https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пяць суб`ектыўных меркаванняў наконт культуры беларуса


Пяць вершаў, якія павінен ведаць на памяць кожны беларус.
Амаль кожны сучасны дарослы чалавек, відаць, думае, што вучыць вершы — справа школьная. Але не... Вось раней, у часы маладосці нашых бабуль і дзядуляў, кожны абавязкова ведаў які-кольвек вершык (а калі не вершык, дык дакладна песню) на памяць. І мог з гонарам, з любоўю, з цеплынёй гэты вершык да месца прачытаць. Што ўжо казаць пра высакародныя часы розных князёў, графаў ды графінь, калі вершаскладаннем захапляліся нават легкаважныя дочкі якіх-небудзь паважаных бацькоў? Сёння, на першае вока, здаецца, што не тое што вершы перасталі вучыць на памяць, але кніг, наогул, мала чытаюць! Кніг, зрэшты, можа, чытаюць і мала, але вершы ўсё-ткі сёй-той прадстаўнік маладога пакалення вучыць. Школьнікі чытаюць на памяць сваім бацькам вывучаны да ўрока верш, вяртаючы бацькоў, як ні парадаксальна гэта гучыць, да чароўнага свету мастацтва. Бабулі сочаць у перыёдыцы за літаратурнымі экзерсісамі свайго адоранага ўнука ці ўнучкі. Юнак, прачытаўшы ў блогу новаствораны якім-небудзь модным паэтам верш, цытуе яго па памяці ў кампаніі сяброў... "Звязда" папрасіла пяць чалавек, якія займаюцца не толькі літаратурай, выбраць пяць вершаў, якія няблага было б ведаць на памяць кожнаму беларусу.

Генадзь Пашкоў, паэт:

1. "Спадчына", Янка Купала. Тое, пра што пісаў Купала — гэта вечнае. Наша гісторыя і наша Радзіма — гэта наша душа, наша будучыня.

2. "Радзіма мая дарагая", Алесь Бачыла. Па сутнасці, гэта наш другі гімн — лірычны, глыбокі, узнёслы, пра Беларусь.

3. "Зорка Венера", Максім Багдановіч. Гэты верш мае чыста беларускі характар — светлы з журбінкай. У беларусаў такая ж цнатлівая душа, як цнатлівае пачуццё, пра якое распавядае верш, — улюбёнасць у зямлю, Радзіму, Жанчыну...

4. "Озеро подёрнуто туманом", Рыгор Сакалоўскі. Гэты мужчынскі мужны верш напісаны беларускім паэтам-афганцам. Тут афганская вайна і як зборны вобраз вайны (беларусы перажылі шмат болю з-за войнаў!), і як напамін пра саму афганскую вайну. Яна, хоць і не пракацілася па ўсім нашым народзе, але пакінула глыбокі след, і шмат болю і адчаю. Гэты боль у сваёй непаўсюднасці, у сваёй "незаўважнасці", мабыць, нашмат трагічней...

5. "Жураўлі на Палессе ляцяць", Алесь Ставер. Ціхі добры верш пра прывязанасць да роднай зямлі, пра Радзіму, пра беларускі менталітэт...

Аляксей Ляляўскі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

1. "А хто там ідзе?", Янка Купала. Гэты верш павінен ведаць кожны беларус. Гэты верш — своеасаблівы беларускі гімн, марш.

2. "Сымон-музыка", Якуб Колас. Няхай кожны сам выбера для сябе ўрывак, які будзе вучыць на памяць. Але гэта вельмі важная для беларусаў паэма. Яна, дарэчы, прысвечана беларускай моладзі. Паэма пра непадобнасць некаторых людзей на іншых. Пра абранасць, пра надзею, пра цнатлівасць і душэўную цеплыню.

3. "Па-над белым пухам вішняў", Максм Багдановіч. Гэты верш, вельмі лірычны і нацыянальны, мелодыкай і формай вершаскладання звязвае нашу культуру і мову з еўрапейскай, сусветнай. І гэта вельмі важна.

4. "Я вас любил", Аляксандр Пушкін. Мы так цесна звязаныя з Расіяй, што без Пушкіна, ну ніяк не абысціся. Гэты верш вельмі тонкі, самабытны. Самае важнае, што ён прысвечаны самаму галоўнаму ў жыцці пачуццю — каханню, такому ўзнёсламу і неабходнаму нам. Асабліва сёння, таму што час наш — прагматычны: усе размаўляюць толькі пра выгоду. Але жыццё чалавечае складаецца не толькі з матэрыяльных рэчаў, але і з пачуццяў.

5. "Паломніцтва Чайлда Гаральда", Джордж Гордан Байран. Гэта паэма пра тое, як ставіцца да жыцця. Мы часам ідзем і не ўсведамляем, што шлях, якім мы крочым, наканаваны менавіта нам. Некаторыя рэчы ў жыцці не падабаюцца, але ўсё гэта дадзена Богам... Паэма адкрывае тое, што кожнае здарэнне ў жыцці мае свой сакральны сэнс, яно даецца чалавеку для нечага. Калі чытаеш паэму Байрана, то спачатку здаецца, што гэта проста жыццярыс. Але назва ж сур`ёзная! Яна надае прыгодам героя іншы, больш глыбокі сэнс. Так і ў жыцці: мы часта не бачым у нейкіх момантах адметнасці, непаўторнасці, але гэта ўсё — "паломніцтва"...

Леанід Дранько-Майсюк, паэт:

1. "Спадчына", Янка Купала. Гімн Радзіме.

2. "Зорка", Якуб Колас. Гімн Каханню.

3. "Паміж пяскоў егіпецкай зямлі", Максім Багдановіч. Гімн беларускай неўміручасці.

4. "Трэба дома бываць часцей", Рыгор Барадулін. Гімн роднай хаце.

5. "Лён" (прысвячэнне Анатолю Сысу), Эдуард Акулін. Гімн сяброўству.

Валерыя (Валярына) Кустава, паэтка:

1. "Пагоня", Максім Багдановіч. "Пагоня" для многіх сталася негалосна прынятым патрыятычным гімнам Беларусі, які займеў вядомасць у шырокіх колах дзякуючы музыцы Мікалая Равенскага. Але перш за ўсё гэта верш, які варта ведаць, каб помніць, скуль мы ёсць. І каб памяць нашая была востраю.

2. "Магутны Божа", Наталля Арсеньева. Сапраўдная малітва пра Беларусь. Дарэчы, аўтарская назва твора — менавіта "Малітва". Таксама пакладзены на музыку кампазітарам М. Равенскім, верш для многіх стаўся рэлігійным гімнам Беларусі. Варта прамаўляць яго як мага часцей, каб заставацца беларусам з Богам у душы. "Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай Краіну нашу і наш народ!"

3. "Зорка Венера", Максім Багдановіч. Менавіта песенныя вершы-тэксты перш за ўсё людзі і ведаюць. То няхай гэта будуць найлепшыя з іх. Каб быць беларусам, здольным кахаць і казаць пра свае пачуцці — і на зямлі, і вышэй ад зор, — трэба ўмець прызнавацца ў каханні, прызнавацца прыгожа. "Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, глянь іншы раз на яе..."

4. "Заяц варыць піва", Уладзімір Караткевіч. Беларусы, апроч таго, што ціхмяныя ды цярплівыя, таксама вельмі гумарныя. І мы не павінны пра гэта забывацца. Караткевіч быў такім самым жыццялюбам, як і яго героі, такім самым неабыякавым да жыцця і сваёй дняпровай Бацькаўшчыны. І да сябе, і да свету ён ставіўся з той доляй гумару ды іроніі, з якой мусіць ставіцца да нястачаў ды перашкодаў кожны мудры чалавек, кожны мудры беларус. "Павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой"?.. Верш, вядома, не толькі і не столькі пра зайцаў.

5. "Ворагам Беларушчыны", Янка Купала. Верш балючы і праўдзівы — пра лёс мовы, самой нацыі. Але між тым у ім нам усім даецца надзея. "І будзе ўнукаў панаванне там, дзе сягоння плача дзед!" Унукі — гэта мы.

Аксана Бязлепкіна, кандыдат філалагічных навук, выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ:

— Каб не сказаць, што я веру ва ўтылітарную вартасць паэзіі, я скажу, што веру ў яе як ва ўніверсальны сродак перадачы эмоцый, як у малітву. І верш трэба ведаць на памяць не для таго, каб на Новы год чытаць яго перад замілаванымі гасцямі, стоячы на табурэтцы. Яго трэба ведаць, каб тады, калі ад радасці ці болю не хапае слоў, радкі ўсплылі аднекуль і прынеслі палёгку.

1. "Новая зямля", Якуб Колас. "Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут" — гэтыя радкі адгукнуцца ў душы таго, хто марыць быць гаспадаром.

2. "Спадчына", Янка Купала. А адчуўшы сябе гаспадаром матэрыяльных ці нематэрыяльных каштоўнасцяў, вы будзеце "ўсцяж рабіць агледзіны, ці гэты скарб не збрыў дзе проч, ці трутнем ён не з`едзены". Таму што Родная Старонка, пра якую піша класік, — там, дзе вас штосьці альбо хтосьці трымае.

3. "Пахне чабор", Пятрусь Броўка. Пра адчуванне шчасця найдакладней скажуць радкі: "Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца. Вось яно — блізкае, яснае шчасце".

4. "Спелы бор", Анатоль Вялюгін. Захапленне манументальнай прыгажосцю і магутнасцю прыроды абудзіць у беларусах язычніцкую веру: "З усіх сабораў ёсць сабор, дзе згодзен я маліцца; у спелым леце, спелы бор, звіняць твае званіцы".

5. "Трэба дома бываць часцей", Рыгор Барадулін. "Трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці", — успомніце вы, калі ўжо нічога нельга будзе вярнуць.

Звязда  4 верасня 2010
 
Дата публикации:04.09.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:6842
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме