Праз паветраную прастору Беларусі рэйсы выконваюць 134 авіякампаніі з 30 дзяржаў, паведаміў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Ігар Голуб.
Такія лічбы паказаў аналіз звестак, праведзены ў мінулым годзе.
Паводле яго слоў, многія перавозчыкі павялічылі частату палётаў праз рэспубліку: напрыклад, кітайская авіякампанія нарасціла іх у 10 разоў.
"Авіякампанія Казахстана – у 3,5 раза, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – 1,3 раза. Зноў аднавілі палёты праз нашу паветраную прастору авіякампаніі Азербайджана. Гэта людзям выгадна, людзі ўмеюць лічыць грошы", - сказаў Голуб у эфіры тэлеканала "Першы інфармацыйны".
Авіяблакада ЕС
Што да байкоту з боку Еўрасаюза, які доўжыцца з чэрвеня 2021 года (абмежаванні на палёты еўрапейскіх кампаній праз Беларусь і забарона для беларускіх авіяперавозчыкаў выкарыстоўваць паветраную прастору над Еўропай), у Дэпартаменце па авіяцыі адзначаюць, што некаторыя авіякампаніі гатовы аднавіць палёты.
"Зацікаўлены па лініі авіяцыйных улад і авіякампаній-перавозчыкаў, пакуль не зацікаўлены на ўзроўні палітыкаў. Але мы спадзяемся, што ўсё ж крыху гэтыя гарачыя галовы астынуць і будуць слухаць і нашага кіраўніка дзяржавы, і іншых дзяржаўных асоб", - канстатаваў Голуб.
Ён дадаў, што авіяцыя – гэта бізнес, і аблятаць тэрыторыю Беларусі многім заходнім авіякампаніям нявыгадна. Аднак гэтую нішу зараз займаюць іншыя перавозчыкі.
Дзесяць новых напрамкаў
Голуб таксама праінфармаваў, што за апошнія два гады паміж Беларуссю і Расіяй было адкрыта 10 новых паветраных напрамкаў. Толькі за мінулы год для жыхароў нашай краіны сталі даступны Ульянаўск, Самара, Мінеральныя Воды, Чэлябінск, Махачкала, Архангельск.
Вялікая ўвага надаецца і рабоце абласных аэрапортаў.
"Літаральна ў кастрычніку 2023 года запусцілі рэгулярныя авіязносіны паміж аэрапортам Гомель і Масквой. Вясной гэтага года Гомель мы злучылі з Санкт-Пецярбургам, Брэст злучылі з Масквой", - нагадаў ён.
Пасля чаго дадаў, што ў бягучым годзе плануецца адкрыць рэйсы з Брэста ў Санкт-Пецярбург.
Мінск, 5 студзеня 2025
Sputnik
Sputnik