Лідар легендарнай украінскай групы "Воплі Відаплясава" Алег Скрыпка выступіць на фолк-фестывалі "Камянiца" з эксклюзіўным танцавальным DJ-сэтам у стылі world music.
"DJ-выступленне Алега Скрыпкі на нашым фестывалі ў 2011 годзе стала адным з лепшых момантаў за ўсю гісторыю "Камяніцы" - з таго часу нас многія прасілі запрасіць яго яшчэ раз. Думаю, што за тры гады ўсе паспелі засумаваць па Алегу, а ён паспеў сабраць у сваю сусветную фолк-калекцыю новыя яркія песні для беларускай публікі, так што будзем рады зноў сустрэцца на нашай сцэне", - адзначыў каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.
У сваю чаргу лідар групы "Воплі Відаплясава" падкрэсліў, што з задавальненнем прыедзе на фестываль "Камяніца". "Мінулы раз я быў уражаны і пляцоўкай, і публікай. Лічу, што этнічны фестывальны рух цяпер вельмі важны. Ён аб`ядноўвае народ, аб`ядноўвае краіны і дапамагае выбудоўваць гарманічныя міжнародныя адносіны", - лічыць артыст.
Імёны астатніх удзельнікаў фестывалю, а таксама цэны на білеты, паводле інфармацыі арганізатараў, будуць аб`яўлены на наступным тыдні. Вядома, што ў ім, акрамя Беларусі і Украіны, прымуць удзел прадстаўнікі яшчэ трох краін. У мінулыя гады на "Камяніцу" прыязджалі "Даха Браха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), "Іван Купала" (Расія) і іншыя выканаўцы. Гледачоў таксама чакаюць народныя забавы, рамёствы і стравы нацыянальнай кухні.
Шосты па ліку фолк-фестываль "Камяніца" пройдзе 6 верасня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Усе сродкі ад продажу білетаў ідуць на рахункі гэтага музея, што дапамагае захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.
Форум праводзіцца пры падтрымцы ААТ "Банк БелЗЭБ".
20 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА