Кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля да 2020 года павінна будзе адпавядаць сярэдняй заработнай плаце па краіне. Такія параметры закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, зацверджаную ўказам прэзідэнта № 466 ад 15 снежня. Дакумент апублікаваны 27 снежня на Нацыянальным прававым партале.
Дакумент адзначае, што галоўным крытэрыем росту эфектыўнасці будаўніцтва з`яўляецца зніжэнне выдаткаў на будаўніцтва аб`ектаў на ўсім працягу інвестыцыйна-будаўнічага цыклу.
У 2018 годзе плануецца стварыць адзіную сістэму экспертных органаў па правядзенні дзяржэкспертызы будаўнічых праектаў на аб`яднанай метадалагічнай аснове па прынцыпе "адно акно". Доля выкарыстання айчынных сыравіны і матэрыялаў у будаўніцтве да 2020 года павялічыцца да 85%.
Пры праектаванні плануюцца распрацоўка і ўкараненне энергазберагальных інжынерных сістэм жылых дамоў, а таксама сістэм з выкарыстаннем электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
"Рэалізацыя гэтых мер дазволіць стрымліваць кошт квадратнага метра жылля, якая ў 2020 годзе будзе адпавядаць сярэдняй заработнай плаце па краіне і стане ключавым паказчыкам росту эфектыўнасці работы будаўнічага комплексу", — адзначаецца ў дакуменце.
Асноўным напрамкам будаўніцтва жылля ў бягучай пяцігодцы стане развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. "З улікам устойлівай тэндэнцыі росту цікавасці грамадзян да пражывання ў індывідуальных жылых дамах аб`ёмы будаўніцтва такога жылля будуць павялічаныя і яго доля будзе даведзеная да 40% да 2020 года ў агульным аб`ёме жылля, якое ўводзіцца", — гаворыцца ў праграме.
Будаўніцтва жылля для грамадзян, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку, плануецца ажыццяўляць па эканамічных праектах тыпавых спажывецкіх якасцяў з выхадам да 2020 года на 100-працэнтнае энергаэфектыўнае выкананне шматкватэрных жылых дамоў.
Арэнднае жыллё прадугледжваецца ўзводзіць як за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, так і з прыцягненнем прыватных інвестыцый на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Фінансавыя сродкі, якія грамадзяне будуць выкарыстоўваць на набыццё і будаўніцтва жылля, плануецца вызваліць ад дэкларавання і падатковых прэтэнзій. Адпаведныя нормы будуць замацаваныя ў заканадаўстве ў 2017 годзе.
За пяцігоддзе намечана пабудаваць 18 млн квадратных метраў жылых памяшканняў, у тым ліку 1,55 млн кв. метраў для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў і якія маюць права на дзяржаўную падтрымку. Забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара павялічыцца з 26,5 кв. метраў у 2015 годзе да 27,3 кв. метра ў 2020 годзе.
Сярэднярыначныя цэны на новабудоўлі ў Мінску сёння складаюць: 905—990 долараў за 1 кв. м у класе "Эканам", 1.030—1.190 — "Стандарт", 1.210—1.290 — "Камфорт", 1.610—1.645 — "Прэстыж". Сярэдняя зарплата ў доларавым эквіваленце — прыкладна 360.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 27 снежня 2016
Мінск, 27 снежня 2016