https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Беларуснафта": у краіне створана буйнейшая ў ЕАЭС сетка хуткіх зарадных станцый для электрамабіляў


У Беларусі створана буйнейшая ў краінах ЕАЭС сетка хуткіх зарадных станцый для электрамабіляў, паведамілі ў прэс-службе "Беларуснафты".
Развіццё зараднай інфраструктуры для электрамабільнага транспарту пачалося з указа Прэзідэнта, якім "Беларуснафта" вызначана дзяржаператарам. Тэма электрамабіляў - на кантролі ў кіраўніка дзяржавы.

"У нас створана буйнейшая ў ЕАЭС базавая сетка з хуткіх зарадных станцый, што забяспечвае бесперашкоднае перамяшчэнне электрамабіляў па краіне. На асноўных аўтамагістралях устаноўлены таксама зарадныя станцыі магутнасцю 180 кВт, якія забяспечваюць зарадку акумулятарнай батарэі на 100 км за 6 мінут", - расказалі на прадпрыемстве.

З 2018 года зарадная сетка павялічылася з 14 да 486 станцый. Плануецца, што да канца 2021 года інфраструктура будзе налічваць больш за 600 такіх аб`ектаў. Гэта, паводле даных прэс-службы, забяспечыць магчымасць эксплуатацыі больш як 25 тыс. электрамабіляў.

"Цяпер у Беларусі найбольш развітая ў СНД сетка зарадных станцый. Гэта і дэманстрацыя магчымасцей айчыннай прамысловасці. Асноўны пастаўшчык зарадных станцый - "Віцязь" - сам стаў аператарам сеткі зарадных станцый. Вызначаны курс і на павольныя зарадкі на паркінгах, дзе аўто знаходзяцца ад 4 гадзін і больш", - удакладнілі ў "Беларуснафце".

На пачатак 2021 года ў Беларусі налічвалася крыху больш за 1 тыс. электрамабіляў, цяпер - звыш 4 тыс. Паводле ацэнак экспертаў і прагнозаў сусветных аналітычных агенцтваў, да 2025 года Беларусь можа наблізіцца да адзнакі 100 тыс. такіх транспартных сродкаў, а да 2030-га амаль 20 працэнтаў аўтапарку беларусаў будзе з электрычным рухавіком.

Колькасць электрамабіляў расце паўсюль. Напрыклад, у лістападзе гэтага года кожнае дзясятае прададзенае аўто ў свеце - электрамабіль. "Да 2035 года чакаецца забарона продажу аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання ў Еўрапейскім саюзе. Адбываецца перапрафіляванне аўтагігантаў: больш за 50 працэнтаў мадэльнага рада да 2030 года будуць складаць электрамабілі", - растлумачылі на прадпрыемстве.

Сетка MALANKA абслугоўвае больш за 2880 актыўных карыстальнікаў. "Сёння, улічваючы тарыф у зараднай сетцы MALANKA, 100 км дарогі на электрамабілі таннейшыя больш чым у 3 разы адносна аўто з рухавіком унутранага згарання. За год аб`ём аказваемых паслуг адносна папярэдніх перыядаў вырас у 6 разоў. Пры гэтым штомесячны прырост спажывання электраэнергіі дасягае 25 працэнтаў", - растлумачылі ў прэс-службе.

Агульнасусветныя трэнды ў сферы электрамабільнага транспарту вядуць да павелічэння ёмістасці акумулятарных батарэй і паскарэння працэсу зарадкі. "Гэта ўказвае "Беларуснафце" на неабходнасць рэалізацыі ў 2022 годзе шэрага пілотных праектаў па ўстаноўцы суперхуткіх зарадных комплексаў магутнасцю 350 кВт. Пастаўшчыком абсталявання для іх з`яўляецца айчыннае прадпрыемства, якое актыўна ўкараняе электрамабільнасць у краіне, у прыватнасці электробусы, - "БКМ Холдынг". Пілотны праект будзе ўключаць як суперхуткую зарадку аўто (за 10 мінут+340 км), так і зарадку гарадскіх электробусаў", - расказалі на прадпрыемстве.

Пілотны праект паказвае зарадную сетку бліжэйшага будучага. "Праз 2-3 гады ўладальнікі электрамабіляў будуць праводзіць на пунктах атрымання зараду не больш часу, чым гаспадары машын з рухавіком унутранага згарання на АЗС. У краіне ў бліжэйшы час з`явяцца і беларускія электракары. Запланаваны пастаўкі на рынак электрамабіля "Геаметрыя С" беларускага вытворцы СЗАТ "БЕЛДЖЫ". Да гэтага падштурхнула новая рэдакцыя ўказа аб стымуляванні ўнутранай вытворчасці электрамабіляў. Ён прадугледжвае, напрыклад, адмену падатку на дабаўленую вартасць для юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць продаж электрааўто", - растлумачылі ў "Беларуснафце".

Электратранспарт і зарадная інфраструктура - адзін з вектараў стратэгічнага развіцця рэспублікі і загрузкі Беларускай атамнай станцыі. "Максімальны патэнцыяльны аб`ём спажывання электраэнергіі электратранспартам у Беларусі (калі ўсё перавесці на электрацягу) складае 14 млрд кВт*гадз у год (выпрацоўка Беларускай АЭС - 18 млрд кВт*гадз у год). Улічваючы агульнасусветныя прагнозы развіцця рынку электрамабільнага транспарту, у Беларусі да 2025 года патэнцыяльны рост складзе да 100 тыс. адзінак, што забяспечыць спажыванне 500 млн квт*гадз у год, у 2030 годзе - да 600 тыс. электрамабіляў і 3 млрд квт*гадз у год", - гавораць спецыялісты.

Да таго ж павелічэнне кропак зарадкі ЭЗС ВА "Беларуснафта" вырашае яшчэ адну задачу: стымулюе энергетыкаў да выдзялення магутнасцей пад зарадныя станцыі. "Як правіла, магутнасці не былі прадугледжаны на большасці дарог, у гарадах і на трасах. Такой патрэбнасці не было. Пытанне сетак - першачарговае. Укараненне суперхуткіх станцый 350 кВт - толькі пачатак, магутнасці будуць расці. У краіне развіваецца буйны грузавы і грамадскі электратранспарт, які можна будзе зараджаць на ЭЗС з магутнасцю да 1 мВт. 7-8 такіх станцый параўнальныя з магутнасцю цэлага завода", - падзяліліся перспектывамі на прадпрыемстве.

"Выкананне пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па развіцці электразараднай інфраструктуры дасць магчымасць не толькі сфарміраваць новыя тэхналагічныя падыходы ў беларускай прамысловасці, але і замацавацца ў статусе краіны - лідара інфраструктурных праектаў будучага сярод краін ЕАЭС. А набыты вопыт будзе садзейнічаць развіццю міжнароднага супрацоўніцтва", - рэзюмавалі на прадпрыемстве.

15 снежня 2021, Гомель
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.12.2021
Тематика:Транспорт, Беларусь
Просмотров:196
 
Ключевые слова:
Электротранспорт "Беларуснафта"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме