Прэм`ер-міністр наведаў сялянскую фермерскую гаспадарку "Цнянскія экапрадукты", ТАА "Паліпрынт", дзе вырабляюць паліграфічную прадукцыю, ТАА "Металлект" (вытворчасць інструменту для машынабудавання), агледзеў у Лагойску экспазіцыю імпартазамяшчальных тавараў, якія выпускаюць прадпрыемствы Мінскай вобласці.
Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, Мінская вобласць шмат робіць у галіне нарошчвання экспарту і аптымізацыі імпарту, прычым ажыццяўляе гэта за кошт малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Сталічны рэгіён лідзіруе ў гэтай справе сярод іншых абласцей рэспублікі. За 7 месяцаў бягучага года забяспечаны прырост новых юрыдычных асоб у вытворчай сферы. Гэты прырост склаў 39 працэнтаў новых прадпрыемстваў, створаных у бягучым годзе па краіне.
"Мы можам больш рабіць для патрэб экспарту і, зразумела, такім чынам вырашаць пытанні імпартазамяшчэння", - лічыць Міхаіл Мясніковіч. Імпартазамяшчэнне не самамэта, галоўнае - трэба рабіць канкурэнтаздольны на сусветных рынках тавар. "Калі мы нават штосьці і будзем набываць па імпарту, то нам трэба мець пэўны аб`ём валюты, а валюта фарміруецца за кошт экспарту, - дадаў ён. - Будзем вырабляць на экспарт больш канкурэнтаздольнай прадукцыі і такім чынам балансаваць аб`ём знешняга гандлю".
Прэм`ер-міністр канстатаваў, што пакуль Беларусь у знешнім гандлі таварамі мае адмоўнае гандлёвае сальда, але па суме тавараў і паслуг ужо другі год рэспубліка мае дадатнае сальда.
Урад прымае справаздачы абласцей па рабоце ў сферы імпартазамяшчэння. Сёння ў Лагойску дае справаздачу Мінская вобласць. На справаздачы аблвыканкама прысутнічаюць усе кіраўнікі, якія адказваюць за развіццё эканомікі, а таксама прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу.
Паводле ацэнкі прэм`ер-міністра, у Мінскай вобласці ў працэс імпартазамяшчэння ўключаецца малы і сярэдні бізнес, вопыт Мінскай вобласці неабходна пераняць іншым рэгіёнам. На малых і сярэдніх прадпрыемствах вобласці ёсць цікавыя высокатэхналагічныя распрацоўкі, прадукцыя выпускаецца па поўнаму тэхналагічнаму цыклу, яна навукаёмістая, энерганасычаная, таму канкурэнтаздольная. Экспарт некаторых відаў прадукцыі ў агульным аб`ёме вытворчасці дасягае 80 працэнтаў, прытым што доля імпарту ў выпуску такой прадукцыі дасягае 30 працэнтаў.
"Гэта нармальны шлях развіцця, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Трэба, каб прыватны бізнес дапаўняў дзяржаўны, для гэтага дзяржава павінна ствараць адпаведныя камфортныя ўмовы. Дзяліць, адбіраць - гэта апошняя справа, трэба прырастаць". Прырост, паводле яго слоў, можна забяспечыць менавіта за кошт малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Яны мабільныя, лепш выжываюць у складаных сітуацыях, могуць даволі спакойна перажыць правалы ў сусветнай эканоміцы, паколькі калектывы невялікія і з`яўляюцца непрыкметнымі на фоне агульнай масы працоўных рэсурсаў.
28 жніўня 2013, Лагойск
Лілія Крапівіна - БЕЛТА