Адпаведнае рашэньне кіраўнік Беларусі прыняў 28 ліпеня пасьля сустрэчы зь Ігарам Ляшэнкам і кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Андрэем Кабяковым.
Падчас размовы Аляксандар Лукашэнка ўскосна выказаўся наконт экс-старшыні Белнафтахіма Ігара Жыліна:
«Кіраўніка зь вядомых прычынаў там няма. Але гэта ягоныя (Ігара Жыліна, экс-старшыні Беланафтахіма. — Рэд.) праблемы. Я ўсіх папярэджваў, што прабачэньня нікому ня будзе, калі людзі паводзяць сябе непрыстойна і глядзяць у дзяржаўную кішэню, нічога туды не паклаўшы. Гэта грамадзтву вядома».
Інфармацыя пра арышт старшыні канцэрну Ігара Жыліна зьявілася ў інтэрнэце вечарам 2 ліпеня. Паводле крыніцы сайту «Хартыя-97», Жыліна арыштавалі 1 ліпеня і зьмясьцілі ў СІЗА.
Паводле інфармацыі агенцтва Белапан, супраць Ігара Жыліна распачатая крымінальная справа паводле артыкула 424 — «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».
Амбасада Расеі ў Беларусі пацьвердзіла Радыё Свабода, што ёй вядома пра затрыманьне Ігара Жыліна.
Пазьней на рэсурсе tut.by са спасылкай на ўласныя крыніцы была разьмешчаная інфармацыя пра тое, што Жыліна падазраюць у выкарыстаньні службовага мабільнага тэлефона ў асабістых мэтах. Нібыта Ігар Жылін разам з жонкай нагаварылі на 10 тысяч даляраў.
Ігар Жылін, якому ў студзені сёлета споўнілася 73 гады, родам з гораду Арджанікідзэ (цяпер Уладзікаўказ). Канцэрн ён узначаліў 4 лютага 2011 году. Да гэтага кіраваў прадпрыемствам «Гродна-Азот», а ў 1990–1993 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Расеі. З 2003 году працаваў тэхнічным кансультантам кампаніі «СреднеАзГаз» (Масква), з 2006 году — першым намесьнікам генэральнага дырэктара АТ «Энэрджы Інвэст» (Руставі, Грузія).
Радыё Свабода, 28 ліпеня 2014