Як паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, арганізатары конкурсу абвясцілі канчатковы парадак выступленняў выканаўцаў у паўфіналах.
Сёлета парадкавыя нумары ўдзельнікаў паўфіналаў "Еўрабачання-2018", як і ў мінулыя гады, вызначалі прадзюсары песеннага форуму. На думку арганізатараў, такі падыход дазваляе зрабіць шоу больш цікавым і эфектным з пункту гледжання рэжысуры.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Лісабоне (Партугалія) з 8 па 12 мая.
Першы паўфінал адбудзецца 8 мая. Першым на сцэну выйдзе прадстаўнік Азербайджана. Затым выступяць выканаўцы з Ісландыі, Албаніі, Бельгіі, Чэхіі, Літвы, Ізраіля, Беларусі, Эстоніі, Балгарыі, Македоніі, Харватыі, Аўстрыі, Грэцыі, Фінляндыі, Арменіі, Швейцарыі, Ірландыі і Кіпра.
Другі паўфінал пройдзе 10 мая. Парадак выступлення: Нарвегія, Румынія, Сербія, Сан-Марына, Данія, Расія, Малдова, Нідэрланды, Грузія, Польшча, Мальта, Венгрыя, Латвія, Швецыя, Чарнагорыя, Славенія, Украіна.
Фінал адбудзецца 12 мая.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканал "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".
Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 3 красавіка 2018
Мінск, 3 красавіка 2018