https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Някляеў заклікаў правесці новыя прэзідэнцкія выбары 19 сакавіка 2011 года без удзелу ў іх Лукашэнкі


Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заклікаў правесці новыя прэзідэнцкія выбары 19 сакавіка 2011 года без удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта палітык заявіў 16 снежня на сустрэчы з выбаршчыкамі на плошчы Свабоды ў Мінску, удзел у якой узялі каля тысячы чалавек.
Паводле яго слоў, Лукашэнка не мае права браць удзел у цяперашніх выбарах, бо неаднаразова парушаў заканадаўства Беларусі.

Някляеў таксама заклікаў выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня, пасля заканчэння выбараў, на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб даказаць, што Лукашэнка не карыстаецца ўсеагульнай падтрымкай людзей. Ён заявіў, што сам персанальна прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, каб даказаць, што грамадзяне маюць права адстойваць свой голас на масавых акцыях.

"Я прыйду на плошчу, каб даказаць, што цяперашняя ўлада — не ад бога, а ад д`ябла. Я прыйду на плошчу, каб даказаць усім міжнародным назіральнікам, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Плошча — гэта менавіта тая народная ўлада, пра якую запісана ў Канстытуцыі, што вярхоўнай уладай у Беларусі з`яўляецца народ", — сказаў Някляеў.

Нагадаем, 15 снежня на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур Лукашэнка запатрабаваў "не паддавацца ні на якія правакацыі".

"Вядома, яны (апазіцыя) ўвесь час крычаць: "Плошча, плошча, плошча!" Яшчэ раз хачу сказаць: мы папярэдзілі бацькоў, мы папярэдзілі выкладчыкаў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, школ. Мы папярэдзілі аб магчымых правакацыях, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага знаходжання людзей. Мы ўсіх папярэдзілі. Ёсць закон. Нельга ні ў якім выпадку паддавацца на правакацыі, таму што ім патрэбна карцінка, хаця б карцінка зараз, што вось, маўляў, такія "недэмакратычныя" ўлады, што Лукашэнка там "на касцях, на крыві зноў прыйшоў да ўлады". Ім гэта трэба. Мы ж падставіцца не павінны. Мы дакладна аддаем сабе ў гэтым справаздачу. Ні ў якім выпадку нельга падставіцца. Дзейнічаць трэба ў адпаведнасці са становішчам. Але самае галоўнае — не дай бог будзе ўчынена якая-небудзь правакацыя і не дай бог здарыцца нешта з людзьмі. Мы павінны абараніць людзей. Гэта задача праваахоўных органаў, і тут літасці нікому не будзе. Не дай бог толькі пераступіць хтосьці той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць. Анатоль Нілавіч (кіраўнік МУС Анатоль Куляшоў. — БелаПАН.), рэакцыя праваахоўных органаў, дый ваенных, павінна быць адэкватнай і жорсткай. Ідзіце з мірам (дэманстранты) туды, куды можна ісці, дзе вызначана месца. Ідзіце, калі ласка, размаўляйце, мітынгуйце. Але калі гэта парушэнне закона, то і рэакцыя павінна быць адэкватнай", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас нарады Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзеянні праваахоўных органаў. "Каб у нас не было ні мітусні, ні нейкіх там залішніх целарухаў. Вы ж добра разумееце, што калі б гэтыя "майстры" (апазіцыя) на нешта былі здольныя, яны сябе б так не паводзілі. Яны проста спрабуюць нас справакаваць. Мы аддаем сабе ў гэтым поўную справаздачу. Ніякі народ яны на плошчу не выведуць. Народу не патрэбна ніякая плошча. Усе ж цудоўна разумеюць, што хлопцаў, падлеткаў кінуць наперадзе, а самі (арганізатары) схаваюцца, як звычайна, за іх спінамі або наогул уцякуць, як гэта было заўсёды. Нават падлеткі гэта цудоўна разумеюць", — зазначыў Лукашэнка.

"У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб цывілізавана і разумна супрацьстаяць гэтым хістанням і разброду, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Трываласць улады сёння настолькі вялікая, што нам няма неабходнасці прымяняць нейкія там надзвычайныя метады. Але да ўсяго мы павінны быць гатовыя".

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 16 снежня 2010

 
Дата публикации:17.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3658
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме