https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У 2025 годзе будзе адзначацца 900-годдзе Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку


У 2025 годзе будзе адзначацца 900-годдзе Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку. Да гэтай даты плануюць завяршыць работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі аб’ектаў на тэрыторыі манастыра.
Працэс рэстаўрацыі знаходзіцца на кантролі ў намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі, пільную ўвагу надае яму і ганаровы грамадзянін Полацка, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Для правядзення юбілейных мерапрыемстваў на высокім узроўні створаны рэспубліканскі аргкамітэт, зацверджаны план мерапрыемстваў свецкага і духоўнага характараў. 

У ліку асноўных задач — заканчэнне работ па рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскага храма, жамчужыны манастырскага комплексу, пабудаванага пры жыцці Ефрасінні Полацкай. Аб’ект мае найвышэйшую катэгорыю ў Спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, уваходзіць у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму і Комплекс мер па развіцці Полацкага раёна да 2025 года. У Спаса-Праабражэнскай царкве, адзіным у Беларусі помніку XІІ стагоддзя, амаль цалкам, ад пачатку сцен да купала, захаваўся фрэскавы роспіс. Рэстаўрацыйныя работы вядуцца як на фасадах, так і ўнутры храма. Да канца 2024 года яны павінны быць завершаны.

За 2022 год удалося выканаць вялікі аб’ём работ па выдаленні дэфектных тынковак на фасадах храма. Да цяперашняга часу рэстаўратары аднавілі страчаныя элементы XІX стагоддзя, закансервавалі рэшткі дэкору XІІ стагоддзя. У інтэр’еры царквы правялі комплексныя работы па рэстаўрацыі фрэсак у скуф’і купала і ў барабане, уключаючы аконныя праёмы. Дарэчы, рэстаўрацыя фрэсак вядзецца з 1990 гадоў, ужо раскрыта 97–98 працэнтаў іх плошчы — гэта фактычна ўсе насценныя роспісы. Засталіся ўчасткі ў цяжкадаступных месцах: на хорах і ўнутрысценнай лесвіцы ў келлю Ефрасінні, дзе з-за вузкага праходу працаваць даволі складана.

Разам з гэтым пачалася рэалізацыя яшчэ аднаго важнага праекта — аднаўленне трапезнай для насельніц манастыра, у якой будзе 170 месцаў, што дазволіць разам з насельніцамі прымаць і паломнікаў. Таксама ў будынку плануюцца неабходныя кухонныя і дапаможныя памяшканні. У якасці крыніцы фінансавання вырабу праектнай дакументацыі прадугледжаны ўласныя сродкі манастыра і спонсарская дапамога. 

Па словах старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Марковіча, гэта пакуль застаецца самым напружаным пытаннем. «Будаўнічыя работы рухаюцца дзякуючы неабыякавасці вернікаў і падзвіжніцкай мэтанакіраванасці ігуменні манастыра матушкі Еўдакіі. Яна ў няпростыя моманты не стамляецца паўтараць: „Не адчайвайцеся, Гасподзь усё ўправіць“. І мы верым у галоўнае, што сама Прападобная не пакідае нас без сваёй абароны. 

У зацверджаным плане па падрыхтоўцы да святкавання 900-годдзя было вызначана правядзенне рамонтных работ у цэнтры горада. Думалі, шукалі крыніцы фінансавання. Сёння дзякуючы таму, што ў Полацку ў чэрвені 2024 года пройдзе шэраг мерапрыемстваў Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, крыніцы фінансавання вызначаны», — падкрэсліў кіраўнік раённай улады.

Ад Брэста, дзе рыхтуюць маштабную тэатральную пастаноўку, праз усю Беларусь сапраўдным усебеларускім хросным ходам пройдзе цэлы шэраг вялікіх і малых мерапрыемстваў.

Пад эгідай Міністэрства адукацыі плануецца рад навукова-практычных канферэнцый, над праектамі якіх ужо працуюць і маладыя, і сталыя навукоўцы. Сярод запланаваных да юбілейнай даты мерапрыемстваў — стварэнне экспазіцыі, прысвечанай гісторыі манастыра, у рамках адкрыцця археалагічнага музея — яшчэ аднаго філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Нацыянальны банк Беларусі збіраецца выпусціць юбілейную манету, таксама да 900-годдзя Полацкага манастыра адбудзецца гашэнне паштовага блока. Будуць праведзены XXІV Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні і фестываль калакольнага звону.

Аўтар: Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 10 сакавіка 2024
 
Дата публикации:10.03.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:54
 
Ключевые слова:
Религия Христианство Полацк Реставрация Женский монастырь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме