Блакітныя аўтобусы зусім нядаўна размалявалі гарадскія восеньскія вуліцы. Жыхары Віцебска ацанілі навінкі і апанавалі фотаздымкамі сацсеткі. Кіроўцы, якія ўжо абкаталі па сваіх маршрутах тэхніку, задаволеныя камфортам у сучасных машын беларускай вытворчасці.
«Галоўны падарунак для нас, вадзіцеляў, — гэта кандыцыянер у кабіне. Улетку ён стане сапраўдным выратаваннем ад спякоты. Гэта якраз тое, пра што мы ўсе марылі. У аўтобусе ўсё камп’ютэрызавана, усё вельмі зручна, і пасажыры адклікаюцца станоўча», — падзяліўся ўражаннямі кіроўца Мікалай Сафончык, які ўпершыню за руль аўтобуса сеў у 1985 годзе.

Што тычыцца зручнасці для пасажыраў, то і тут усё прадугледжана. У салоне аўтобуса ўстаноўлены вентылятары, ды і фортачкі сталі значна больш.
«У бліжэйшыя 3-4 месяцы аўтапарк папоўніцца яшчэ 22 такімі ж новымі машынамі. Гэтыя аўтобусы сталі для нас вялікай дапамогай, бо ў аўтапарку ў большай часткі тэхнікі высокі адсотак зносу», — распавёў аб планах па абнаўленні начальнік участка гарадскіх перавозак ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Яўген Станкевіч.
«Дзядкі» на колах ужо звыклага для віцяблян насычанага зялёнага колеру паступова саступяць дарогу і маршруты маладому аўтапаўненню, і гарадскія перавозкі стануць не толькі больш хуткімі і бяспечнымі, але яшчэ і ўтульнымі.
Звязда, 16 лістапада 2023