https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лёс беларускамоўных


Радыё Свабода прасачыла, як склаўся лёс мінчанкі Насты Лісіцынай і іншых дзяцей, якія ў розны час насуперак абставінам вучыліся па-беларуску.
Сёлета ў Беларусі былі ліквідаваныя 54 школы, пераважна беларускамоўныя. А з улікам трох папярэдніх гадоў спынілі працу амаль 400 пачатковых, базавых і сярэдніх устаноў адукацыі. Колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, усе апошнія гады скарачаецца.

Напрыканцы 80-х гадоў на ўвесь савецкі Менск толькі адна дзяўчынка вучылася на беларускай мове? Як склаўся лёс мінчанкі Насты Лісіцынай і іншых дзяцей, якія ў розны час насуперак абставінам вучыліся па-беларуску?

Менск

«Менскія чыноўнікі з нас зьдзекаваліся»

Цяпер у Насты Лісіцынай добрае сямейнае жыцьцё і пасьпяховая кар’ера. Яна атрымала вышэйшую адукацыю ў Літве, дзе ва ўнівэрсытэце аднавілі беларускі пэдагагічны факультэт.

А пра пачатак школьнай адукацыі Насты Лісіцынай расказаў «Свабодзе» беларускі мастак Алесь Цыркуноў. Ягоная дачка Алена — раўналетак Насты, і таму іх бацькі разам змагаліся ў савецкім Менску за беларускасьць.

«Разам з маці Насты Лісіцынай мы абівалі розныя парогі ўладных установаў.Урэшце, Лісіцыны змушаныя былі наймаць настаўніка, каб дома навучацца па-беларуску, і толькі ў пятай клясе ў школе ёй выкладалі прадметы на беларускай мове».
У дождж, сьнег шукаць аўтобус, каб дабрацца за 20 кілямэтраў у Наваселкаўскую школу, якая па Ракаўскай шашы.

Дачка Алеся Цыркунова таксама атрымала адукацыю па-беларуску і нават пры больш складаных ўмовах.

«Я ня мог цярпець, як чыноўнікі з нас зьдзекаваліся. Вырашыў, што лепш буду вазіць дзіця за межы Менску, каб дзіця навучалася па-беларуску. Трэба было вельмі рана уставаць. У дождж, сьнег шукаць аўтобус, каб дабрацца за 20 кілямэтраў у Наваселкаўскую школу, якая па Ракаўскай шашы. Столькі нам зь дзіцем давялося перацярпець, але ж не паддаліся, за сваю мову трымаліся. Як адкрыўся Беларускі гуманітарны ліцэй імя Коласа, то дачка паступіла. І лёс, дзякуй Богу, склаўся ўдала. Вучылася на гістарычным факультэце БДУ і ў асьпірантуры, працуе цяпер у Нацыянальнай акадэміі навук.

Берасцейшчына

Беларускамоўныя — пасьпяховыя

Пасьля заканчэньня школы беларускамоўныя школьнікі Берасьцейшчыны без праблемаў паступаюць у беларускія і замежныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Навучаньне на роднай мове зусім не перашкаджае далейшай адукацыі і кар’еры.

Алег Лабовіч, жыхар гораду Бяроза скончыў школу зь беларускай мовай навучаньня. Цяпер ён інжынэр маторарамонтнага заводу ў Бярозе. Навучаньне на беларускай мове пайшло толькі на карысьць, кажа спадар Алег. Яго дзеці цяпер таксама наведваюць беларускамоўныя клясы, якія былі створаныя дзякуючы яго намаганьням:

«Асабіста я навучаўся ў вясковай беларускамоўнай школе. Не шкадую, што навучаўся на роднай мове. У прафэсійнай дзейнасьці мне гэта зусім не перашкаджае. Канечне, неабходна добра валодаць і расейскай мовай пры гэтым.»

Надзея Колас, Тацяна Лабко і Наста Каралінская ў 2006 годзе скончылі ў Баранавічах беларускамоўную клясу. Дзяўчаты самастойна ініцыявалі стварэньне ў сваёй школе гэтай клясы. Цяпер яны працягваюць сваю адукацыю ў ВНУ. Наста Каралінская зьехала ў Варшаву, праз год ужо атрымае дыплём. Яна кажа:

«Я вывучаю філязофскія дысцыпліны. Цяпер пойдзе чацьверты год майго навучаньня. Тацяна Лабко навучаецца ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце. А Надзея Колас вывучае спэцыяльнасьць дызайнэра ў БДУ».

Бацькі Надзеі Колас кажуць, што навучаньне ў беларускамоўнай клясе пайшло толькі на карысьць. Цяпер прадметы ў ВНУ выкладаюцца ня толькі на расейскай мове, але і на беларускай — гэта залежыць ад выкладчыка. Бацька Надзеі Мікалай Колас кажа, што яе выбар быў сьвядомы, бацькі яе падтрымалі:

«Мы таксама раілі ёй навучацца на роднай мове. Цяпер бачым, што гэта пайшло толькі на карысьць і задаволеныя яе далейшым навучаньнем».

Тацяна і Алег Малашчанкі з Баранавічаў сёлета дамагліся стварэньня беларускамоўнай клясы ў Баранавічах. Гэта адзіная кляса, дзе навучаецца толькі іх дачка першаклясьніца. Больш ахвотных не было, бо чыноўнікі адукацыі стварылі клясу ў школе на ўскраіне гораду, куды дабірацца надзвычай складана. Тацяна Малашчанка кажа, што нягледзячы на меркаваньні іншых людзей, яны перакананы, што навучаньне па-беларуску пойдзе дачцэ толькі на карысьць, і пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца іх старэйшая дачка:

«Мы не баімся, бо старэйшая нашая дачка навучалася ў беларускім ліцэі. Цяпер яна студэнтка Варшаўскага ўнівэрсытэту. Яна навучаецца на культуралягічнай спэцыяльнасьці. Пакуль што яна на першым курсе. Дарэчы ў наступным яна будзе вывучаць беларускую культуру, беларускія традыцыі».

Праблема з навучаньнем на беларускай мове, кажа Тацяна Малашчанка, гэта момант мэнтальнасьці. Страх быць белай варонай:

«Калі чалавек цураецца сваёй мовы, ён заганяе сябе ў хваробу. Бо гэта страх, а страх — гэта хвароба. Бо нават калі чалавек цалкам пасьпяховы, але расейскамоўны, ён не адчувае задавальненьня, бо не рэалізуе сябе.»

Віцебшчына

Выпускнікі вясковых беларускамоўных школ сталі вядомымі людзьмі

Школу зь беларускай мовай навучаньня ў вёсцы Заронава Віцебскага раёну ўжо зь дзясятак гадоў спрабуюць зачыніць, бо колькасьць вучняў з году ў год зьмяншаецца. Але, кажа настаўніца Людміла Нікіціна, бацькі ніколі не імкнуліся перавесьці сваіх дзяцей у суседнюю, Суйкаўскую школу, дзе выкладаюць па-расейску. Бо Заронаўская школа мае добрыя традыцыі, і зь яе выходзяць годныя выпускнікі:

«Нашы вучні вам калі ласка! Іжохін Віталь, скончыў у Санкт-Пецярбургу вельмі прэстыжны ўнівэрсытэт. Людміла Волкава — вельмі паважаны лекар-гінэколяг. Зайцаў Алег скончыў дзьве ВНУ ў Менску, у яго там свая фірма. Мой сын вучыцца зараз на гістарычным у Віцебску. Тых, хто мае вышэйшую адукацыю, у нас вельмі-вельмі шмат! Нашы дзеці не прапалі.»

Людміла Нікіціна, настаўніца з больш як 20-гадовым стажам, катэгарычна не падзяляе меркаваньне, што, маўляў, школьная беларускамоўная адукацыя потым будзе перашкодай для паступленьня ў ВНУ і для кар’еры:

«Ні ў якім разе! Нашы школьнікі вельмі хутка адаптуюцца ў расейскай мове. Ну, можа, пару месяцаў цяжкавата, пакуль там тэрміны новыя па матэматыцы, хіміі, фізыцы, а так — ніякіх цяжкасьцяў! Гэта нейкі шкоднік распаўсюджвае такія думкі, гэта расейскі шавінізм! Каб тая беларусізацыя, што распачалася з 1990-я, цяпер працягвалася, ужо б вынікі мы мелі супэр!».
Нашы школьнікі вельмі хутка адаптуюцца ў расейскай мове.

Аднаго з былых вучняў Заронаўскай школы, пра якога згадвала спадарыня Нікіціна, давялося засьпець у адпачынку ў роднай вёсцы. Віталь Іжохін, які цяпер жыве ў Расеі і займае добрую пасаду, ані разу не пашкадаваў, што навучаўся ў беларускамоўнай школе:

«Як гэта мне магло нашкодзіць? Нармальная адукацыя, ды плюс яшчэ беларуская мова! Тут, у Віцебску, на ёй не прынята размаўляць, але я яе памятаю, усё разумею. Вучыўся я ў Піцеры, былі намеры вярнуцца. Але ж тут ужо Аляксандар Рыгоравіч быў, і я застаўся ў Расеі. Працую ў Газпраме, у адзьдзеле галоўнага энэргетыка, жыву ў Новым Урангоі».

У вёсцы Міжрэчча Мёрскага раёну раёну вучыўся вядомы сучасны беларускі празаік Франц Сіўко:

«Я рос у такім асяродзьдзі, дзе размаўлялі на дыялекце. І беларуская мова ў вуснах настаўніка была нязвыклай. Безумоўна, гэта стала штуршком да авалоданьня літаратурнай беларускай мовай. Я дужа ацаніў гэта ўжо праз гады. У нас вучылася прафэсар з унівэрсытэту культуры Галіна Тычка, мая аднаклясьніца. Мой сябар дзяцінства Юзік Кашкур — завуч у сярэдняй школе № 3 ў Мёрах, ён выдатна валодае роднай мовай і ня грэбуе размаўляць на ёй».

Франц Сіўко не адзін дзесятак год адпрацаваў выкладчыкам і расейскай, і беларускай мовы. Калі сёньня некаторыя бацькі гавораць, што беларуская мова непэрспэктыўная, што вучыць на ёй дзетак бессэнсоўна, і патрабуюць пераводу на расейскую мову навучаньня, Франц Сіўко мяркуе так:

«Мне здаецца, калі так ставяцца, то гэта пытаньне агульнага разьвіцьця чалавека ў пэўным сэнсе. І можа быць этыкі. І толькі».

Магілёўшчына


«Нашу беларусачку не паставілі ў шыхт ні ў школе, ні пасьля школы»

На Магілёўшчыне таксама нямала дзяцей, якія насуперак абставінам вучыліся па-беларуску.

У студэнцкім горадзе Горкі дзесяць год адвучылася па-беларуску Марыля Каралькова. Зь іх адзін год яе вучылі дома. Бацькі адмаўляліся аддаваць дачку ў школу, дзе не было беларускамоўных клясаў. Бацькоўская прынцыповасьць дала плён. У чацьвёртай школе Горак адчынілі малакамплектную беларускамоўную клясу.

«Яны сказалі, у нас няма падрыхтаваных настаўнікаў. Дайце нам адзін год і мы далі ім, але яны нічога не зрабілі, таму мы вырашылі, што кампрамісаў зь імі ня можа быць у гэтым пытаньні. Трэба бараніць сваё, і ніякіх саступак», — кажа Віктар, бацька Марылі.

Абарона бацькамі права свайго дзіця атрымліваць адукацыю на роднай мове загартавала характар Марылі. Яна стала самастойнай значна раней за сваіх аднагодак, лічыць Віктар Каралькоў. Скончыла Марыля школу на выдатна. У васямнаццаць гадоў напісала заяву на ўступленьне ў беларускую Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю. Потым заявіла бацькам, што працягне вучыцца ў Польшчы, на палітоляга.

«Яна нам гэта аб’явіла і гэтым нас спалохала. Я запытаўся: „А мова?“. А яна адказала: „Не хвалюйцеся, я ўсё адолею“. Яна не паддалася на тое, што я ёй хацеў прапанаваць. Яна абрала тое, што яна хацела. Яе не паставілі ў шыхт ні ў школе, ні пасьля школы. Мне застаецца толькі ганарыцца дачкой».

Польскую мову Марыля вывучала хутка, не забылася й на сваю. У беларускамоўнай клясе таксама вучыцца і Марылін брат Мікіта.

Свае першыя крокі ў жыцьцё робіць шасьцігадовая Ялінка Салаўёва з Магілёва. За яе плячыма тры гады беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку і тры дні беларускамоўнага навучаньня ў клясе, у якой акрамя яе вучняў няма. Ёй дужа цяжка, кажа яе маці Надзея. Ёй не хапае зносінаў з аднагодкамі.

«Ёй Бог даў такі вельмі моцны прынцыповы мэтанакіраваны характар. Ёй гэта дужа дапамагае. Я перакананая, што беларуская школа пакіне свой пазытыўны адбітак на яе характары. Яна будзе ўсьведамляць сябе беларусачкай. Я ўпэўненая, што пры такіх абставінах яна ня можа ня стаць добрым чалавекам».

Гарадзеншчына

«Мая душа ляжыць да мовы, і я адчуваю, што гэта — маё»

Настаўнікі сьцьвярджаюць, што, як правіла, тыя, хто займаўся ў беларускамоўных клясах, калі яны яшчэ былі ў гарадзенскіх школах, амаль стоадсоткава паступалі ў ВНУ.

У сярэдзіне 90-х гадоў чытачы незалежных выданьняў у Горадні добра ведалі імя пяціклясьніцы Агаты Мацко. Газэты прысьвячалі яе лёсу цэлыя старонкі. Справа ў тым, што ейны тата, Юрась Мацко, праз суд дамагаўся, каб дачка, згодна з гарантыямі Канстытуцыі РБ магла навучацца на беларускай мове.

Бацька Агаты дайшоў да Вярхоўнага суду, але такога права дачцы так і не далі. Яна давучылася ў 10-й гарадзенскай школе па-расейску, а потым паступіла ў Беларускі ўнівэрсытэт культуры і мастацтва, дзе навучалася ўжо па-беларуску. Скончыла рэжысэрскі факультэт і сама цяпер выкладае ў сваім родным унівэрсытэце па-беларуску, вучыцца ў асьпірантуры.

Вось, як спадарыня Агата ўзгадвае тыя часы, калі самастойна далучалася да беларускасьці:

«Чытала беларускія кнігі, слухала беларускую музыку — вось так і вучылася. Зразумела, дзякуючы маім бацькам».

Спадарыня Агата добра ведае, што і дагэтуль у Горадні няма ніводнай беларускамоўнай школы і нават клясы. Таму са свайго досьведу яна дае практычныя парады тым дзецям і бацькам, якія імкнуцца да беларускага навучаньня:

«Я б найперш параіла і дзецям, і бацькам зьвяртацца да нашых бібліятэк, да кнігарняў, паколькі зараз існуе шмат выдавецтваў, дзе выходзіць літаратура і па-беларуску. У нас зараз ёсьць магчымасьць усё і слухаць, і чытаць, трэба як мага болей набываць літаратуры на роднай мове».

Другая мая гераіня — Алена, студэнтка 2 курсу беларуска-польскай філялёгіі. Яе мама, калі прыйшла запісваць дачку ў першую клясу, сутыкнулася з фактам, што месцы засталіся толькі ў беларускамоўнай клясе. Запісала Алену туды, спадзеючыся, што праз год перавядзе ў іншую клясу.

Але праз год Алена ўжо не захацела ісьці ў іншую клясу. Яна кажа, што прырасла да беларускасьці дзякуючы яе першай настаўніцы, якая заклала ў яе душу, тое, што засталося назаўсёды. Пытаюся: ці не шкадуеце?

«Не, не, я не шкадую. І вось пасьля колькі мне ні казалі родныя і сябры, што беларуская мова зараз неактуальная, што зьвязваць зь ёй прафэсію непэрспэктыўна… Не, мая душа ляжыць да яе, і я адчуваю, што гэта маё».

Цікава, што пасьля 9 клясы дзяўчына паступіла ў філялягічную клясу ліцэю, але ўжо з расейскай мовай навучаньня, бо цяпер ужо ў беларускамоўнай клясе ёй не хапіла месца. Але гэта не пашкодзіла ізноў вярнуцца да беларускасьці.

Алена добра разумее, што сытуацыя з навучаньнем беларускай мовы ў нашай краіне складаная, а таму карыстаючыся магчымасьцю выявіла жаданьне зьвярнуцца да тых вучняў, якія ня хочуць вывучаць беларускую мову:

«Канечне, я разумею, што ўсё найперш залежыць ад бацькоў, бо дзеці бяруць зь іх прыклад. Але, памятайце, гэта ваша родная мова, гэта патрэбна і з самага маленства. Кожны чалавек, які сябе паважае, павінен ведаць родную мову. І спрабуйце, вучыце, магчыма, у вас атрымаецца, як у мяне, выпадкова, але на ўсё жыцьцё».

03.09.2010
Радыё Свабода

 
Дата публикации:04.09.2010
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:5629
 
Ключевые слова:
белорусский язык обучение на белорусском родная мова образование в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме