https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Школьны курс у Беларусі па праваслаўю будзе дапрацоўвацца


У беларускіх школах вывучаць праваслаўе ў бліжэйшы час не будуць. Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве адукацыі не адобрыла факультатыўны курс «Асновы праваслаўнай культуры. Святыні беларускага народа».
Не выключана, што выкладанне гэтага курсу распачнецца з другога паўгоддзя наступнага навучальнага года, калі факультатыў паспеюць дапрацаваць з улікам выказаных заўваг, як паведамляе «Белорусским новостям» галоўны інспектар Галоўнага ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Мінадукацыі Аляксей Ананенка.

У гэтым выпадку курс, безумоўна, будзе вывучацца толькі па жаданні школьнікаў і іх бацькоў. Як вядома, у беларускіх школах ёсць шмат факультатываў, сярод якіх выкладаюць і рэлігіязнаўства. За апошнія два гады былі распрацаваны і адобраны тры тэматычныя факультатывы: «Біблія — помнік гісторыі і літаратуры» (для 6 класа), «Культура і рэлігія» (для 10 і 11 класаў), «Асновы рэлігіязнаўства» (для 11 класа). Курс жа па асновах праваслаўнай культуры, адпраўлены на дапрацоўку, быў скразным — яго планавалася выкладаць з 1 па 11 класы.

Аднак грамадскасць насцярожвае тое, што на школьных факультатывах упор робіцца менавіта на праваслаўе.

У Беларусі веруючымі сябе лічаць каля паловы дарослых. Большасць з іх (каля 80%) адносяць сябе да праваслаўных. Другая па колькасці канфесія (14%) — католікі. Пражываюць у Беларусі пратэстанты, мусульмане, іўдзеі, прадстаўнікі іншых канфесій.

Таму эксперты і адзначаюць, што школьнае выкладанне асноў праваслаўя ў шматканфесійным грамадстве, як мінімум, не этычна.

Вывучэнне ў школах рэлігійнага светапогляду з пазіцыі пераканання школьнікаў у сапраўднасці рэлігіі, у тым ліку канкрэтнай — гэта праява абскурантызму. Такую думку выказаў доктар філасофскіх навук Георгій Антанюк.

Заключэнне Навукова-метадычнай рады паказвае, што яе эксперты прыйшлі прыкладна да такой жа высновы.

Прадстаўлены праект праграмы, як адзначаюць эксперты, супярэчыць абвешчаным у законе «Аб адукацыі» свабодзе сумлення і асновам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Адзначаецца, што праграма факультатыўнага курса не адпавядае палажэнням закона, у прыватнасці, навуковасці, нацыянальным культурным асновам і свецкасці адукацыі, парушае нацыяльнальныя культурныя асновы адукацыі і не адлюстроўвае малюнак развіцця праваслаўя ў Беларусі.

Адзначаецца таксама, што «аўтары не клапоцяцца пра каардынацыю прапануемага матэрыялу са зместам асноўных курсаў адпаведных класаў».

Аўтарам рэкамендуецца кардынальна перапрацаваць праграму, звярнуўшы асаблівую ўвагу на крытэрыі, якім яна павінна адпавядаць: навуковасць, свецкасць, адпаведнасць нацыянальным культурным асновам адукацыі. Указваецца, што курс павінен працаваць на фарміраванне любові да радзімы і адпавядаць дыдактычным прынцыпам навучання, у прыватнасці, сістэматычнасці.

Вернемся да бачання гэтага пытання Беларускай Праваслаўнай Царквой. Варта пазбягаць памылковага тлумачэння прынцыпу свецкага характару адукацыі, — на гэта звяртае ўвагу Андрэй Алешка, кіраўнік юрыдычнага аддзела Мінскай епархіі.

«Па інэрцыі многія трактуюць дадзены прынцып як атэістычны. У сусветнай практыцы свецкі характар адукацыі мае на ўвазе тое, што базавыя прадметы выкладаюцца на навуковай аснове, але не на матэрыялістычнай і свецкімі выкладчыкамі. Аднак гэта не супярэчыць існаванню спецыяльных і выхаваўчых прадметаў і факультатываў, якія менавіта на аснове традыцыйных для той ці іншай краіны духоўных каштоўнасцяў выхоўваюць асобу. Такім чынам, свецкі характар і павага да традыцыйнай рэлігійнасці не супярэчыць адно аднаму і спакойна ўжываюцца ў сістэме адукацыі многіх краін свету, — падкрэслівае Андрэй Алешка. — Прыраўноўванне свецкасці да атэізму, а навуковасці да матэрыялізму з’яўляецца прамым парушэннем закона».

Падобна, па меркаванні кіраўніка юрыдычнага аддзела Мінскай епархіі, і з трактаваннем прынцыпу навуковасці. Нярэдка «навуковае светабачанне разумецца як матэрыялістычнае, што з’яўляецца грубай памылкай».

У Законе «Аб адукацыі» (ст. 1) і ў Законе «Аб свабодзе сумлення» (ст. 9) сказана: «Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь мае свецкі характар і не мае на мэце фарміравання тых ці іншых адносін да рэлігіі». Пра другую частку, як правіла, забываюць, гэта значыць, калі сістэма адукацыі і не падтрымлівае тую ці іншую рэлігію, то яна хаця б не павінна фарміраваць адмоўныя адносіны да рэлігіі самой па сабе.

У Мінадукацыі выказваюцца і адносна права прадстаўнікоў іншых канфесій на вывучэнне падобнага курса. Мінадукацыя гатова разгледзець пытанне аб прадметным вывучэнні ў школах гісторыі іншых рэлігій, калі будзе праяўлена адпаведная ініцыятыва, як гэта было зроблена з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Прымаць удзел у адукацыйным працэсе жадае і Каталіцкі Касцёл. Аднак Касцёл у Беларусі, як адзначаюць яго прадстаўнікі, не мае адпаведнага пагаднення паміж дзяржавай Ватыкан і Беларуссю: «Гэтае пытанне можна вырашыць толькі на ўзроўні кіраўнікоў Ватыкана і Беларусі. Аднак мы вельмі спадзяёмся мець падобныя з Праваслаўнай Царквой правы і ўдзельнічаць у свецкім адукацыйным працэсе».

Сatholic.by

5 лістапада 2010
 
Дата публикации:06.11.2010
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:5645
 
Ключевые слова:
Православие в Беларуси Религия в школе религия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме