https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У БДУ пачынае працаваць Акадэмія веб-адукацыі для школьнікаў і студэнтаў


21 лютага пачынаюцца заняткі ў Акадэміі веб-адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Праект распрацаваны супрацоўнікамі механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Трохузроўневая праграма навучання прызначана для вучняў 7—11-х класаў і студэнтаў ВНУ. Залічэнне ў акадэмію слухачоў старэйшага ўзросту арганізатары пакуль не разглядаюць. 

Першы ўзровень акадэміі — "Праца карыстальніка ў інтэрнэце" — з`яўляецца базавым. Тут слухачоў навучаць працы ў глабальнай сетцы з нуля, дапамогуць сфарміраваць навыкі эфектыўнага пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. 

Другі — "Дызайн і праектаванне сайтаў" — прадугледжвае навучанне пабудове кліенцкіх сайтаў. Запланавана таксама вывучэнне камп`ютарнай графікі для веб-сайтаў, асноў веб-дызайну, праектавання і распрацоўкі сайтаў. 

На трэцім узроўні — "Веб-тэхналогіі" — слухачы змогуць атрымаць прафесійныя веды па асновах стварэння веб-дадаткаў, камп`ютарных размеркаваных тэхналогій, PHP, Java. 

Як паведаміў загадчык кафедры веб-тэхналогій і камп`ютарнага мадэлявання БДУ Валерый Раманчык, сярод асноўных мэт акадэміі — "ліквідацыя інтэрнэт-неадукаванасці, барацьба з гульнявой залежнасцю, падрыхтоўка годных спецыялістаў". "Інтэрнэт-адукаванасць, ці "новая адукаванасць", ахоплівае ўсе бакі жыцця ў інфармацыйным грамадстве: уменне замовіць білет, правесці аплату праз глабальную сетку, трапіць у музей ці бібліятэку, паглядзець пэўны фільм, патэлефанаваць бясплатна", — адзначыў Раманчык. 

Мала хто са студэнтаў і школьнікаў сёння не карыстаецца інтэрнэтам, аднак многія гэта робяць метадам тыку, дадаў загадчык кафедры, "узровень ведаў і разумення застаецца вельмі нізкім". 

"Студэнтам і школьнікам можа падацца, што матэрыял, які мы збіраемся падаваць на першай ступеньцы навучання ў акадэміі, ім ужо вядомы. Аднак мы не хацелі б пераводзіць слухачоў на другі этап без ліквідацыі камп`ютарнай неадукаванасці. Паколькі, як паказвае практыка, школьнікі інтэрнэтам валодаюць недастаткова добра", — падкрэсліў ён. 

Што датычыцца гульнявой залежнасці, то барацьба з ёй будзе ажыццяўляцца "шляхам больш глыбокага навучання". "Энергія і інтэлект будуць перанакіраваныя на іншыя цікавыя рэчы", — растлумачыў Раманчык. 

Паводле яго слоў, праграма акадэміі адрозніваецца ад іншых аналагічных адукацыйных праектаў у першую чаргу тым, што яна з`яўляецца аўтарскай. Заняткі ў акадэміі будуць весці выкладчыкі кафедры веб-тэхналогій і камп`ютарнага мадэлявання БДУ пры падтрымцы навучальнага цэнтра механіка-матэматычнага факультэта. 

Плануецца, што заняткі будуць праходзіць па суботах і доўжыцца тры акадэмічныя гадзіны. Працягласць кожнага семестра складзе 48 гадзін. Кошт аднаго семестра — 810 тысяч рублёў. 

На сайце дыстанцыйнага навучання акадэміі слухачы змогуць знайсці прапушчаны матэрыял самастойна, а таксама выканаць практычныя і дамашнія работы. 

Пасля заканчэння слухачам будзе выдавацца дакумент, які пацвярджае праходжанне адукацыйнага курса. "Хутчэй за ўсё, гэта будуць дыпломы павышэння кваліфікацыі, аднак да канца гэтае пытанне яшчэ не прапрацавана", — адзначыў Валерый Раманчык.

Вікторыя Ляхновіч, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2015
 
Дата публикации:21.02.2015
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:1238
 
Ключевые слова:
Веб-технологии Интернет Белорусский государственный университет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме