Некалькі прадпрыемстваў будуць выключаны са складу канцэрна "Беллегпрам" у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 748 ад 26 жніўня 2013 года.
Згодна з дакументам, са складу Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці выйдуць ААТ "Брэсцкая швейная фірма "Надзея", ААТ "Брэсцкая трыкатажная фірма "Элма", сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Ланатэкс", а таксама беларуска-чэшскае СТАА "Смілавіцкі гарбарны завод".
Пастанова нумар 748 уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Канцэрн "Беллегпрам" быў утвораны ў 1992 годзе. Цяпер з`яўляецца аб`яднаннем юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якое падпарадкавана ўраду Беларусі. Канцэрн прадстаўляе інтарэсы 109 арганізацый (з колькасцю работнікаў 66 тыс. чалавек) рознай формы ўласнасці, у тым ліку 19 - дзяржаўнай і 90 - прыватнай. Больш як 87 працэнтаў гэтых арганізацый - прамысловыя прадпрыемствы.
29 жніўня 2013, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА