Беларусь выходзіць з трох міжнародных дагавораў, якія рэгулююць пенсійнае забеспячэнне ваенных пенсіянераў у рамках СНД.
Гэта, у прыватнасці, пагадненне аб парадку пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых і іх сем’яў і дзяржаўнага страхавання ваеннаслужачых дзяржаў — удзельніц СНД ад 15 мая 1992 года, пагадненне аб парадку пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых Пагранічных войскаў, членаў іх сем’яў і дзяржаўнага страхавання ваеннаслужачых Пагранічных войскаў дзяржаў — удзельнікаў СНД ад 15 мая 1992 года і пагадненне аб парадку пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага страхавання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц СНД ад 24 снежня 1993 года.
Гэтымі дакументамі прадугледжана, што пенсійнае забеспячэнне ваенных пенсіянераў, прыбыўшых з краін Садружнасці (незалежна ад іх грамадзянства), ажыццяўляецца за кошт бюджэту дзяржавы, у якой яны пастаянна пражываюць, на ўмовах, па нормах і ў парадку, якія існуюць у краіне іх пастаяннага пражывання.
«У Беларусі 99 працэнтаў выпадкаў назначэння такіх пенсій прыпадае на ваенных пенсіянераў, прыбыўшых з Расіі і Украіны. Разам з тым расійскім бокам ужо дэнансаваны пагадненні ад 15 мая 1992 года і вядзецца аналагічная работа адносна пагаднення ад 24 снежня 1993 года. Украіна таксама выйшла з двух дагавораў. У сувязі з гэтым далейшы ўдзел Беларусі ў пагадненнях прызнаны немэтазгодным», — растлумачылі ў прэс-службе беларускага лідара.
Асобам, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, выплата пенсій, што назначаны да выхаду з пагадненняў, будзе прадоўжана.
Звязда, 21 снежня 2023