Так, у прыватнасці, "Белаграпрамбанк", адзін з найбуйнейшых трымальнікаў дэпазітаў насельніцтва, аб`явіў павышэнне з 12 верасня працэнтнай стаўкі па рублёвым укладзе "Старт!" з фіксаванай працэнтнай стаўкай з 35 да 40% гадавых.
"Хоўм Крэдыт Банк" 11 верасня павысіў працэнтную стаўку па ўкладзе "Лёгкі выбар" з 35 да 39% гадавых (у выпадку размяшчэння дэпазіту на тэрмін 30 дзён), да 40% гадавых (пры ўмове размяшчэння ўкладу на тры месяцы), 41% гадавых (у выпадку размяшчэння ўкладу на 180 дзён).
У сваю чаргу "Альфа-Банк" (Беларусь) з 11 верасня павысіў фіксаваную стаўку па дэпазіце "Альфа-Хіт" з 33 да 38% гадавых (па ўкладзе на два месяцы), з 35 да 38% гадавых у выпадку размяшчэння дэпазіту на месяц.
Як паведамлялася раней, у пачатку жніўня падчас пашыранага пасяджэння праўлення Нацыянальны банк Беларусі рэкамендаваў банкам захоўваць працэнтныя стаўкі па рублёвых укладах на прыцягальным узроўні (у раёне 35%), але не завышаць іх. Цягам жніўня і ў пачатку верасня многія банкі прытрымліваліся названага ўзроўню працэнтных ставак.
Між тым эксперты ў пачатку верасня прагназавалі БелаПАН, што магчымы далейшы рост працэнтных ставак на грашовым рынку.
"Перадумовы для абясцэньвання курсу беларускага рубля існуюць, і, каб нейтралізаваць верагоднасць далейшага аслаблення курсу, можа спатрэбіцца новае павышэнне працэнтных ставак па ўкладах", — выказваў меркаванне эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Рост працэнтных ставак можа адбыцца ў сувязі з магчымым нарастаннем націску на валютны рынак, мяркуе эксперт.
"Павялічваецца дэфіцыт у гандлёвым балансе, сітуацыя з экспартам калійных угнаенняў застаецца няпэўнай. Апрача таго, існуюць планы Расіі скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале гэтага года", — канстатаваў Крук. Такім чынам, зазначыў эксперт, націск на валютны рынак восенню можа ўзмацніцца.
Варта зазначыць, што летам у Беларусі паскорыліся тэмпы зніжэння курсу беларускага рубля адносна долара. Калі за студзень—май курс рубля знізіўся адносна долара на 1,28%, то за першае паўгоддзе — на 2,57%, за студзень—ліпень — на 3,62%, за студзень—жнівень — на 4,9%.
Нацыянальны банк 11 верасня паведаміў, што ў верасні стаўка рэфінансавання застанецца на ранейшым узроўні (23,5% гадавых).
Пры гэтым у галоўным банку краіны зазначаюць, што падтрыманне нязменнай стаўкі рэфінансавання ў ліпені і жніўні "дазволіла аднавіць прырост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва, зменшыць попыт на замежную валюту з боку насельніцтва і прадпрыемстваў, а таксама садзейнічала далейшаму запавольванню інфляцыйных працэсаў".
"Захаванне жорсткасці працэнтнай палітыкі будзе садзейнічаць падтрыманню стабільнасці на ўнутраным валютным рынку, забяспечыць высокі ўзровень даходнасці рублёвых дэпазітаў, які перавышае даходнасць дэпазітаў у замежнай валюце, што будзе садзейнічаць прытоку рублёвых зберажэнняў насельніцтва ў банкі", — зазначылі ў Нацбанку.
Нагадаем, да канца 2013 года было запланавана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 13-15% гадавых.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2013