На зніжэнне аб`ёму золатавалютных рэзерваў Беларусі ў ліпені 2014 года аказала ўплыў пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце, а таксама змяншэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў, паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.
Падтрыманню золатавалютных рэзерваў садзейнічала станоўчае сальда куплі-продажу Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, гаворыцца ў паведамленні.
Па выніках ліпеня ЗВР Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ зменшыліся на 216,8 млн. долараў ЗША і, паводле папярэдніх звестак, на 1 жніўня склалі 6 млрд. 209,2 млн. долараў у эквіваленце.
Варта ўлічваць, што ў канцы чэрвеня ў Беларусь паступіў брыдж-крэдыт "Банка ВТБ" (Расія) на 2 млрд. долараў, які быў поўнасцю накіраваны на папаўненне золатавалютных рэзерваў. А ў ліпені ў Беларусь паступілі сродкі дзяржаўнага крэдыту Расіі на 450 млн. долараў ЗША.
Такім чынам, без уліку расійскага крэдытавання зніжэнне ЗВР з пачатку года склала б некалькі мільярдаў долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 жніўня 2014