Бізнесмены больш як з 20 краін прымуць удзел у VII Міжнародным інвестыцыйным форуме «Магілёўская вобласць — шлях да поспеху», які пройдзе ў Магілёве 5-7 лістапада.
З 500 разасланых запрашэнняў ужо сто прадстаўнікоў бізнес-колаў і дэлегацый пацвердзілі свой удзел. У іх ліку інвестары з Расіі, Украіны, Кітая, Германіі, Польшчы, Ірландыі, Сербіі, Фінляндыі, Латвіі. «Пры падрыхтоўцы інвестфоруму праведзена вялікая папярэдняя работа, і мы плануем падпісаць інвестдагаворы на $150 млн па рэалізацыі буйных праектаў у энергетыцы, будаўніцтве, сельскагаспадарчай вытворчасці, ЖКГ. Прыкладна на такую ж суму плануецца падпісаць і пратаколаў аб намерах па рэалізацыі інвестпраектаў», — сказаў Яўген Якімаў.
Мерапрыемства праводзіцца раз у два гады і збірае прадстаўнікоў вядомых сусветных банкаў, еўрапейскіх бізнес-арганізацый, рэгіянальных і рэспубліканскіх органаў улады, гандлёва-прамысловых палат замежных дзяржаў, органаў кіравання. Галоўнай, а таксама самай наведвальнай і папулярнай падзеяй форуму стане выстаўка-прэзентацыя інвестыцыйных і інавацыйных праектаў рэгіёна, на якой будуць прадстаўлены лепшыя прапановы па прыярытэтных напрамках развіцця вобласці.
«Ужо сёння можна адзначыць высокі ўзровень праяўленай зацікаўленасці да гэтага мерапрыемства з боку прадпрымальнікаў як Еўрасаюза, так і краін СНД, інстытутаў вышэйшай улады і міжнароднай бізнес-эліты менавіта з прычыны яго значнага эканамічнага складніка», — адзначыў Яўген Якімаў.
Звязда, 16 кастрычніка 2014