Якія падзеі адбыліся 26 верасня і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 26 верасня
У 1629 годзе было падпісана перамір`е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, якім скончылася вайна 1600-1629 гадоў.
У 1964 годзе быў утвораны курортны пасёлак Нарач.
У 1990 годзе было заснавана Беларускае таварыства архівістаў.
Хто нарадзіўся 26 верасня
1788 год: Іван Насовіч, беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст, стваральнік "Слоўніка беларускай гаворкі".
1910 год: Уладзімір Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
1925 год: Навум Кіслік, беларускі пісьменнік.
Таксама сёння нарадзіліся нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер.
26 верасня ў народным календары
Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць Карнілія – рымскага сотніка, які прыняў хрысціянства дзякуючы апосталу Пятру.
У народзе святога Карнілія называлі Карней, і па сугуччы з яго іменем казалі, што настаў час прыбіраць апошнія карняплоды з агародаў. Лічылася, што з гэтага дня ўсе расліны спыняюць рост.
Напярэдадні іншага вялікага царкоўнага свята – Узвіжання – казалі: "Узвіжання чакай, а рэпу вырывай".
26 верасня звярталі ўвагу на птушак: калі ўсе гракі ўжо паляцелі ў вырай, хутка выпадзе снег. А калі з дамашняй птушкі пер`е так і ляціць – зіма будзе цёплай, але снежнай.
Sputnik, 26 верасня 2023