https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацбанк Беларусі абвяргае інфармацыю пра поўнае спыненне аперацый на міжбанкаўскім валютным рынку


Інфармацыя аб поўным спыненні аперацый на міжбанкаўскім валютным рынку Беларусі, якая перыядычна з`яўляецца ў апошні час у СМІ, не адпавядае рэчаіснасці, сцвярджае Нацыянальны банк.
"Больш за тое, даныя справаздачнасці аб аперацыях на валютным рынку, якая штодзень накіроўваецца банкамі ў Нацыянальны банк, сведчаць аб тым, што аб`ём аперацый суб`ектаў гаспадарання пастаянна павялічваецца", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Зазначаецца, у прыватнасці, што ў студзені—маі сярэднедзённы аб`ём продажу і куплі замежнай валюты суб`ектамі гаспадарання на ўсіх сегментах валютнага рынку склаў 140,3 млн. долараў ЗША, што на 11,3% вышэй, чым за аналагічны перыяд 2010 года.

"У маі гэтага года названы паказчык склаў 139,9 млн. долараў ЗША, у тым ліку з 25 па 31 мая, г.зн. пасля ўвядзення двухпрацэнтнага абмежавання на адхіленне курсаў здзелак ад афіцыйнага курсу і зніжэння курсу нацыянальнай валюты, — 161 млн. долараў ЗША. Пры гэтым на пазабіржавым сегменце валютнага рынку па аперацыях суб`ектаў гаспадарання сярэднядзённы абарот склаў: у студзені—маі — 80,1 млн. долараў ЗША, у маі — 85,8 млн. долараў ЗША, з 25 па 31 мая — 102,4 млн. долараў ЗША", — прыводзіць статыстыку Нацбанк.

Як вынікае з паведамлення, "рост аб`ёмаў аперацый непасрэдна звязаны з павелічэннем валютнай выручкі, што паступае ў краіну". Паводле папярэдніх звестак, аб`ём паступлення ў краіну валютнай выручкі за студзень—красавік адносна аналагічнага перыяду 2010 года вырас на 61% — з 7 млрд. 941,9 млн. да 12 млрд. 789,5 млн. долараў ЗША ў эквіваленце. "У выніку ў красавіку, упершыню за доўгі час, аб`ём валютнай выручкі, што паступіла ў краіну, перавысіў аб`ём плацяжоў за імпарт тавараў і паслуг", — сцвярджае Нацбанк.

Паведамляецца таксама, што зводная інфармацыя аб аб`ёмах аперацый на ўсіх сегментах валютнага рынку рэгулярна публікуецца Нацыянальным банкам у статыстычных зборніках і на сайце  http://www.nbrb.by/statistics/ForexMarket.

Каментуючы па просьбе БелаПАН заяву Нацбанка, фінансавы аналітык Сяргей Чалы зазначыў: сёння юрасобы выкарыстоўваюць міжбанкаўскі валютны рынак для легалізацыі валютна-абменных аперацый.

Паводле слоў Чалага, рост здзелак адбываецца дзякуючы таму, што юрыдычныя асобы вымушаныя знаходзіць іншыя схемы правядзення валютна-абменных аперацый, чым гэта прадугледжана афіцыйна.

"Яны фармальна праводзяць аперацыі праз банк, але абыходзяць двухпрацэнтнае абмежаванне (двухпрацэнтнае абмежаванне на адхіленне курсаў здзелак ад афіцыйнага курсу на міжбанкаўскім валютным рынку. — БелаПАН.). Юрасобы дамаўляюцца праводзіць аперацыі па афіцыйным курсе, а потым вырашаюць пытанні па розніцы паміж афіцыйным і неафіцыйным курсамі", — патлумачыў аналітык

На думку Чалага, Нацбанк зрабіў такую заяву, каб "апраўдацца за сваё бяздзеянне па выраўноўванні курсаў". Эксперт нагадаў, што нядаўна Нацбанк таксама "рабіў справаздачу аб росце абаротаў валютных аперацый у камерцыйных банках". "Але людзі ў чэргах па валюту як стаялі, так і стаяць", — канстатаваў Сяргей Чалы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:06.06.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3227
 
Ключевые слова:
Финансы Кризис в Беларуси Валютный рынок
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме