https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зацверджаны план па правядзенні Года культуры ў Беларусі


Аб гэтым паведамілі ў Савеце Міністраў.
У плане названы розныя конкурсы, фестывалі, форумы і г.д. Так, на працягу 2016 года запланавана правядзенне акцый "Культурная сталіца Беларусі" і "Мецэнат культуры ў Год культуры", рэспубліканскіх конкурсаў - "Горад культуры ў Год культуры" (найбольш паспяховы турыстычны цэнтр) і "Чалавек Года культуры" (сярод работнікаў гэтай сферы).

Вынікі рэспубліканскіх конкурсаў будуць падведзены ў пачатку 2017 года. Прадоўжыцца мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, у тым ліку ідзе размова аб завяршэнні рэканструкцыі комплексу будынкаў і збудаванняў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", аб завяршэнні капітальнага рамонту і рэканструкцыі памяшканняў рэгіянальных устаноў культуры.

Прадоўжыцца стварэнне Музейнага квартала ў Мінску на базе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (будаўніцтва плануецца завяршыць у 2018 годзе).

Акрамя таго, у 2016 годзе будуць рэалізаваны мерапрыемствы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, плануецца завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і заканчэнне рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя - Свята-Пакроўскага манастыра ў Талочыне.

Пройдуць Дні еўрапейскай спадчыны, у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прадстаўлена дасье "Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай". У чэрвені па традыцыі пройдзе Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, у ліпені - свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), у жніўні-верасні - міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", у снежні - канферэнцыя "Другія Беларускія Калядныя чытанні".

У плане - міжнародная акцыя "Ноч музеяў" (май) і III Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" (верасень-кастрычнік). У маі-чэрвені таксама пройдуць XIV Свята мастацтваў "Мірскі замак" і фестываль "Музычныя вечары ў замках Беларусі".

Плануецца ўручыць Нацыянальную тэатральную, літаратурную і музычную (у галіне эстраднага мастацтва) прэміі. У ліпені пройдзе юбілейны XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", у сакавіку - міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M.art. кантакт", у маі - Міжнародны фестываль тэатраў лялек, у чэрвені - XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, у верасні - міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", у верасні-кастрычніку - форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ", у кастрычніку - XI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, у лістападзе - XXIII Міжнародны кінафестываль "Лістапад".

У цэлым у плане прапісана правядзенне фестываляў, конкурсаў, выставак, форумаў, накіраваных на развіццё і папулярызацыю музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва. Гэта, сярод іншага, прадугледжвае правядзенне Дзён культуры, Дзён кіно Беларусі за мяжой і мерапрыемстваў у адказ у Беларусі.

Асобна ў 2016 годзе будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя юбілярам - выдатным асобам беларускай культуры.

Яны прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

На 3-4 верасня намечана святкаванне Дня беларускага пісьменства. У лютым-верасні адбудзецца дабрачынны творчы марафон "Адраджэнне", прымеркаваны да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У чэрвені будуць арганізаваны мерапрыемствы да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У снежні адбудзецца Форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры.

26 студзеня 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:26.01.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:733
 
Ключевые слова:
Год культуры План мероприятий
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме