"Мы самі стваралі сваю гісторыю. Свае законы таксама пісалі самі. Таму жывём трэць стагоддзя пад інфармацыйным, палітычным, эканамічным прэсам. Увесь гэты час за кардонам толькі лянівы не называў Лукашэнку дыктатарам і аўтарытарным Прэзідэнтам. Няхай называюць. Важна тое, што мы ў выніку маем: неразбазараныя народныя багацці, захаваны суверэнітэт, бяспеку і мір на роднай зямлі, рост дабрабыту нашых грамадзян. Мір, спакой і цішыню для людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы робім усё, што было абяцана 30 гадоў таму. І тое, што мы абяцалі, па вялікім рахунку выканана. Таму што ёсць з каго запатрабаваць, і каму адказаць. Мы канстытуцыйна замацавалі права кожнага на дастойны ўзровень жыцця. І гэта не дэкларацыі, а наша рэальная палітыка і рэальныя дасягненні".
Прэзідэнт прывёў канкрэтныя факты:
- За тры дзесяцігоддзі грашовыя даходы насельніцтва выраслі больш як у дзевяць разоў (у параўнанні з сярэдзінай 1990-х гг.), а заработная плата - у 12 разоў. "Вы памятаеце, якая гіперінфляцыя была ў нас пасля развалу Савецкага Саюза. Сёння яе ўзровень не перавышае 6 працэнтаў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
- Расце забяспечанасць грамадзян жыллём: колькасць квадратных метраў у разліку на аднаго жыхара павялічылася ў 1,6 раза.
- У Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў беднасці насельніцтва. Прычым не толькі сярод краін СНД, але і сярод дзяржаў Еўрапейскага саюза. З пачатку 1990-х гг. у краіне ў 10 разоў зменшылі гэты паказчык, значна знізілі ўзровень беспрацоўя. "Сёння мы ўжо не гаворым пра беспрацоўе. Мы гаворым пра дэфіцыт рабочай сілы", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
- Беларусь адносіцца да краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Беларусы прызнаны высокаінтэлектуальнай нацыяй. "Усё гэта даныя не нашы, а іх - нашых непрыяцеляў", - падкрэсліў беларускі лідар.
- Беларусь рацыянальна інвесціруе ў інавацыі і тэхналогіі будучага, тым самым павышаючы канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі. У краіне пабудавалі Беларускую атамную электрастанцыю, паспяхова завяршылі першы этап будаўніцтва Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Асвоена і масава выпускаецца новая прадукцыя: легкавыя аўтамабілі, электробусы і электрапаязды, беспілотныя кар`ерныя самазвалы. Будуюцца і пастаянна ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя лініі метро.
- Дзяржаўны доўг краіны не перавышае 32 працэнты ВУП. "Мы рацыянальныя ў фінансавых пытаннях, не дазваляем накопліваць і перакладваць свае даўгі на будучыя пакаленні. Наш дзяржаўны доўг не перавышае 32 працэнты ВУП. Не сакрэт, што ў шэрагу высокаразвітых краін гэты паказчык у разы вышэйшы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
- У Беларусі таксама створаны сучасны высокапрадукцыйны аграрны сектар. "Увайшлі у топ-5 экспарцёраў малочных прадуктаў, знаходзімся ў ліку сусветных лідараў па вытворчасці мяса на душу насельніцтва. І ў цэлым экспартуем амаль 65 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі. Калі б усё было дрэнна, то не куплялі б за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што такая дынаміка развіцця суверэннай Беларусі наўрад ці адпавядае планам і чаканням тых, хто называе краіну "недастаткова дэмакратычнай".
"Мы цяпер зразумелі, што такое дэмакратыя ў іх разуменні. Мы памятаем, што значыць быць "дэмакратычнай" краінай у вачах гэтага самага Захаду. Як у пачатку дзевяностых - быць слабымі, беднымі, зняважанымі. Потым бегаць, як некаторыя нашы суседзі, па плошчах і вуліцах, мяняючы ўладу як пальчаткі, жыць па адмашцы з Вашынгтона. Калі выбіраць паміж прыхільнасцю заходнееўрапейскіх палітыкаў і якасцю жыцця беларусаў, нашай нацыянальнай годнасцю і суверэнітэтам, то выбар відавочны", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
15 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
15 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА