https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Большасць святочных мерапрыемстваў у Дзень горада, 14 верасня, пройдзе ў раёнах Мінска


Аб гэтым 10 верасня паведаміла журналістам начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава.
"У гэтым годзе акцэнты свята перанесены з цэнтральнай часткі Мінска ў раёны горада. Мерапрыемствы пройдуць у асноўным у паркавых зонах, у тым ліку ў Лошыцкім парку, парку імя Паўлава, на тэрыторыі студэнцкай вёскі, - адзначыла Віталіна Рудзікава. - Галоўныя ўрачыстасці пройдуць у суботу, 14 верасня. Усяго з 13 па 15 верасня ў сталіцы будзе арганізавана больш за 70 мерапрыемстваў, з іх каля 50 - у раёнах горада".

Начальнік упраўлення культуры падкрэсліла, што значная колькасць мерапрыемстваў пройдзе на тэрыторыі Верхняга горада, у перспектыве яна стане пешаходнай. У гэтым годзе адмовіліся ад вялікіх сцэнічных пляцовак каля Палаца спорту, парку Перамогі (там пройдзе раённае свята).

Да Дня горада ў Мінску прымеркавана адкрыццё аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Пралогам да свята стане цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў гарадскога конкурсу "Лепшы па прафесіі" 13 верасня ў Палацы культуры прафсаюзаў.

14 верасня свята адкрыецца ўрачыстым ускладаннем кветак да стэлы "Мінск - горад-герой". Прадоўжыць праграму цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

На тэрыторыі Верхняга горада запланавана рэканструкцыя быту эпохі канца 18 - пачатку 19 стагоддзя. Выступленні музыкантаў, старадаўнія беларускія гульні, танцы, выстаўкі работ рамеснікаў дадуць магчымасць стварыць атмасферу свята. На Ратушнай плошчы запланавана праграма ў рамках музычна-турыстычнага сезона, які завершыцца ў Дзень горада. Увечары каля Мінскай гарадской ратушы прагучаць песні пра Мінск у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Традыцыйна ў канцэртнай зале "Верхні горад" пройдзе шлюбная цырымонія для дзевяці пар з усіх раёнаў Мінска.

У гарадской ратушы ў гэты дзень адкрыецца музейная экспазіцыя "Картаграфічны кабінет", на якой будуць прадстаўлены карты з першым згадваннем Мінска, а таксама карты сталіцы і яе мясцовасці 19-20 стагоддзяў, план горада 1800 года.

Захапляючая праграма чакае мінчан і гасцей свята на зялёнай зоне ўздоўж праспекта Пераможцаў паміж стэлай "Мінск - горад-герой" і Палацам спорту. Тут пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі. "Мерапрыемствы фестывалю адновяць атмасферу высакароднага сярэдневяковага рыцарства, гераічную абстаноўку ваенных лагераў першай і другой сусветных войнаў, - расказала Віталіна Рудзікава. - Фінальнай кропкай стане канцэртная праграма з удзелам ансамбля сярэдневяковай музыкі і фаер-шоу".

На пляцоўцы каля Палаца спорту пройдзе трэці фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Мастацтва жыць, тварыць мастацтва", у якім прымуць удзел больш за 100 адораных людзей.

Незвычайна яркай будзе пешаходная вуліца Карла Маркса, на якой пройдуць фінальныя мерапрыемствы праекта "Вулічны тэатр у Мінску". Карнавальным шэсцем ад Міхайлаўскага сквера да пешаходнай вуліцы пройдуць артысты з Беларусі і краін блізкага замежжа, якія працуюць у жанрах буфанады, клаўнады, інтэрактыўнага і эксперыментальнага пластычнага тэатра. На самой вуліцы Карла Маркса на працягу двух дзён у мінчан будзе магчымасць прыняць удзел у майстар-класах тэатральнага майстэрства.

У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе 14 верасня запланавана свята народнай творчасці і выстаўка-кірмаш "Горад майстроў". У канцэртнай праграме прымуць удзел творчыя калектывы і выканаўцы, якія перамаглі ў гарадскім фестывалі самадзейнай творчасці "Сузор`е". У парку імя Горкага ў Дзень горада адбудзецца адкрыццё фестывалю нацыянальных культур.

У Дзень горада асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца правядзенню цікавых для моладзі мерапрыемстваў, падкрэсліла Віталіна Рудзікава. Так, у студэнцкай вёсцы пройдзе канцэрт з удзелам маладых выканаўцаў і групы, будзе гучаць альтэрнатыўная музыка. Кульмінацыяй канцэрта стане выступленне групы "Без білета". Тут таксама падвядуць вынікі фотаконкурсу "Мая сталіца - Мінск", арганізаванага Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ.

Для маленькіх мінчан цікавыя і вясёлыя мерапрыемствы пройдуць на пляцоўках каля Палаца дзяцей і моладзі, Дзіцячай чыгункі і ў паркавых зонах.

Тэматычныя мерапрыемствы прадугледжаны 14-15 верасня ва ўсіх установах культуры, музеях, кінатэатрах, клубах. Больш падрабязны план мерапрыемстваў размешчаны на сайце Мінгарвыканкама. Начальнік упраўлення культуры таксама адзначыла, што ў месцах масавых гулянняў будуць распаўсюджвацца флаеры з планам-схемай усіх запланаваных у Дзень горада мерапрыемстваў.

Гісторыя свята пачалася з 2001 года, калі другія выхадныя верасня сталі лічыцца Днём горада Мінска. У 2013 годзе Мінск адзначае 946-годдзе з даты першага згадвання ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1067 годзе. Дэвіз свята ў бягучым годзе - "Мой Мінск - мая сталіца, мой лёс, маё жыццё".

10 верасня 2013, Мінск
Вера Грамчакова - БЕЛТА
 
Дата публикации:10.09.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1731
 
Ключевые слова:
День города Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме