https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва 2017 года


Адпаведныя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісаў 4 студзеня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Па выніках 2017 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб`яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды ГА "Беларускі саюз жанчын" - за плённую работу па ўмацаванні інстытута сям`і, ахове мацярынства і дзяцінства, актыўную дабрачынную дзейнасць.

Прэміяй адзначаны калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі за работу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ўдастоены прэміі за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Сярод лаўрэатаў таксама протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода храма прападобнай Ефрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці, за заслугі па арганізацыі сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян.

Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб`яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч удастоены прэміі за значны асабісты ўклад у захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый мусульман Беларусі.

Па выніках 2017 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Імі адзначаны дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў сферы інфармацыі, гісторыка-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі.

Прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Белтэлерадыёкампаніі ў складзе Аляксандра Атрашэўскага, Антаніны Станкевіч і Руслана Туркова за стварэнне хранікальна-дакументальнага серыяла "Дело жизни".

Узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у складзе Паліны Амельяновіч, Канстанціна Касцючэнкі і Глеба Отчыка за рэалізацыю праекта комплекснага мастацкага афармлення храма ў гонар святых Касмы і Даміяна ў аграгарадку Вішнева Мінскай вобласці.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Егарэйчанка адзначаны прэміяй за значны ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і выданне кнігі-альбома "Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў".

Прэміі ўдастоены калектыў выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта" за значны ўклад у захаванне духоўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, стварэнне высокамастацкіх паштовых марак да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, іншым знамянальным падзеям у гісторыі і культуры Беларусі.

У ліку лаўрэатаў спецпрэміі - калектыў Акцябрскага раённага дома рамёстваў за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных ткацкіх рамёстваў, актыўную выставачную дзейнасць.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі" адзначаны спецпрэміяй за значны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва, паспяховае правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Узнагароды ўдастоены калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці за рэалізацыю праекта "Ад мінулага да сучаснага", прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітачнага ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення.

Спецыяльная прэмія прысуджана калектыву "Мінскканцэрт" за рэалізацыю культурнага праекта ў рамках правядзення летняга музычна-турыстычнага сезона ў Верхнім горадзе.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначаны спецпрэміяй за рэалізацыю маштабных творчых праектаў "Талент краіны", "Дакрананне", "Пасхальны фестываль", накіраваных на развіццё здольнасцей таленавітых дзяцей і моладзі.

Узнагароды таксама ўдастоены мастак, член ГА "Беларускі саюз мастакоў" Валерый Слаук за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай школы станковай і кніжнай графікі, правядзенне выставы "Планета Слаук", персанальных выстаў у Мінску і рэгіёнах Беларусі.

Прыняцце ўказаў з`яўляецца яркім сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, развіцця беларускай культуры і мастацтва.

4 студзеня 2018 Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:04.01.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:635
 
Ключевые слова:
500-годдзе беларускага кнігадрукавання Премия "За духовное возрождение"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме