Каталіцкія іерархі ў першай палове дня наведаюць шэраг парафій, каб памаліцца з вернікамі і благаславіць стравы на велікодны стол. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведае парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве (11.00), Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі (12.00), Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы (13.00).
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі наведае парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла на вуліцы Кальцова (11.00), Маці Божай Будслаўскай на вуліцы Івянецкая (12.00), Святых Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ на вуліцы Матусевіча (13.00).
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіць велікодныя стравы ў парафіях Маці Божай Ружанцовай у вёсцы Ракаў (9.30), Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у пасёлку Бараўляны (11.00), Святога Францішка Асізскага ў вёсцы Копішча (11.45), Святога апостала Андрэя ў мінскім мікрараёне Уручча (12.30), Святых Сымона і Алены ў цэнтры Мінска (13.15).
Арцыбіскуп Кандрусевіч у 21.45 узначаліць велікодную вігілію ў галоўным каталіцкім храме Мінска — архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. Набажэнства будуць трансляваць у жывым эфіры тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".
Велікодныя набажэнствы ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Каменнай Горцы і капліцы парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Малінаўцы пачнуцца ў 19.00.
Касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), а таксама капліцы парафій Божага цела ў Ангарскім мікрараёне, святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы і Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах запрашаюць на велікодную вігілію ў 20.00.
У 21.00 святочныя набажэнствы пачнуцца ў касцёлах Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках і капліцах парафій Святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне, а таксма Маці Божаў Ружанцовай у Лошыцы.
Святая імша ў капліцах парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве, а таксама душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла і Святога Яўгена дэ Мазэно ў Зялёным Лузе пачнецца ў 22.00.
Велікодная вігілія ў дамавой капліцы парафіі Маці Божай Ларэтанскай у мікрараёне Сокал пачнецца ў 23.00.
З раскладам набажэнстваў у храмах іншых дыяцэзій можна азнаёміцца на афіцыйным партале каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі складаецца з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і трох дыяцэзій — Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай. Паводле статыстычных звестак за 2013—2016 гады, апублікаваных на афіцыйным партале касцёла catholic.by, да каталіцкай веры сябе адносяць больш за 1,4 млн грамадзян краіны, аб`яднаных у 486 парафій.
Колькасць пратэстантаў у Беларусі ацэньваецца, паводле розных даных, ад 200 тыс. да 500 тыс., грэка-католікаў — прыкладна ў 10 тыс.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 31 сакавіка 2018
Мінск, 31 сакавіка 2018