На дзвюх сцэнах фестывалю пад адкрытым небам выступілі выканаўцы з Германіі, Расіі, Бураціі, Курдыстана і Беларусі.
Па добрай традыцыі, партнёрам фестывалю выступіў Інстытут імя Гётэ ў Мінску, а хэдлайнерам сёлета стаў нямецкі гурт Feindrehstar.
Акрамя таго, перад гасцямі выступілі: расійскі калектыў Theodor Bastard, гурт Namgar з Бураціі, легендарны беларуска-нямецкі калектыў KRIWI на чале з выдатнай фронтвумен Веранікай Кругловай, праект "Вольскі і Аракелян". Прыемным сюрпрызам стала выступленне ўнікальнага беларуска-курдыстанскага праекта Масуда Талебані Awindar, у чыёй музыцы спалучаюцца курдскія, персідскія, беларускія народна-песенныя традыцыі.
Маладую хвалю этна-музыкі на фестывалі прадставіў гурт Re1ikt, які эксперыментуе з народнымі песнямі і актуальнымі кірункамі рок-музыкі.
Падчас фестывалю ў чарговы раз прайшоў адкрыты турнір Шаблі па кіданні каровіных кізякоў. Госці маглі праехаць на 200-метровым тралеі, наведаць традыцыйны кірмаш, розныя забаўляльныя тэматычныя зоны і набыць сувеніры ручной працы.
БелаПАН, 25 жніўня 2013