https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ружы для Мікіціча


Пра сітуацыю вакол французска-расійскай кампаніі "Данон-Юнімілк" на беларускім рынку не выказаўся хіба толькі лянівы сродак масавай інфармацыі. Справа зараз на кантролі ў кіраўніка дзяржавы, таму ёсць падставы спадзявацца, што нашы вытворцы і перапрацоўшчыкі малака не будуць больш цярпець ад прыезджых інвестараў-гастралёраў.
У многім гэта стала магчыма дзякуючы сталай і прынцыповай пазіцыі маленькага калектыву дагэтуль амаль нікому не вядомага Пружанскага малочнага камбіната. Гэта яны, працаўнікі, не маўчалі, не склалі рукі, не чакалі, пакуль прыйдзе з замежжа нейкі новы гаспадар і, мабыць, забяспечыць іх работай. Яны сталі біць ва ўсе званы, пісаць ва ўсе інстанцыі, збірацца на сходы — выказваць сваю пазіцыю. І іх пачулі.

Сёння калектыў пружанскага малакаперапрацоўчага прадпрыемства складаецца з 350 чалавек. А раней было 500, да прыходу ў 30-тысячныя Пружаны вышэйназванай замежнай кампаніі. І ў цэху, які набыў "Юнімілк", аказалася непатрэбным не толькі абсталяванне для глыбокай перапрацоўкі малака (яго разабралі і вывезлі на склад), сталі лішнімі многія людзі. Так, без працы засталіся некаторыя вадзіцелі, што збіралі малако па раёне. Ды што там вадзіцель ці лабарантка — на пэўным этапе лішнім аказаўся і дырэктар завода. А гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Уладзімір Мікалаевіч Мікіціч узначаліў прадпрыемства з дзясятак гадоў таму. Да гэтага камбінату вельмі не шанцавала. Засланцы з Брэста, якія часта мяняліся, давялі яго, як той казаў, ледзь не да ручкі. І вось былы кіраўнік паспяховага сельгаспрадпрыемства крок за крокам за дзве пяцігодкі вывеў ААТ "Пружанскі малочны камбінат" у лік перадавых прадпрыемстваў малочнай перапрацоўкі Брэсцкай вобласці. Да таго ж у раёне Уладзімір Мікіціч — чалавек адметны і аўтарытэтны. Я памятаю Уладзіміра Мікалаевіча дваццаць гадоў таму, калі ён працаваў старшынёй калгаса імя Свярдлова Пружанскага раёна. Тады ён выдзяляўся сваім сталым мысленнем, а яшчэ інтэлігентнасцю. У той час многія здзіўляліся, як Мікіціч паспяхова кіруе калгасам: матам не лаецца, голас амаль не павышае, а справы ідуць лепш, чым ва ўсіх суседзяў? Вось і тады, відаць, стаўку рабіў найбольш на эканамічныя рычагі кіравання. Як і пазней, на камбінаце. І так, што па выніках работы за 2009 год быў прызнаны лепшым кіраўніком малака- і мясаперапрацоўчага прадпрыемства канцэрна "Брэстмясамалпрам".

Толькі гэта не перашкодзіла назіральнаму савету ААТ "Пружанскі малочны камбінат" два тыдні таму, 25 студзеня, вызваліць дырэктара ад пасады, якую той займаў. Нідзе не гаварылася, але ўсе ведалі пра тое, што дырэктар стаў перашкодай на шляху продажу кантрольнага пакета акцый камбіната кампаніі "Юнімілк". Вось і знялі, як лот з аўкцыёна, без тлумачэння прычын. Сказалі, што закон дае савету такое права. Як аказалася, закон дае права і адмяніць сваё рашэнне. І пасля нарады ў Прэзідэнта назіральны савет сабраўся зноў. Як вызвалялі, у сабакі вочы пазычыўшы — так, трэба думаць, і назад вярталі.

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам "Звязды" Уладзімір Мікіціч сказаў, што ўсе пытанні наконт далейшага супрацоўніцтва з замежнай кампаніяй адкрытыя. Пратакол даручэнняў Прэзідэнта вельмі грунтоўны, над ім зараз працуюць у розных інстанцыях, будуць весціся перамовы і кансультацыі, а камбінат пакуль працуе ў папярэднім рэжыме, работы хапае.

— А праўда, што вас сустракалі вялізным бярэмам ружаў?

— Вой, толькі не варта пра гэта пісаць, стыхійны ўсплёск людскіх эмоцый.

А вось тут дазвольце не пагадзіцца, Уладзімір Мікалаевіч. Гэта не стыхійная, а хутчэй заканамерная праява эмоцый. Прычым не горшых эмоцый. Людзі адчулі, што яны не проста нейкія "вінцікі" ў вялікім безасабовым механізме, а яны — калектыў, які мае права на сваё меркаванне і можа быць пачутым. Яны святкавалі перамогу справядлівасці і здаровага сэнсу. І за іх можна парадавацца. Засмучае другое.

Каб не дайшла ўся гэтая гісторыя да самага верху, невядома, чым скончылася б. А колькі яшчэ такіх дырэктараў, якіх звальняюць па нечай злой волі, па несупадзенні інтарэсаў, па нейкіх іншых прычынах, акрамя прамых інтарэсаў вытворчасці? А калектывы не валодаюць такой ступенню грамадзянскай сталасці, каб сказаць сваё важкае слова ў абарону. Не валодаюць, не ўмеюць... застаецца адно — вучыцца.

Святлана Яскевіч
Звязда  11 лютага 2011
 
Дата публикации:11.02.2011
Тематика:Товары из Беларуси, Беларусь
Просмотров:3849
 
Ключевые слова:
Данон-Юнимилк Бизнес Белорусское молоко Экономика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме