Рэалізацыя інвестпраекта па вытворчасці ў Барысаўскім раёне легкавых аўтамабіляў абмяркоўвалася 14 студзеня на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам.
"У пачатку нашай размовы можна сказаць: тое, аб чым марылі многія беларусы і, перш за ўсё, я, здзейснілася, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Беларускі аўтамабіль мы вырабілі разам з нашымі кітайскімі сябрамі і, паводле маіх даных, прыкладна 2,5 тыс. прадалі ў мінулым годзе. І попыт на такі тып аўтамабіляў ёсць не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны".
Прэзідэнт пацікавіўся наяўнасцю магчымых праблем у працэсе вытворчасці і рэалізацыі аўтамабіляў. "Вы цудоўна разумееце, што мы, вырабляючы ў Беларусі з кітайскімі сябрамі гэты аўтамабіль, умешваемся ў святая святых перш за ўсё Расіі. Мы будзем яго прадаваць па ўсім свеце, у тым ліку ў Расіі і Казахстане, - адзначыў беларускі лідар. - Мяне цікавіць сённяшняя рэакцыя расійскага аўтапрамаўскага лобі. Але, я так разумею, у Расіі гэты аўтамабіль атрымаў усе дазволы і сертыфікаваны. Мы маем магчымасць яго там прадаваць. У сувязі з гэтым - пытанне ўтылізацыйнага збору. Як яно вырашаецца? Лічу, што трэба і кітайскіх таварышаў да гэтага падключаць і вырашаць гэту праблему, калі яна існуе".
"Справа нашага гонару гэты аўтамабіль вырабіць менавіта ў такіх аб`ёмах і ў тыя тэрміны, якія мы плануем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Аўтамабіль добры, ён карыстаецца попытам. Значыць, трэба яго вырабляць. Больш таго, нямала нашых буйных прадпрыемстваў атрымліваюць заказы на вытворчасць камплектуючых. Таму гэта вельмі важны навукаёмісты інавацыйны праект, і мы яго абавязкова павінны рэалізаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым вытворчасць у Беларусі айчыннага легкавога аўтамабіля на ўзроўні сусветных стандартаў Прэзідэнт паставіў у адзін рад з рэалізацыяй праектаў у сферы космасу і будаўніцтвам АЭС.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у Барысаве ўжо рэалізаваны першы этап па стварэнню зборачнай вытворчасці магутнасцю 10 тыс. аўтамабіляў у год. У далейшым прадугледжваецца стварэнне экспартаарыентаванай вытворчасці магутнасцю 120 тыс. аўтамабіляў у год. Праект плануецца рэалізаваць сумесна з кітайскай кампаніяй "Джылі". "Мы выкарыстоўваем іх вопыт. Гэта вялікая, адна з вядучых кампаній, якая вырабляе некалькі соцень тысяч аўтамабіляў у год і мае даволі добрую рэпутацыю на рынках. У цэлым праект ацэньваецца прыкладна ў $650 млн, у тым ліку інвестыцыі ў асноўны капітал - амаль $450 млн", - расказаў ён.
Урадам распрацаваны праект указа Прэзідэнта "Аб некаторых пытаннях арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў". "Мы не спяшаліся з гэтым указам, таму што трэба было стварыць магутнасці па буйнавузлавой зборцы і паглядзець, як рэагуе рынак на яшчэ аднаго вытворцу легкавых аўтамабіляў", - сказаў прэм`ер-міністр.
Міхаіл Мясніковіч прызнаў, што ўмовы рэалізацыі няпростыя, паколькі толькі ў Расіі цяпер працуюць каля трох дзясяткаў прадпрыемстваў па зборцы легкавых аўтамабіляў. І ў гэтым плане неабходна працаваць як над скарачэннем выдаткаў, так і імкнуцца да таго, каб у Беларусі фарміравалася максімальная дабаўленая вартасць, а адпаведна зарплата рабочых, падатковыя паступленні. Адначасова і ў кітайскага боку павінна быць зацікаўленасць працаваць у Беларусі і сумесна вырабляць аўтамабілі. "Тут не можа быць аднабаковай выгады. Праект павінен быць узаемавыгадным, і да гэтага мы імкнёмся. Гэта закладзена ў аснове праекта ўказа", - падкрэсліў прэм`ер-міністр.
Што датычыцца пэўных цяжкасцей, у тым ліку ўвядзення ў Расіі ўтылізацыйнага збору, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што "для таго, каб забяспечыць належны ўзровень даходнасці і канкурэнтаздольнасці, гэтыя пытанні будуць вырашацца і эканамічнымі, і палітычнымі метадамі".
Урад таксама паставіў задачу перад Міністэрствам прамысловасці і непасрэдна перад сумесным прадпрыемствам па арганізацыі неабходнага сэрвіснага абслугоўвання вырабленых аўтамабіляў. "Па якасных характарыстыках тут вялікіх пытанняў не павінна быць. Прынамсі, ад тых, хто набыў для асабістых або вытворчых мэт, сур`ёзных нараканняў мы пакуль не чулі", - адзначыў прэм`ер-міністр.
Улічваючы бурнае развіццё аўтамабільнага рынку, у далейшым таксама плануецца весці праектаванне і асваенне выпуску новых мадэлей з лепшымі якаснымі характарыстыкамі і па даступных цэнах.
Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу паступова павышаць лакалізацыю пры вытворчасці аўтамабіляў.
"У адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай, нам неабходна мець на прамзборцы 30 працэнтаў і больш. Мы лічым, што за кошт кузава (зборкі, фарбавання і зваркі) мы забяспечым каля 30 працэнтаў і не менш як 20 працэнтаў мы зробім лакалізацыю за кошт аўтакампанентаў і рызінатэхнічных вырабаў", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
14 студзеня 2014, Мінск
БЕЛТА