Паводле звестак перапісу насельніцтва Беларусі, на 14 кастрычніка 2009 года ў краіне пражывала 30 тыс. непісьменных 15 гадоў і больш, ці 0,4% агульнай колькасці насельніцтва гэтага ўзросту. Гэта ў асноўным асобы, якія не мелі магчымасці наведваць школу з-за цяжкіх фізічных і разумовых недахопаў. Такім чынам, узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва Беларусі, як і ў развітых краінах свету, набліжаецца да 100% і складае 99,6%.
"Такія вынікі дасягнутыя дзякуючы палітыцы дзяржавы, накіраванай на развіццё сістэмы адукацыі, павышэння яе якасці і даступнасці. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі замацаваны прынцып абавязковай агульнай базавай адукацыі", — заяўляе Белстат.
Расходы дзяржавы на адукацыю ў 2012 годзе склалі 27,2 трлн. рублёў, ці 17,5% ад усіх расходаў кансалідаванага бюджэту (у 2005 годзе — 13,3%). Доля расходаў на адукацыю ў валавым унутраным прадукце краіны склала 5,1% (у Расіі ў 2011 годзе — 4,1%, Казахстане ў 2011 годзе — 3,6%).
Па выніках шматіндыкатарнага кластарнага абследавання па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын (МІКС4), праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам у 2012 годзе, у Беларусі пісьменнасць маладых жанчын і мужчын 15—24 гадоў з`яўляецца ўсеагульнай (узровень пісьменнасці склаў 100%), прычым адрозненняў у залежнасці ад месца пражывання, рэгіёну, узроўню дабрабыту і іншых прыкмет не выяўлена.
У 2012 годзе па колькасці грамадзян, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю і адукацыю пасля ВНУ, у разліку на 10.000 чалавек (621 чалавек) Рэспубліка Беларусь сярод краін СНД саступала толькі Расіі (660 чалавек), але ў той жа час апярэджвала такія развітыя дзяржавы, як Швецыя (497 чалавек), Нарвегія (466 чалавек), Аўстрыя (434 чалавекі), Францыя (362 чалавекі), Італія (330 чалавек).
Больш чым 40 гадоў таму, у 1966 годзе, па рэкамендацыі Сусветнай канферэнцыі міністраў адукацыі па ліквідацыі непісьменнасці, якая адбылася ў Тэгеране ў верасні 1965 года, дзень 8 верасня быў аб`яўлены ЮНЕСКА штогадовым Міжнародным днём пісьменнасці.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 верасня 2013