https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Канстытуцыя — аснова суверэннага народаўладдзя


Для кожнага з нас, нашага грамадства і дзяржавы Дзень Канстытуцыі мае асаблівае значэнне. Зразумела, гэты Дзень у многіх грамадзян можа выклікаць розныя асацыяцыі, звязаныя прама або ўскосна з рэалізацыяй канстытуцыйных праў і свабод, іх абаронай.
Надзеі і чаканні, народжаныя Канстытуцыяй у нашай свядомасці, не заўсёды могуць рэалізавацца адразу і не здзейсніцца ў поўнай меры. Нягледзячы на гэта, усе мы адзіныя ў адным: Дзень Канстытуцыі — гэта, па сутнасці, Дзень Дэмакратыі, а роўна і Дзень суверэннай беларускай дзяржаўнасці. Менавіта ў гэты дзень многія з нас часцей за ўсё спрабуюць пранікнуць у сутнасць нашага Асноўнага Закона, спасцігнуць яго дух і ўсвядоміць ролю на сучасным этапе.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 года, — гэта найважнейшы палітыка-прававы дакумент, дагавор суверэннай улады і ўсяго народа Беларусі, па вобразным выказванні класікаў, — "закон законаў". Канстытуцыя не толькі юрыдычна аформіла якасна новую сістэму дзяржаўнасці, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя перамены, што адбыліся ў дзяржаве і грамадстве, але і завяршыла будаўніцтва суверэннай беларускай дзяржавы. Канстытуцыя Беларусі замацавала якасна новы этап народаўладдзя, упершыню ўстанавіла вяршэнства народнага суверэнітэту, пра які стагоддзямі марылі вядомыя беларускія асветнікі і паэты. Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з`яўляецца народ. На думку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі, "Канстытуцыя нашай краіны мае сапраўды народны характар, бо прымалася яна ўсеагульным галасаваннем".

Беларускі народ выказаў сваё суверэннае волевыяўленне на мінулых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія праведзены ў адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі і заснаваным на іх выбарчым заканадаўствам, што забяспечыла свабодны і дэмакратычны характар выбараў.

На чацвёртым Усебеларускім народным сходзе, які ўяўляе сабой канстытуцыйную форму непасрэднага ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, былі ўхвалены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады.

У мінулым годзе грамадзяне Рэспублікі Беларусь рэалізавалі таксама сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў праз выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Канстытуцыя — вышэйшы акт суверэннай улады беларускага народа, аснова яго палітычнага адзінства, сацыяльнай згуртаванасці членаў грамадзянскай супольнасці і суверэннай дзяржаўнасці.

Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Яна ўпершыню замацавала натуральныя (неадчужальныя) правы чалавека, паставіла яго ў роўныя ўмовы з дзяржавай, устанавіла іх узаемныя абавязкі і адказнасць. Правы і свабоды чалавека і гарантыі іх рэалізацыі — найважнейшая каштоўнасць. Ім прысвечана палова артыкулаў Канстытуцыі. Яны размешчаны ў ёй на першым месцы.

Артыкул 1 Канстытуцыі змяшчае мадэль, праект развіцця Рэспублікі Беларусь — гэта ўнітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Максімальнае набліжэнне да вышэйназванай мадэлі, да "дасканалага" грамадства магчымае толькі праз выкананне ўсімі Канстытуцыі, праз фарміраванне правапрымяняльнай практыкі, якая адпавядае яе сутнасці, праз выкананне праў і свабод грамадзян і ўсвядомленага выканання апошнімі сваіх абавязкаў. У такой справе вельмі важная роля канстытуцыйнага кантролю, які ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь, няўхільна садзейнічае фарміраванню дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы і ў першую чаргу ахове праў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна. Канстытуцыйны Суд у Пасланні пра стан канстытуцыйнай законнасці ў 2010 годзе адзначыў, што ён прымаў рашэнні, у якіх фармуляваў прававыя пазіцыі праз прызму такіх канстытуцыйных каштоўнасцяў, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, правы і свабоды чалавека, вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, канстытуцыйная эканоміка, з улікам неабходнасці іх далейшага развіцця.

Як вядома, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь" Канстытуцыйнаму Суду разам з іншымі паўнамоцтвамі дадзена права ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і ўхваленых Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пачынаючы з ліпеня 2008 года, разам з наступным кантролем Суд ажыццяўляе абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў, прынятых Парламентам, да падпісання іх Прэзідэнтам. За 2008—2010 гады ў парадку абавязковага кантролю ажыццёўлена праверка канстытуцыйнасці больш за 300 законаў, у іх ліку тры кодэксы, больш за 50 агульных і спецыяльных законаў, больш за 100 законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў і прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў, больш за 150 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.

Канстытуцыйным Судом за перыяд сваёй дзейнасці прынята звыш 900 рашэнняў і ўнесена ў дзяржаўныя заканадаўчыя органы каля 250 прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства.

Наша Канстытуцыя змяшчае вялізны патэнцыял для фарміравання сапраўды народнай суверэннай дэмакратычнай дзяржавы з канстытуцыйнай эканомікай, развіцця чалавека, усіх сфер жыццядзейнасці, які можа рэалізавацца пры ўмове забеспячэння вяршэнства канстытуцыйных норм, іх непасрэднага дзеяння.

Анатоль ЦІКАВЕНКА,
суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Звязда
15 сакавіка 2011


 
Дата публикации:15.03.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:4572
 
Ключевые слова:
Конституция Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме