https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Непрыемны пах ад Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната ўстараняецца


Пра гэта, як паведаміла прэс-служба канцэрна "Беллеспаперапрам", 10 студзеня ў Мінску далажыў генеральны дырэктар ААТ Юрый Крук старшыні канцэрна Юрыю Назараву.
Крук спыніўся на экалагічным пытанні, якое атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Ён паведаміў, што ні адна з узятых на аналіз проб паветра і вады не паказала перавышэння гранічна дапушчальных нормаў (канцэнтрацый) выкіду забруджвальных рэчываў. Кіраўнік завода таксама адзначыў, што сёння ў населеным пункце Якімава Слабада праходзіць сустрэча прадстаўнікоў прадпрыемства і дзяржаўных органаў з насельніцтвам. Жыхарам даводзіцца ўся неабходная інфармацыя аб выніках даследаванняў паветра і вады паблізу населенага пункта і работах, якія праводзяцца на прадпрыемстве.

Старшыня канцэрна даручыў генеральнаму дырэктару трымаць сітуацыю на пастаянным кантролі і ў аператыўным парадку інфармаваць канцэрн.

Круг таксама паведаміў, што завод "функцыянуе ў перыядычным рэжыме з правядзеннем работ па настройцы і наладцы ўсіх сістэм і тэхналагічных працэсаў". Паказчыкі па белізне, парогах залому, разрыву палатна істотна палепшаны.

Ажыццёўлены першыя пастаўкі цэлюлозы на ўнутраны рынак. Прададзена 230 тон, на складзе ёсць запас у 1.750 тон. Вядуцца падрыхтоўчыя работы па рэалізацыі цэлюлозы на біржавых таргах у краіны СНД.

Раней у канцэрне заявілі, што захаванне экалагічных патрабаванняў пры правядзенні пробнай вытворчасці на заводзе сульфатнай беленай цэлюлозы "знаходзіцца пад строгім кантролем кіраўніцтва прадпрыемства і адпаведных службаў". Заборы паветра для кантролю ажыццяўляюцца кожныя чатыры гадзіны, і замеры не паказваюць перавышэння гранічна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў.

У вёсцы Якімава Слабада пад Светлагорскам 25 снежня прайшоў стыхійны мітынг супраць завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайцамі на базе цэлюлозна-кардоннага камбіната. Завод яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, але нават яго праца ў тэставым рэжыме абурыла вяскоўцаў і жыхароў райцэнтра.

"Смурод стаіць такі, што немагчыма дыхаць. Людзі скардзяцца ў санстанцыю, экалогію і органы ўлады, але ім паўтараюць, што ўсё ў парадку. Цярпенне ўжо лопнула, і жыхары Якімавай Слабады 25 снежня сабраліся на мітынг", — паведаміла праваабаронца Алена Маслюкова, якая прысутнічала на сходзе вяскоўцаў.

Грамадзяне абураліся, што суседства завода ператварыла іх вёску ў "даліну смерці", заяўлялі, што яны асцерагаюцца за жыцці дзяцей, што ў іх абвастраюцца хранічныя захворванні, да прыкладу астма.

Асабліва людзей турбуе востры агідны хімічны пах, які распаўсюджваецца ад завода. На стыхійным мітынгу яны збіралі подпісы пад зваротамі да ўладаў — мясцовых і абласных, у экалагічныя службы, Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. На смурод скардзяцца і жыхары Светлагорска.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2018
 
Дата публикации:10.01.2018
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:907
 
Ключевые слова:
Светлагорск Якімава Слабада Беллесбумпром Экология
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме