цэн. Паводле слоў Лукашэнкі, гэтаму паказчыку ў два разы саступае нават тэрарызм.

На пытанне: "Хто вінаваты ў пагаршэнні вашага жыцця?" — найбольшая колькасць грамадзян, прыкладна 25%, адказалі: "Вінаваты мы самі", заявіў беларускі кіраўнік. На працэнт менш (24%) мяркуюць, што вінаваты сусветны фінансавы крызіс. Прыкладна 20% абвінавачваюць урад і мясцовыя органы ўлады, 10% — Лукашэнку.

"Цешыць тое, што калі ў людзей спыталі аб пратэстных акцыях, толькі 3—5% гатовы пратэставаць", — зазначыў ён.

Лукашэнка паабяцаў адправіць урад у адстаўку, калі ён не забяспечыць стабільнасць у краіне. Паводле яго слоў, асабліва насцярожвае той факт, што ўрад і Нацбанк спрабуюць адмаўляць відавочнае і замаскіраваць негатыўныя тэндэнцыі валавымі паказчыкамі — "ВУП, надоі, прыбаўленне ў вазе, удоі, пасевы і ўраджайнасць".

Ён таксама заявіў, што сёлета краіна мае цэны на прыродны газ вышэйшыя, чым у Германіі. "Дзякуй братам-расіянам за гэта. Сёння мы маем немалыя расходы і з купляй, з набыццём нафты. Нам абяцалі, што ў нас не будзе мытных пошлін пасля таго, як мы ратыфікуем усе дакументы па Мытным саюзе, аднак у нас мытная пошліна захавалася. Яна называецца па-іншаму, нейкая прэмія для кампаніі, але яна вышэйшая за 1/3 мытнай пошліны. Гэта нас ставіць у неаднолькавыя ўмовы з таваравытворцамі ў Расіі, Казахстане і ў іншых дзяржавах. У іх гэтага дабра хапае і па нізкіх цэнах", — зазначыў прэзідэнт.

Паводле слоў Лукашэнкі, занадта высокія сёння цэны на нафту, прыродны газ, металы і іншую сырваіну і камплектавальныя, якія Беларусь закупляе. "Мы, на жаль, сёння яшчэ больш купляем, чым прадаем. І гэта галоўнае пытанне нашай выжывальнасці", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў ураду, кіраўнікам абласцей, міністрам забяспечыць поўны асартымент тавараў у гандлёвых сетках, запатрабаваў спыніць рост цэн і зрабіць больш жорсткім кантроль за выкананнем працоўнай дысцыпліны. "Камітэт дзяржкантролю, урад, губернатары надзяляюцца з сённяшняга дня ўсімі паўнамоцтвамі па вырашэнні праблем спажывецкага рынку, дысцыпліны і парадку на вытворчасці і ў краіне", — сказаў Лукашэнка.

"І прашу да мяне не звяртацца са скаргамі, што Камітэт дзяржкантролю, міліцыя або органы ўлады, кантралюючы дысцыпліну працы, выконваючы даручэнні прэзідэнта, кагосьці застукалі ў магазіне ў той час, калі ён павінен быць на будаўнічай пляцоўцы, на заводзе, на фабрыцы. Не чакайце ніякіх указанняў, выганяйце з працы адразу", — заявіў ён.

"Заўтра пачнуць патрабаваць павышэння зарплаты. А з чаго яе павышаць, калі прадукцыйнасць працы не павышаецца, — мяркуе кіраўнік дзяржавы. — Бедных трэба падтрымліваць, нямоглых, студэнтаў. А ўсіх тых, хто можа працаваць, і працаваць больш і лепш — трэба прымусіць працаваць, тады і зарплата будзе павышацца. Працы сёння хапае ўсім".

Лукашэнка мяркуе, што ў першую чаргу на сваю працоўную дысцыпліну павінны звярнуць увагу самі чыноўнікі. "У нас палова міністэрстваў на вуліцах у Мінску бадзяюцца. Зловім — адразу мятлу ў рукі", — сказаў ён.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, сёння бачна, хто падганяе ажыятаж і хоча прыхапіць усё найлепшае, што ёсць у Беларусі. "Актывы ім, бачыце, давай! Грошы наперад — заўтра будуць крэслы", — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі не здымае віны ні з сябе, ні з усіх тых, хто прысутнічае на нарадзе. "Але ў не меншай ступені — сёння і на людзях, якія стварылі гэту сітуацыю", — мяркуе ён.

Афіцыйны лідар запатрабаваў навесці строгі парадак і забяспечыць "самы жорсткі кантроль" за расходаваннем сродкаў у сацыяльнай сферы, у прыватнасці ва ўстановах аховы здароўя.

"Араць, вырабляць і прадаваць. Рэгулюйце, рэгулюйце і рэгулюйце. Не адыходзьце ад гэтага. Гэта ідэалагічная, калі хочаце, дыверсія — тое, што нас штурхаюць у гэту вось свабоду — там усё адрэгулюецца. А там нехта ляпнуў слых, у інтэрнэце прайшло, і нас пачало калаціць. Мы інтэрнэт не закрыем. Гэта яшчэ горш будзе. Вайна ідзе іншымі метадамі, і хто ў гэтай вайне пераможа, той застанецца жывы", — сказаў Лукашэнка.

"Чэрвень-месяц — усе праблемы ў тым выглядзе, у якім яны сёння існуюць, павінны быць зняты, — заявіў ён. — На паліцах павінна быць усё, што неабходна. Вызначайцеся, завозьце. Зрабіце так, каб пасля сённяшняй сустрэчы з вамі народ убачыў: так, сабраліся разам, на чале з прэзідэнтам, уцягнулі яго ў гэтыя разборкі, але ёсць вынік".

Лукашэнка запатрабаваў у трохдзённы тэрмін навесці парадак у цэнаўтварэнні і з асартыментам тавараў на паліцах магазінаў. Тыя кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў, якія будуць неабгрунтавана "ўзнімаць цэны" і нажывацца на гэтай сітуацыі, будуць прыцягвацца да "самай жорсткай адказнасці" ад пазбаўлення ліцэнзій да распачынання крымінальных спраў.

БелаПАН
Мінск, 27 мая 2011
 
Дата публикации:28.05.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3687
 
Ключевые слова:
Валютный кризис в Беларуси Экономика Таможенный союз Бюрократизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме