https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Свабода і адказнасць. Эканамічны рост. Незалежнасць і Еўраатлантычны выбар"


Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Рыгора Кастусёва.
Рыгор Кастусёў і Партыя БНФ ідуць на прэзідэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ — старэйшая палітычная сіла Беларусі, якая заўсёды кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі.

Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё — вось наш прынцып.

На пасадзе прэзідэнта кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зробіць усё для рэалізацыі гэтага прынцыпу, згодна з палажэннямі дадзенай праграмы.

СВАБОДА І АДКАЗНАСЦЬ

*  Вяртанне да прынцыпу законнасці і раздзялення ўладаў — першачарговая задача. Беларусь павінна стаць прававой дзяржавай.

*  Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сістэмы прэзідэнцкага кіравання да парламенцкай рэспублікі. Канстытуцыйны сход павінны вырашыць пытанні пабудовы грамадска-палітычнага ладу вольнай і незалежнай Беларусі, распрацаваць часовыя палажэнні і механізм прыняцця новай Канстытуцыі, а таксама прызначыць Камісію па прававой рэформе і Камісію па люстрацыі. На пераходны перыяд дэмакратычны кааліцыйны Урад народнага даверу будзе сфармаваны па пазапартыйным прынцыпе на тэрмін да правядзення свабодных выбараў Парламенту.

*  Скарачэнне дзяржапарату будзе наступнай задачай. Карупцыя, што апанавала кіруючы рэжым, — гэта ракавая пухліна, якая паразітуе на беларускай нацыі. Скіданне ярма бюракратыі і карупцыі будзе адбывацца адначасова са скасаваннем органаў палітычнага пераследу і спецслужбаў, што абслугоўваюць інтарэсы існай уладнай групоўкі.

*  Сістэма мясцовай улады будзе рэфармаваная ў адпаведнасці з прынцыпамі Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.

*  Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМІ будуць сапраўднай "чацвёртай уладай", якая дапаможа знішчыць усе праявы карупцыі. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполія на тэлебачанне і радыё.

*  Перагляд недэмакратычна прынятага заканадаўства будзе здзейснены неадкладна. Камісія па прававой рэформе вызначыць прыярытэтныя кірункі рэфармавання. Мы бачым першачарговымі задачамі стварэнне заканадаўчых гарантыяў для справядлівасці незалежнай судовай сістэмы і свабоды слова.

*  Гвалт над Законам з боку аўтарытарнага рэжыму не павінны застацца без пакарання. Мы не можам дазволіць забыцца на палітычна матываваныя знікненні, збіццё дэпутатаў Парламенту і шматлікія факты рэпрэсій. Усе факты парушэння законнасці мусяць быць расследаваныя аб`ектыўна. Дзеля гэтага будзе створаная камісія па люстрацыі з шырокімі паўнамоцтвамі і ясным механізмам перадачы вынікаў следства ў органы пракуратуры і суд.

*  Рыгор Кастусёў створыць нацыянальную сістэму абароны правоў чалавека і справядлівасці, якая цяпер адсутнічае ў Беларусі. Яна будзе ўключаць у сябе незалежны і справядлівы суд, упаўнаважанага па правах чалавека. Будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Старыя спецслужбы будуць скасаваныя, КДБ будзе распушчаны, а ягоная дзейнасць, таксама як і дзейнасць ягоных папярэднікаў, расследаваная Камісіяй па люстрацыі. Новыя спецслужбы будуць створаныя з прафесіяналаў, не заплямленых палітычнымі рэпрэсіямі, карупцыяй і злачынствамі.

ЭКАНАМІЧНЫ РОСТ

*  Рыгор Кастусёў зробіць усё, каб у выніку справядлівай зямельнай рэформы была гарантаваная прыватная ўласнасць на зямлю, што створыць гаспадарчы падмурак новай дэмакратычнай Беларусі.

*  Будуць створаныя вольныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спрыяльныя ўмовы для крэдытавання бізнэсу праз развіццё мікрафінансавання, стварэнне канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслуг, у тым ліку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капіталу. Галоўнае для бізнэсу — стабільнасць правілаў гульні: частыя і беспадстаўныя змены заканадаўства будуць спыненыя.

*  Мытныя пошліны на ўсе віды тавараў, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, павінныя быць скасаваныя.

*  Эканамічная інтэграцыя з Еўрасаюзам азначае доступ нашай прадукцыі на еўрапейскія рынкі. Але пры гэтым для нашай краіны для захавання канкурэнтаздольнасці ў глабальным асяроддзі жыццёва неабходная мадэрнізацыя эканомікі. Рэжым аднаасобнай улады як састарэлая форма кіравання ёсць вынікам захавання састарэлых формаў вытворчасці. Прыярытэтам у інвестыцыйнай палітыцы будзе прыцягненне еўрапейскіх сродкаў дзеля стварэння сучаснай прамысловасці і новых працоўных месцаў.

*  Па ініцыятыве новага прэзідэнта будзе створаны празрысты і некарумпаваны парадак заахвочвання замежных інвестыцыяў.

*  Увядзенне моцнай нацыянальнай валюты — талера — арыентыр для грашова-фінансавай палітыкі. На бліжэйшы перыяд мэтай будзе правядзенне пісьменнай і разважлівай грашова-фінансавай палітыкі з мэтай пераадолення наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Падаткавыя стаўкі будуць істотна паменшаныя, а дзейнасць правяраючых органаў упарадкаваная.

*  Канкурэнтаздольная эканоміка немагчымая без сучаснай сістэмы адукацыі і навукі. Мы скасуем усе абмежаванні на міжнародныя кантакты беларускіх навучальных установаў, будзем заахвочваць стажыроўкі, абмены, сумесныя праекты для прыцягвання ў краіну сучасных ведаў і тэхналогіяў. Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага месца працы. Беларусь павінная далучыцца да Балонскага працэсу і ўвесці еўрапейскія адукацыйныя стандарты, мусіць быць забяспечанае прызнанне айчынных дыпломаў у Еўропе. Павінныя быць створаныя ўмовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які цяпер вымушаны працаваць па-за межамі краіны, а таксама для адкрыцця ў Беларусі філіялаў вядучых замежных універсітэтаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ І ЕЎРААТЛАНТЫЧНЫ  ВЫБАР

*  Нацыянальныя інтарэсы, а не зацікаўленасці асобных груповак, павінны быць асновай знешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь ёсць неад`емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі. Таму еўрапейскі шлях нашай краіны — гэта не пытанне геапалітычнага хістання паміж Масквой і Бруселем, а свядомы і асэнсаваны ўдзел у еўрапейскіх структурах у якасці паўнапраўнага суб`екта.

*  Перагляд усіх міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, стане гарантыяй незалежнасці нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы і падобных утварэнняў парве ланцугі, што прывязваюць Беларусь да Крамля.

*  Незалежнасць краіны ня будзе трывалай, калі яна не забяспечваецца культурнымі чыннікамі. Новаабраны прэзідэнт вярне спрадвечную нацыянальную сімволіку — Пагоню і Бел-Чырвона-Белы сцяг. Будуць створаныя дзейсныя механізмы падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы. Органы дзяржаўнай улады і іншыя дзяржаўныя арганізацыі павінны функцыянаваць па-беларуску, а законы і іншыя нарматыўна-прававыя акты мусяць стварацца на беларускай мове. Галоўнаму аэрапорту краіны будзе нададзенае імя народнага пісьменніка Васіля Быкава.

*  Энергетычная незалежнасць ёсць неабходнай умовай палітычнай незалежнасці. Мы выступаем за развіццё як альтэрнатыўнай энергетыкі і энергазберагальных тэхналогій, так і даказаўшых сваю эфектыўнасць еўрапейскіх падыходаў да развіцця атамнай энергетыкі. Энергетычнае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі мусіць стаць альтэрнатывай расійскаму імперыялізму.

*  Цяперашняя дэмаграфічная сітуацыя пагражае незалежнасці і самому існаванню беларускай нацыі. Кожная сям`я пры ўзяцці шлюбу павінна атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэнні другога дзіцяці. Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы немагчымае без умацавання сям`і. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у які будуць пераведзеныя сродкі з усіх прэзідэнцкіх фондаў і грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палітычнага пераследу.

*  Дзеля ратавання беларускай нацыі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе рассакрэчаная поўная інфармацыя аб уплыве яе наступстваў на здароўе нацыі; санітарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджвання, будуць прыведзеныя да стандартаў Еўрасаюза; будзе палегчаная працэдура імпарту лекаў, неабходных для лячэння анкалагічных захворванняў; уведзеныя льготы, якія б стымулявалі дабрачынную дзейнасць па арганізацыі лячэння за мяжой і ўвоз лекаў і медтэхнікі; забяспечаная магчымасць рэгулярных бясплатных абследаванняў для выяўлення ракавых захворванняў сярод дзяцей і падлеткаў; павялічанае фінансаванне адпаведных медычных установаў з перанакіраваннем на гэтыя мэты сродкаў, што сёння выдаткоўваюцца на фінансаванне ідэалагічнай вертыкалі.

*  Будзе пастаўленая заслона нелегальнай іміграцыі. Мяжа з Расіяй будзе ўсталяваная і надзейна ўмацаваная, каб забяспечваць бесперашкодныя стасункі паміж добрасумленнымі грамадзянамі, але абараняць Беларусь ад крыміналу.

*  Новы прэзідэнт прыкладзе ўсе намаганні для няўхільнага далучэння Беларусі да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым грамадзяне Расіі змогуць атрымліваць беларускія нацыянальныя візы бясплатна.

*  Арганізацыя Паўночнаатлантычнай Дамовы павінна стаць гарантам незалежнасці нашай краіны, што патрабуе далучэння Беларусі да палітычных, а ў перспектыве — і да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сістэмы бяспекі. Перагляд вайскова-палітычнай дактрыны будзе ініцыяваны пасля кансультацыяў з асноўнымі палітычнымі суб`ектамі, кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Генеральнага штабу, з улікам меркавання маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу. Мы выступаем за прафесійнае войска.

*  Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскага Саюзу мусіць быць арыентырам беларускай знешняй палітыкі. Але гэтае далучэнне магчыма толькі на ўмовах, якія будуць выгодныя беларускаму народу і адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы. Мы не згодныя пазбавіцца культурнай адметнасці дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў.

Шаноўныя сябры і аднадумцы!


Для ўсіх нас Беларусь ёсць адзінай і непаўторнай Бацькаўшчынай. Нашая агульная будучыня непарыўна звязаная з лёсам беларускай нацыі. Разам мы здольныя дамагчыся годнага, свабоднага і незалежнага жыцця на беларускай зямлі. Новы прэзідэнт Беларусі ад Партыі БНФ скарыстае ўсе прэзідэнцкія паўнамоцтвы для дасягнення гэтай мэты.

Калі Вы падтрымліваеце гэтую праграму — галасуйце за Рыгора Кастусёва і ахвяруйце сродкі для агітацыі на рахунак 3014000000379 у ААТ "АСБ Беларусбанк" код 795.

Звязда



 
Дата публикации:01.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3450
 
Ключевые слова:
Программы кандидатов в президенты Республики Беларусь Выборы в Беларуси Григорий Костусёв БНФ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме