https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Работы мастакоў эпохі Адраджэння паказваюць у Мінску


Выстаўка працуе ў ЦЭХу да 17 красавіка.
Калі магчыма выказаць словамі геніяльнасць і значэнне Мікеланджэла Буанароці для сусветнага мастацтва, то менавіта так: Мікеланджэла — гэта ідэал, гэта абсалют, гэта бог.

Тым цяжэй усведамляць, што творы яго рукі — вядома, я не маю на ўвазе яго санеты — рэдка можна ўбачыць зблізку. Асабліва гэта тычыцца Сіксцінскай капэлы, алтарная сцяна і столь якой яшчэ ў XVІ стагоддзі былі распісаны майстрам. І нават пяціметровая статуя Давіда, выстаўленая ў Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Фларэнцыі, адкрываецца гледачу не паўнавартасна, бо асобнай увагі тут заслугоўвае выраз твару героя перад бітвай з Галіяфам.

Трапіць у Мінск гэта спадчына генія Адраджэння магла толькі ў адным выглядзе — у якасці мультымедыйнай выстаўкі «Мікеланджэла. Стварэнне свету», што 18 лютага адкрылася ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ.

Уявіце, як класічнае акадэмічнае мастацтва вядомага скульптара эпохі Адраджэння, мастака і паэта («Я думкамі скіраваны ў вечнасць...»), што абапіраўся ў творчасці на антычную спадчыну, са шчырай верай у Бога выконваў заказы каталіцкай царквы і сям`і Медычы, з патрабавальнай уніклівасцю адбіраў для сваіх скульптур найлепшы мармур, працаваў ад світання да світання, дысануе з заводскай пабудовай на мінскай Кастрычніцкай вуліцы, дзе і размешчана выставачная прастора ЦЭХ. І хоць мостам тут служаць сучасныя тэхналогіі — віртуальны свет, які рэпрэзентуе творчасць мастака, — выглядае гэта незвычайна.

Месца правядзення абумоўлена не ў апошнюю чаргу тэхнічнымі акалічнасцямі: ЦЭХ валодае патрэбнай плошчай, каб размясціць апаратуру, і вялікімі сценамі для экранаў, на якіх з дапамогай праектара пад музыку Баха, Шуберта, Гендэля паказваецца аудыёвізуальнае шоу працягласцю ў сорак хвілін.

Асноўнай часткай праграмы з`яўляецца роспіс Сіксцінскай капэлы, ад Стварэння свету да Страшнага суда — шлях, які ў адпаведнасці з Бібліяй павінна прайсці чалавецтва. У рэальнасці ён займае каля пяцісот квадратных метраў, змяшчае каля трохсот фігур.

На выстаўцы можна ўбачыць таксама скульптуры Мікеланджэла — «П`ету», «Давіда», «Маісея»; у шоу ўключана творчасць іншых аўтараў эпохі Адраджэння — Леанарда да Вінчы і Рафаэля (яны разам з Буанароці ствараюць тройцу тытанаў эпохі), Батычэлі, Тыцыяна і Джота.

Не так даўно на той жа пляцоўцы таксама ў фармаце мультымедыйнай выстаўкі былі паказаны творы Вінцэнта Ван Гога. Хто ці што тут — «галоўны экспанат», тады прыйшло вызначыць у цэлым каля трыццаці тысяч чалавек. Праект «Мікеланджэла. Стварэнне свету» стаў другім такім вопытам для выставачнага жыцця Беларусі.

Дысананс паміж «антычнымі» фігурамі і бетоннай падлогай становіцца ў пэўным сэнсе паказчыкам часу. Па-першае, тут праяўляюцца магчымасці, якія дае нам выкарыстанне сучасных тэхналогій. Паглядзець на роспіс Сіксцінскай капэлы не на здымках у кнізе і не ўглядаючыся ў звод ватыканскага храма — напэўна, дарагога каштуе. Па-другое, выкарыстанне пэўнага фармату выводзіць мастацтва ў іншую катэгорыю, і класічны аўтар становіцца модным.

Мультымедыйныя выстаўкі, даўно знаёмыя сусветным пляцоўкам, — фармат, пагадзіцеся, папсовы. А гэта яшчэ адзін дысананс і нават аксюмаран (сумяшчэнне несумяшчальнага), схаваны ў віртуальным туры «Мікеланджэла. Стварэнне свету» (ён, дарэчы, як і з творамі Ван Гога, з поспехам прайшоў у Маскве і іншых гарадах).

Асучасніванне, змяненне фармату, выкарыстанне твораў класічнага аўтара ў папулярнай форме спрацоўваюць — на такое шоу з вялікай ахвотай прыходзяць розныя людзі, і, здавалася б, далёкае мастацтва становіцца даступнейшым і больш блізкім.

Нарэшце, выстаўка мае і функцыю лікбезу. Арганізатары мяркуюць, што «Стварэнне свету» будзе папулярней за «Ажыўшыя палотны» Ван Гога, а гэта значыць, вялікая колькасць людзей даведаецца, што Мікеланджэла — не толькі аўтар накіраваных адна да адной рук з фрэскі «Стварэнне Адама» (адсылка да якой ужо стала мэйнстрымам), але і найвыдатнейшы скульптар, таленавіты паэт.

Выстаўка працуе ў ЦЭХу да 17 красавіка. Наступным аўтарам, які будзе прадстаўлены ў падобным фармаце ў Мінску, як плануецца, стане галандскі мастак Іеранім Босх.

Ірэна Кацяловіч, Надзея Бужан 
katsyalovіch@zvіazda.by
Звязда, 27 лютага 2016
 
Дата публикации:28.02.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:758
 
Ключевые слова:
Мінск Выставка Изобразительное исскуство Живопись Скульптура
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме