https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Працяг супрацоўніцтва з Лукашэнкам — пустая трата сіл і часу, мяркуюць міністры замежных спраў краін ЕС


"Не можа быць усё ў парадку паміж Еўрасаюзам і беларускім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам пасля таго, што адбылося ў Беларусі ў мінулую нядзелю", — заявілі міністры замежных спраў Швецыі, Чэхіі, Польшчы і Германіі Карл Білд, Карэл Шварцэнберг, Радослаў Сікорскі і Гіда Вестэрвеле ў сумесным артыкуле "Лукашэнка прайграў", які апублікавала амерыканская газета "Нью-Ёрк Таймс".
Міністры зазначаюць: апошнія некалькі месяцаў узрастала надзея на тое, што да слоў беларускага кіраўніка "можна ставіцца сур`ёзна". "Ён абяцаў запрасіць замежных назіральнікаў і стрымаў абяцанне. Ён казаў, што ў апазіцыі будуць магчымасці весці выбарчую кампанію, і былі некаторыя паляпшэнні. ЕС у адказ прыпыніў санкцыі і выступіў са шчодрай прапановай умоўнага палітычнага дыялогу, эканамічнага супрацоўніцтва і магчымасцю фінансавай дапамогі. Працяг быў як у інтарэсах ЕС, гэтак і ў інтарэсах народа Беларусі. Але затым усё змянілася", — падкрэсліваюць міністры.

У артыкуле таксама зазначаецца: калі працэс галасавання на выбарах "праходзіў у належным парадку", то падлік галасоў "ператварыўся ў фарс". "Паводле справаздач незалежных назіральнікаў, магчымасць сачыць за падлікам галасоў была "дрэннай" або "вельмі дрэннай" амаль на палове тых участкаў, дзе яны прысутнічалі, і разумна меркаваць, што была яшчэ горшай на іншых (дзе не было назіральнікаў. — БелаПАН.). Стала відавочным, што быў загад не падлічваць галасы, а абвесціць загадзя вызначаны вынік. Але горшае здарылася пасля", — гаворыцца ў артыкуле.

Апазіцыйныя кандыдаты былі збіты і затрыманы, як і сотні мірных удзельнікаў дэманстрацыі, канстатуюць аўтары артыкула. "Палітычныя зняволеныя сталі новай рэальнасцю, а рэпрэсіі — дзяржаўнай палітыкай", — падкрэсліваюць Білд, Шварцэнберг, Сікорскі і Вестэрвеле.

Еўропа, паводле слоў міністраў, "не бачыла нічога такога ўжо гады". Тое, што здарылася ў Мінску, яны параўноўваюць з тым, што "спрабаваў зрабіць Мілошавіч у Сербіі ў 2000 гадах", і зазначаюць: "убачанае вяртае нас да ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе".

Міністры таксама мяркуюць, што перспектывы атрымаць грошы ад Захаду, "каб выратаваць эканамічную сітуацыю, якая ўсё больш пагаршаецца", для Беларусі, "хутчэй за ўсё, расталі". "Інвестары будуць асцерагацца краіны, якая так яўна прадэманстравала грэбаванне законам, — гаворыцца ў артыкуле. — Еўрасаюз грунтуецца на такіх каштоўнасцях, як правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства закону. ЕС не будзе заставацца абыякавым да такога грубага парушэння гэтых каштоўнасцяў у нашай частцы свету".

Працяг супрацоўніцтва з Лукашэнкам, на думку міністраў краін ЕС, "зараз выглядае пустой тратай сіл і часу": "Ён зрабіў свой выбар — і гэты выбар супраць усяго таго, што абараняе Еўрасаюз".

"Але ёсць многія ў Беларусі, хто ведае, што яго гадзіннік цікае, і рыхтуюцца да лепшай будучыні. Нашы шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі розных слаёў беларускага грамадства запэўнілі нас, што краіна жадае быць часткай свабоднай і квітнеючай Еўропы, — зазначаюць кіраўнікі МЗС. — Зараз мы павінны паглыбіць нашы кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і тымі прадстаўнікамі ўрада, хто непрыхільна ставіцца да таго развароту, які зрабіла краіна. Іх нельга пакінуць або ім здрадзіць у той час, як для іх краіны пачынаецца, магчыма, новая цёмная эра".

"Найлепшая праверка нашых каштоўнасцяў — гэта тое, што мы робім ад імя бяссільнага. Еўропа не павінна маўчаць", — упэўнены кіраўнікі МЗС Швецыі, Чэхіі, Польшчы і Германіі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 снежня 2010

 
Дата публикации:24.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3991
 
Ключевые слова:
Евросоюз Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме