Кожны год у перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая па 30 верасня грамадзяне, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, маюць права на зніжку 50% ад кошту праезду ў цягніках рэгіянальных ліній эканом класа. Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.04.2011 № 176 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пенсіянераў".
Дакументам не прадугледжваецца прадастаўленне гэтай ільготы пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній бізнес класа (з нумараванымі месцамі), а таксама пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній.
Для набыцця праязных дакументаў са зніжкай трэба прад`яўляць арыгінал пенсіённага пасведчання. Таксама гэты дакумент неабходна мець пры сабе пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній эканом класа.
Праязныя дакументы можна аформіць як у білетных касах, так і праз тэрміналы самаабслугоўвання.
У прэс-службе магістралі нагадалі, што ў мэтах павышэння якасці і даступнасці паслуг у мінулым годзе Беларуская чыгунка ўстанавіла новую версію праграмнага забеспячэння плацежна-даведачных тэрміналаў, дзякуючы якой у пенсіянераў па ўзросце з 1 мая па 30 верасня таксама з`явілася магчымасць набываць льготныя праязныя дакументы (квіткі) з выкарыстаннем тэрміналаў самаабслугоўвання.
У мэтах задавальнення попыту на пасажырскія перавозкі ў перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая па 30 верасня курсіраванне цягнікоў рэгіянальных ліній эканом класа прадугледжваецца максімальнымі схемамі.
Сяргей Расолька
Звязда, 3 красавіка 2018
Звязда, 3 красавіка 2018