Прэзентацыя выдання "Ушанаванне дат надання Магдэбургскага права гарадам Магілёўшчыны (Чэрыкаў, Чавусы, Бялынічы)" адбылася падчас круглага стала "Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады", які прайшоў сёння ў Магілёве.
Адзначана, што рэалізацыя гэтага праекта з`явілася станоўчым прыкладам узаемадзеяння грамадскасці і ўлады ў мэтах папулярызацыі гісторыі роднага краю. Так, у 2015 годзе члены ТБМ правялі ў сямі гарадах Магілёўшчыны круглыя сталы, падчас якіх расказалі аб традыцыях мясцовага самакіравання ў Шклове, Чавусах, Чэрыкаве, Бялынічах, Горках, Бабруйску і Крычаве.
У 2016 годзе ў Чэрыкаве, Чавусах і Бялынічах былі ўстаноўлены гранітныя дошкі з інфармацыяй пра даты надання гэтым гарадам Магдэбургскага права. Акрамя таго, на бялыніцкай дошцы змяшчаецца інфармацыя аб выпуску там у снежні 1652 года першай кнігі.
У прадстаўленым грамадскасці выданні змешчаны фатаграфіі момантаў адкрыцця інфармацыйных дошак і іх апісанне. Так, у Чэрыкаве гэта адбылося падчас святкавання Дня горада 17 ліпеня, у Чавусах — 12 жніўня, а ў Бялынічах — 4 кастрычніка. У гэтых трох гарадах раённыя ўлады аказалі садзейнічанне актывістам, супрацоўнічаючы з імі ў распрацоўцы дызайну, інфармацыйнага напаўнення і ва ўстанаўленні дошак.
Падчас прэзентацыі падкрэслівалася, што рэалізацыя праекта была б немагчымая без членаў ТБМ — кандыдатаў гістарычных навук Ігара Пушкіна і Аляксандра Агеева, кандыдата філалагічных навук Яраслава Клімуця, а таксама гісторыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Сілкова, гісторыкаў і краязнаўцаў у кожным з трох раённых цэнтраў.
Брашуру, выпушчаную тыражом 50 асобнікаў, плануецца перадаць у раённыя выканкамы, музеі і бібліятэкі.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
Магілёў, 6 лістапада 2016
Магілёў, 6 лістапада 2016