https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Праблемы краіны, іх прычыны і шляхі вырашэння"


Перадвыбарчая Праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктара Цярэшчанкі.
Паважаныя выбаршчыкі!

Я кандыдат эканамічных навук, дацэнт па спецыяльнасці "эканоміка". Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІІ склікання. Маю вопыт работы ў сферах дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання.

Жанаты. У мяне тры дачкі і ўнучка. Бацька і маці беларусы, ветэраны вайны і працы.

Я ведаю патрэбы і праблемы людзей і бачу шлях выхаду краіны з крызісу.

Дзеля таго, каб надзеі кожнага на лепшае жыццё, добры дом, моцную сям`ю, дабрабыт дзяцей сталі рэальнасцю, я гадамі распрацоўваў гэтую Праграму, вывучаў айчынны і сусветны вопыт. Знайдзіце час унікнуць у мае прапановы. У іх — ключ да дабрабыту краіны, сям`і і кожнага чалавека!

Што сёння трывожыць людзей?

У першую чаргу — рост цэн. За 16 гадоў з часу выбрання Прэзідэнта цэны на прадукты з улікам грашовых дэнамінацый выраслі ў тысячы разоў! Зарплаты, пенсіі, стыпендыі, дапамогі адстаюць ад росту цэн. І кожны разумее, што пасля выбараў рост цэн пойдзе яшчэ хутчэй.

Чаму вырабляем больш, а маем менш? Куды ўсё дзяваецца?


Справа ў тым, што наш рубель увесь час таннее. За 16 гадоў ён абясцэніўся да долара ў 4 тысячы разоў! Таму ў краіне людзі, прадпрыемствы, банкі купляюць і назапашваюць долары і еўра. Але і гэтыя грошы абясцэньваюцца. За тыя ж 16 гадоў долар стаў танней да золата ў 4 разы! Скупляючы і захоўваючы валюту, мы працуем на сусветных банкіраў.

Наш рубель не валюта. Па сутнасці, у краіне няма нацыянальных грошай.

Зніжаецца канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі. Нашы вытворцы бяруць крэдыты ў банках. У той час як замежныя канкурэнты даўно працуюць па іншай фінансавай схеме. Як акцыянерныя таварыствы, развіваюцца за кошт інвестыцый у абмен на акцыі.

Дырэктары і кіраўнікі вертыкалі! Пралічыце вашы закрэдытаваныя бізнэс-планы па варыянце прамых інвестыцый. Вы пераканаецеся, што фінансавая затратнасць нашых прадпрыемстваў у 2 разы вышэй, чым у канкурэнтаў. Паколькі ўключае пагашэнне крэдытаў і "дзікія" працэнты. Канкурэнтныя цэны мы трымаем нізкай зарплатай рабочых.

Урад не бачыць уласных крыніц інвестыцый. Нашы банкі адны з самых дробных у свеце. Нашы станкі, машыны, абсталяванне зношаныя. Але гэта не віна дырэктараў, банкіраў. Гэта наступства памылак у грашова-крэдытнай палітыцы краіны.

Грубая памылка і ў падатковай сістэме. Ва Урадзе не разумеюць, што галоўны прынцып падатковай сістэмы канкурэнтаў — спачатку не перашкаджаць вытворцу выпусціць і прадаць прадукцыю, а ўжо потым — узяць падаткі з прыбытку.

У Беларусі падаткі ўключаюць у цану прадукцыі, як затраты і надбаўкі да іх. Каб выканаць прагнозы, прадаём са стратамі. Страты маскіруюцца ва ўліку пераацэнкамі маёмасці і "затратамі будучых перыядаў".

У краіне ідзе барацьба з бюракратызмам і карупцыяй. Але яны не знікаюць, як вынік самой Сістэмы. У ёй кожны "князь"-чыноўнік прэзідэнцкай вертыкалі — яе закладнік і бяспраўны чалавек. Каб утрымацца, ён павінен дагаджаць свайму начальніку. Інакш не пракорміць сям`ю.

Дабівацца росту даходаў, прыбытку і легальнай зарплаты на нашых прадпрыемствах — нявыгадна. Усе матывацыі для наёмных работнікаў у такой сістэме — працаваць менш, але больш атрымліваць і не плаціць падаткі. Таму Сістэма вымушаная жорстка кантраляваць і прымушаць людзей працаваць.

Любога кіраўніка на любым прадпрыемстве заўсёды можна ў чымсьці абвінаваціць. Кантракт яго не абараняе. І суд не апраўдае. Бо суддзі таксама закладнікі Сістэмы. Іх прызначае і вызваляе галоўны "ўласнік краіны" — Прэзідэнт.

Сёння ўлада бачыць выратаванне ў прыцягненні замежнага капіталу. Гэта стратэгія адсталых дзяржаў, навязаная міжнародным капіталам, які размяшчае экалагічна небяспечныя вытворчасці на чужых тэрыторыях. На такіх тэрыторыях народу адводзіцца роля толькі рабсілы і канкурэнта мігрантам у краіну. Калі Беларусь пойдзе па гэтым шляху, то мы атрымаем міжрэлігійныя і этнічныя праблемы, якія цяпер трасуць краіны Еўропы, ЗША і ўвесь свет.

Я ПРАПАНУЮ:

1. Незалежнасць краіны ад замежнай валюты. Мы зможам самі даваць крэдыты і грашовыя інвестыцыі іншым краінам.

Тлумачу, як гэта зробім.

Забяспечым нашы грошы нацыянальнай маёмасцю. Увядзём рубель свабоднаканвертуемым з пачатковым курсам 3 рублі за 1 долар.

Адначасова з гэтым усе эканамічна абгрунтаваныя праекты нацыянальных прадпрыемстваў атрымаюць права на дзяржаўныя інвестыцыі за кошт продажу сваіх акцый дзяржаве. Такая схема фінансавання разам са змяненнем падаткаў і спрашчэннем уліку рэзка павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў, работ і паслуг.

Гэта актывізуе нашу эканоміку на нацыянальнай грашовай аснове. Экспарт стане даходным. Акцыі прадпрыемстваў (а не віртуальная валюта замежных дзяржаў і не золата, якое змярцвляе рэсурсы), стануць забеспячэннем нацыянальных грошай. Акцыі эфектыўных прадпрыемстваў — гэта актывы, лепшыя за золата!

Эканоміку краіны напоўніць моцная нацыянальная валюта. Беларускія банкі стануць хутка расці. Крэдыты будуць даступнымі для ўсіх, як у развітых краінах (2—3% гадавых). Прадаваць свае акцыі дзяржаве або крэдытавацца ў банках — гэта будзе свабодны выбар прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў.

Кіраваць прадпрыемствамі ў краіне будзе не Прэзідэнт, а кампетэнтныя спецыялісты і дырэктары прадпрыемстваў, падкантрольныя сваім праўленням, працоўным калектывам і заканадаўству. Акцыі будуць прадавацца работнікам, банкам, грамадзянам, а таксама іншаземцам, але за нашу валюту.

Продажам акцый будуць забірацца адпаведныя сумы грошай з абарачэння і павышацца курс рубля.

Такім чынам, за 5—7 гадоў, а то і раней, выйдзем да долара — адзін да аднаго. Гэтым спынім рост цэн. А зарплаты, пенсіі, стыпендыі і дапамогі будуць расці ў нашай дзяржаўнай валюце. І дасягнуць еўрапейскага ўзроўню.

2. Асноўнай крыніцай для бюджэту стануць даходы ад дзяржінвестыцый.

Падаткі будуць выплачвацца, у асноўным, з прыбытку і стануць зніжацца.

Падаткі будуць дакладна абгрунтаваныя. Іх роля стане рэгулюючай. Сама сістэма падаткаабкладання, а не льготы для выбраных, стане стымуляваць вытворчасць.

3. Створым умовы высокіх матывацый у вытворчасці. Мы адновім права работнікаў на ўдзел у даходах прадпрыемстваў. Кожны работнік — ад радавога да кіраўніка — зможа зарабляць акцыі прадпрыемства, якія будуць налічвацца ў дадатак да зарплаты. Развіваць вытворчасць, укладваць у яго накапленні для кожнага работніка стане больш выгадна, даходна, чым захоўваць грошы дома або на банкаўскіх укладах. Пры жаданні кожны член працоўнага калектыву зможа і дадаткова набываць акцыі свайго прадпрыемства.

4. На сяле і ў сельскай гаспадарцы будзе працягнута палітыка дзяржавы. Больш за тое, будзе праведзена спісанне з сельгасвытворцаў (уключаючы фермераў) усіх даўгоў па падатках і штрафах. Разаўём сістэму гарантаванага дзяржзаказу на сельгаспрадукцыю. У сяла "адкрыецца дыханне" для эфектыўнай працы ў новай падатковай сістэме, дзе выплаты будуць з прыбытку. Даходы на сяле будуць не ніжэй за ўзровень даходаў гараджан.

5. Падымем прэстыж беларускай навукі і інжынернай школы, аплату працы навукоўцаў і навукова-педагагічных работнікаў, настаўнікаў, работнікаў культуры, мастацтва, дашкольных устаноў, урачоў і малодшага медперсаналу.

6. Адновім права індывідуальных прадпрымальнікаў па найме работнікаў з захаваннем заканадаўства аб працы. Улічым Нацыянальную Платформу бізнэсу Беларусі і Канцэпцыю комплекснай мадэрнізацыі краіны, распрацаваныя Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва.

7. Мы не будзем павышаць пенсійны ўзрост. Але для тых, хто ХОЧА працаваць, дадзім ПРАВА выхаду на пенсію па іх жаданні пазней. Увядзём забарону звальняць работніка на пенсію без яго згоды. Гэта вялізны рэсурс для краіны! Працоўныя кантракты для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў будуць неадкладна адмененыя.

Усе гэтыя меры раскрыюць патэнцыял людзей і эканомікі. Мы разам, без страху, надрываў і гвалту, спакойна, з павагай адно да аднаго, падымем вытворчасць і ўмацуем нашу дзяржаву.

Аздараўленне эканомікі дасць крыніцы для гарантаванага выканання ўсіх намечаных рашэнняў дзяржавы ў пытаннях росту зарплаты, пенсій, стыпендый, дапамог.

За кошт эканамічнага росту забяспечым вырашэнне і новых задач у сацыяльнай сферы. У тым ліку дадаткова павысім выплаты адзінокім маці, шматдзетным, маламаёмным, інвалідам. Палепшым сістэму адрасных датацый сем`ям з нізкімі даходамі. Для моладзі — бясплатная першая вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя. Іншагароднім студэнтам — інтэрнат або кампенсацыю паловы выдаткаў на арэнду пакоя. Кожнаму студэнту вочнай формы навучання — стыпендыю з улікам паспяховасці. Ільготны праезд у транспарце. Ільготны крэдыт для студэнтаў, якія стварылі сям`ю. Адменім плату за праезд дзецям і школьнікам у гарадскім транспарце... (гл. поўны тэкст Праграмы ў інтэрнэце).

Я гарантую стварэнне ў краіне эфектыўнай сістэмы правапрымянення і незалежнай судовай сістэмы, пракурорскага нагляду і дзяржкантролю. Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і Суддзяў усіх узроўняў будзе прызначаць заканадаўчы орган краіны — Парламент, а не Прэзідэнт. Рэалізуем "векавую мару беларусаў — людзьмі звацца!".

У міжнароднай палітыцы Беларусь будзе кіравацца мудрым прынцыпам "дакладнейшы падлік — мацнейшае сяброўства" і лозунгам "За моцную, стабільную і квітнеючую Беларусь у Саюзе з брацкай Расіяй, Украінай — сёння, заўтра і на вякі!". Наладзім добрасуседскія адносіны з краінамі Еўрасаюза і іншымі краінамі.

У інтарэсах народа я гатовы да кампрамісаў. Калі Вы выбераце Прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку, я прапаную яму гэту Праграму як стратэгію далейшага развіцця краіны. Але ці прыме ён яе? Не выключана, што пры захаванні яго Сістэмы кіраўніцтва Урад і кіраўнікі прадпрыемстваў акажуцца "хлопчыкамі для біцця" за правалы ў эканоміцы, а народ застанецца падманутым у надзеях.

Калі мы хочам змен, то для гэтага павінны аб`яднаць намаганні.

Хто хоча дапамагчы краіне, давяраючы маёй Праграме, калі ласка, данясіце яе сваім блізкім. Поўны тэкст размешчаны ў інтэрнэце: httр://tеrеshсhеnkо.оrg.

Дзякуй Вам.

З павагай,

Ваш кандыдат у Прэзідэнты
Рэспублікі Беларусь
Віктар Цярэшчанка.

Звязда
3 лістапада 2010


 
Дата публикации:03.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3889
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Программы кандидатов в президенты Республики Беларусь Программа В.Терещенко
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме