https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Не хвароба, а асаблівасць развіцця на працягу ўсяго жыцця


2 красавіка штогод з 2008 года адзначаецца Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму.
З кожным годам колькасць дзяцей, якія пакутуюць ад расстройстваў аўтыстычнага спектру, расце. І гэта сусветная тэндэнцыя, у якой Беларусь не выключэнне. Пра асноўныя прыкметы ранняга дзіцячага аўтызму і калі варта біць трывогу, распавяла псіхолаг Гомельскага абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі Кацярына Каваленка. 

— У норме дзіця ўжо ў 2-3 месяцы пачынае актыўна рэагаваць на навакольных людзей: усміхаецца, ляпеча, адрознівае, хто да яго падышоў, свой ці чужы чалавек. Грымасы, усмешка, плач і крык — усё гэта маркеры таго, што развіццё ідзе добра. Неабходна насцярожыцца, калі першыя месяцы пасля нараджэння ў дзіцяці ёсць паніжаны псіхічны і мышачны тонус, — звяртае ўвагу псіхолаг.

— Дзіця незвычайна спакойнае, млявае і абыякавае да навакольнага асяроддзя, дрэнна адрознівае маці ад навакольных, не цягнецца на рукі, не ўсміхаецца. Здараецца, што малое не рэагуе ці недастаткова рэагуе на гук чалавечага голасу. Пры гэтым можа прыслухоўвацца да шамацення паперы, гуку гадзініка ці прыглядацца да сонечнага зайчыка. Некаторыя дзеці пры гэтым адчуваюць страх. У іх зменена адчувальнасць: або выбарча павышана, або відавочна зніжана рэакцыя на тактыльныя і сэнсарныя раздражняльнікі, — тлумачыць суразмоўніца.

Як сцвярджае спецыяліст, сярэдні ўзрост выяўлення расстройстваў аўтыстычнага спектру — 2-3 гады. У гэтым узросце пры нармальным развіцці дзіця ўжо павінна размаўляць кароткімі фразамі, простымі сказамі, узаемадзейнічаць з акаляючымі людзьмі. Калі бацькі бачаць, што гэтага не адбываецца, варта звярнуць на гэта ўвагу. 

— У аўтычных дзяцей асаблівым чынам фармуецца гаворка. Напрыклад, могуць адсутнічаць этапы гулення і лепету, або гаворка носіць механічны характар, пазбаўлены інтанацыйнага кампанента. Варта насцярожыцца, калі словы вымаўляюцца спантанна, без уліку сітуацыі, бы «гульня слоў», якая не мае адраснага зместу і не служаць сродкам зносін, — падкрэслівае псіхолаг. — Часам, для дзіцяці вымаўленне асобных слоў становіцца свайго роду рытуалам, які палягчае выкананне якога-небудзь дзеяння. Або фармаванне гаворкі значна адстае ад узроставай нормы. Пры гэтым важна памятаць, што асобныя адзначаныя прыкметы могуць назірацца і пры нармальным развіцці дзіцяці. Пры любых сумненнях бацькам лепш абгаварыць праблему з урачом.

Па словах спецыяліста, пра аўтызм па ранейшаму існуе мноства міфаў. Варта ведаць, што аўтызм — гэта парушэнне, якое мае біялагічную прыроду. Ён не выклікаецца «халодным стылем выхавання», не абмяжоўваецца толькі дзіцячым узростам, а захоўваецца на працягу ўсяго жыцця. 

— Аўтызм — сур’ёзнае парушэнне камунікацыі, сацыяльнага ўзаемадзеяння. Дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектру не заўсёды адрозніваюць выбітныя здольнасці. Парушэнне можа сустракацца ў людзей з самым розным каэфіцыентам інтэлекту, аднак часцей за яно суправаджаецца яго зніжэннем. Вялікай памылкай будзе лічыць, што дзеці з аўтызмам не маюць патрэбы ў зносінах. Патрэба ў камунікацыі ў іх не зніжана, яна проста спецыфічная. Справа ў тым, што дзіця не ўлоўлівае сацыяльных і эмацыйных кантэкстаў таго, што адбываецца, не разумее падтэксту і гумару. Яму вельмі цяжка ініцыяваць і падтрымліваць кантакт. Ён вельмі нетрывалы ў зносінах. Яго выказванні магу быць занадта прамалінейныя, ён наіўны і не ўмее падманваць. Нярэдкія афектыўныя ўспышкі. Істэрыкі і як следства перагрузка нервовай сістэмы — гэта таксама характэрная рыса асаблівых дзяцей. Спускавым кручком можа стаць што заўгодна, — дадае Кацярына Каваленка.

Спецыяліст Гомельскага абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі звярнула ўвагу на важнасць падрыхтоўкі асаблівага дзіцяці да ўзаемадзеяння з аднагодкамі і ўключэння ў навучальны працэс.

— Пры ўключэнні аўтычнага дзіцяці ў асяроддзе іншых дзяцей вельмі важна быць цярплівым, выконваць усё паступовасць і не спяшацца. 

Напрыклад, пры паступленні ў інтэграваны клас дзіця лепш загадзя пазнаёміць з педагогам, паказаць навучальны кабінет і выбраць месца, дзе ён будзе сядзець, правесці па школе. Спачатку можна знаходзіцца ў класе не поўны дзень, а ўсяго адзін ці некалькі ўрокаў. Далей колькасць часу трэба паступова павялічваць. Пажадана, каб дзіця суправаджаў цьютар. Асабліваму навучэнцу патрэбны дакладны рэжым, стабільны графік, структураваны ўрок і зразумелыя інструкцыі. Так яму будзе лягчэй адаптавацца сярод школьнікаў, — парэкамендавала псіхолаг.

Гутарыла Наталля Капрыленка
Звязда, 2 красавіка 2024
 
Дата публикации:02.04.2024
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:182
 
Ключевые слова:
3Куфэрак здароўя Аутизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме