Мінчане змогуць узяць удзел у міжнароднай дабрачыннай акцыі па зборы адзення для тых, хто жыве ў нястачы. Як паведамілі арганізатары, акрамя Мінска ў акцыі возьмуць удзел 70 гарадоў 30 краін Еўропы, ўключаючы найбуйнейшыя сталіцы.
Дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы, ў гэты дзень будзе гэтак жа проста, як і замовіць аўтамабіль праз дадатак, адзначаюць у Uber. Любы карыстальнік 10 снежня з 12.00 да 20.00 зможа выклікаць аўтамабіль UberGIVING і перадаць кіроўцу вопратку. Рэчы павінны быць чыстымі і не патрабаваць рамонту.
Усе рэчы, сабраныя Uber у гэты дзень у беларускай сталіцы, будуць перададзены дабрачыннаму фонду KaliLaska, які паклапоціцца аб тым, каб яны набылі новага гаспадара. Удзел у праекце UberGIVING для жыхароў Мінска будзе абсалютна бясплатным.
"Што матывуе людзей рабіць добрыя ўчынкі? У кожнага свае прычыны. На жаль, у многіх выпадках, нават маючы самыя добрыя намеры, людзі адмаўляюцца ад ідэі дапамогі іншым, таму што не ведаюць, з чаго пачаць і куды звяртацца. У найбліжэйшыя выхадныя новыя тэхналогіі дадуць магчымасць кожнаму аказаць рэальную дапамогу тым, хто жыве ў нястачы: трэба будзе проста замовіць аўтамабіль праз дадатак Uber і перадаць рэчы кіроўцу. Я вельмі рад, што такая магчымасць з`явіцца і ў жыхароў Мінска, асабліва напярэдадні Новага года", — падкрэсліў генеральны менеджар Uber у СНД Аляксей Стах.
Такая акцыя праводзіцца ў Мінску ўпершыню. Раней Uber арганізоўваў збор непатрэбных рэчаў у верасні 2015 года. Жыхары 46 гарадоў у 19 еўрапейскіх краінах збіралі рэчы для сірыйскіх бежанцаў. Акрамя непатрэбнага адзення, у Францыі збіралі грашовыя ахвяраванні для французскага Чырвонага Крыжа, у Нідэрландах — спальныя мяшкі для бежанцаў, у Капенгагене і Сафіі — цёплыя рэчы і палаткі. Акцыі з-за папулярнасці давялося працягнуць, а сабранымі рэчамі можна было запоўніць 10 марскіх кантэйнераў.
Увесну гэтага года непатрэбнае адзенне ў рамках UberGIVING збіралі ў дзесяці гарадах Расіі. Масквічы, напрыклад, падзяліліся з тымі, хто жыве ў нястачы, прыкладна 3,5 тоны рэчаў.
Паводле дадзеных даследавання Harvard University, акцыі, накіраваныя на дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, маюць вельмі важны сацыяльны эфект: назіраючы за тым, як праходзяць дабрачынныя праекты, няхай нават зусім невялікія, людзі з большай верагоднасцю будуць дапамагаць іншым.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2016
Мінск, 6 снежня 2016